viasna on patreon

Беларусь у Генасамблеі ААН зноў галасавала супраць рэзалюцыі па Крыме

2016 2016-12-20T14:43:26+0300 2016-12-20T14:43:31+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ukrain-un.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Вынікі галасавання па рэзалюцыі па Крыме. Фота прадстаўніцтва Украіны ў ААН

Вынікі галасавання па рэзалюцыі па Крыме. Фота прадстаўніцтва Украіны ў ААН

Генеральная Асамблея Арганізацыі Аб'яднаных Нацый зацвердзіла рэзалюцыю аб парушэнні краінай-акупантам Расійскай Федэрацыяй правоў чалавека ў Аўтаномнай Рэспубліцы Крым.

Разгляд рэзалюцыі "Становішча ў галіне правоў чалавека ў Аўтаномнай Рэспубліцы Крым і горадзе Севастопаль (Украіна)" адбыўся 19 снежня. Дакумент падтрымалі 70 краінаў ААН, 77 краінаў устрымаліся і 26 прагаласавалі супраць, паведамляе УНІАН. У спісе краінаў, якія галасавалі супраць рэзалюцыі, значыцца і Беларусь.

Згодна з дакументам, Расія павінна прыняць усе неабходныя меры, каб неадкладна пакласці канец ўціску правоў чалавека ў дачыненні да жыхароў Крыма, спыніць дыскрымінацыйныя меры і практыкі, неабгрунтаваныя затрыманні, катаванні і іншыя жорсткія, бесчалавечныя або прыніжаючыя годнасць віды абыходжання і адмяніць усё дыскрымінацыйнае заканадаўства.

Сябры ААН заклікалі РФ неадкладна вызваліць украінскіх грамадзянаў, якія былі незаконна затрыманыя і асуджаныя без уліку элементарных нормаў адпраўлення правасуддзя, а таксама тых, хто быў пераведзены праз міжнародна прызнаныя межы з Крыма ў Расійскую Федэрацыю. Таксама яна павінна вырашыць праблему беспакаранасці і забяспечыць, каб прызнаныя вінаватымі ў парушэнні правоў чалавека былі прыцягнутыя да адказнасці ў незалежным судзе.

У рэзалюцыі падкрэсліваецца неабходнасць стварэння і наступнай падтрымкі бяспечных і спрыяльных умоў для журналістаў і праваабаронцаў з тым, каб яны маглі выконваць сваю працу ў Крыме незалежна і без неапраўданага ўмяшання. Генасамблея заклікала РФ дазволіць адкрыць культурныя і рэлігійныя ўстановы.

Пры гэтым Расія павінна неадкладна адмяніць рашэнне аб аб'яўленні Меджліса крымскататарскага народа экстрэмісцкай арганізацыяй і забароне яго дзейнасці, а таксама скасаваць рашэнне аб забароне лідэрам Меджліса ўезду на тэрыторыю Крыма.

У Генасамблеі заклікалі РФ неадкладна пачаць супрацоўнічаць у поўным аб'ёме з Упраўленнем вярхоўнага камісара па правах чалавека, Арганізацыяй па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) і Саветам Еўропы па пытанні правоў чалавека ў Крыме. Разам з тым, у рэзалюцыі гаворыцца, што Генеральная Асамблея "настойліва заклікае Расійскую Федэрацыю забяспечыць належны і бесперашкодны доступ міжнародных місій па назіранні за становішчам у галіне правоў чалавека і праваабарончых няўрадавых арганізацый у Крым, прызнаючы, што міжнародная прысутнасць у Крыме мае першараднае значэнне для прадухілення далейшага пагаршэння сітуацыі", цытуе УНІАН.

Нагадаем, 15 лістапада на паседжанні Трэцяга камітэта Генасамблеі ААН была адобрана ініцыяваная Украінай рэзалюцыя аб парушэнні правоў чалавека ў Крыме, якая стала першым міжнародным дакументам, дзе пазначана, што РФ з'яўляецца дзяржавай, якая акупавала ўкраінскія тэрыторыі. Напярэдадні галасавання Беларусь спрабавала заблакаваць разгляд рэзалюцыі, аднак яе прапанову падтрымалі толькі 32 краіны, 37 устрымаліся і 101 выступіла супраць.

Генасамблея ААН заклікала Расійскую Федэрацыю як дзяржаву-акупанта выканаць усе абавязальніцтвы ў адпаведнасці з нормамі міжнароднага права.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства