Праваабаронцы: Сітуацыя з правамі чалавека застаецца ў Беларусі замарожанай
Мінск, 10 снежня. У сферы правоў чалавека ў Беларусі за апошні год адбыліся некаторыя станоўчыя змены, аднак праблема іх захавання па-ранейшаму актуальная. Такое меркаванне БелаПАН выказалі беларускія праваабаронцы з нагоды Міжнароднага дня правоў чалавека, які адзначаецца 10 снежня.
"Сітуацыя з правамі чалавека застаецца замарожанай. З тых часоў, як у мінулым годзе ўлады выпусцілі палітвязняў, ніякіх істотных змен не адбываецца. Улады працягваюць кантраляваць грамадзкую актыўнасьць. Пры гэтым жорсткія практыкі кантролю замянілі на больш мяккія - гэта вельмі заўважна па адміністрацыйных працэсах у дачыненні да палітычных актывістаў, якія звычайна сканчаюцца штрафамі", - адзначыў кіраўнік пазбаўленага рэгістрацыі ў 2003 годзе праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі.
Праваабаронца звярнуў увагу, што адмена санкцый Еўрасаюза ў лютым 2016 года стала больш стрымліваючым фактарам для рэпрэсій у дачыненні да грамадзянскай супольнасці. Тым не менш, ціск на палітычна актыўных грамадзян працягваецца.
"Напрыклад, колькасць пакараных за правядзенне мірных сходаў у гэтым годзе, па нашых падліках, павялічылася ў тры разы. Штрафы памерам 300-500 даляраў б'юць па кішэні", - дадаў праваабаронца.
Такім чынам, лічыць Бяляцкі, улады працягваюць абмяжоўваць грамадскую актыўнасць грамадзян, і ніякіх станоўчых зменаў у цэлым тут не адбываецца. Эксперт звярнуў увагу на тое, што трансфармацыі адсутнічаюць на заканадаўчым узроўні.
"Сітуацыя не выпраўляецца. Гэта значыць, што ў любы момант пры змене палітычнай кан'юктуры мы зноў можам вярнуцца ў жорсткае супрацьстаянне грамадзянскай супольнасці і ўладаў. Гэта нас турбуе, перыяд пэўнай лібералізацыі мы ўжо перажывалі ў 2007-2008 гадах, але мы памятаем, чым усе скончылася пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года", - падкрэсліў ён.
Бяляцкі скептычна ставіцца да прыняцця Беларуссю ў кастрычніку Нацыянальнага плана па правах чалавека. "Пакуль ацэньваць план рана. Дзесяткі, калі не сотні, пастаноў урада не выконваліся або спускаліся на тармазах. Тут павінна быць палітычная воля для змены агульнага палітычнага клімату ў краіне, а яе на сёння няма", - лічыць праваабаронца.
З'яўленне "як пазітыўных, так і сумных нюансаў" у сферы выканання правоў чалавека ў 2016 годзе ў Беларусі адзначыў старшыня РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт" Алег Гулак.
"Сум у тым, што нейкага сістэмнага пералому на практыцы няма. Станоўчым момантам пры гэтым стала з'яўленне Нацыянальнага плана па правах чалавека, які надаў сферы больш-менш выразны кірунак. Важна, што Беларусь пазначыла гэтыя намаганні, а не працягнула дэманстраваць свой адмысловы шлях з усімі вынікаючымі з гэтага наступствамі", - сказаў праваабаронца.
Гулак падкрэсліў, што, нягледзячы на іх змякчэнне, рэпрэсіўныя практыкі ў дачыненні да грамадзян, якія ўдзельнічаюць у мірных сходах, працягваюцца. "Гэта сведчыць аб адсутнасці сістэмных зменаў ва ўспрыманні ўладамі права на мірныя сходы", - дадаў ён.
Пры гэтым старшыня БХК лічыць, што ў некаторай лібералізацыі судовай практыкі ў дачыненні да апазіцыйных актывістаў не варта перабольшваць ролю адмены санкцый ЕС. "Цяжка сказаць, што ў дадзеным выпадку з'яўляецца прычынай, а што следствам. Гатоўнасць пайсці насустрач прадэманстравалі і афіцыйныя ўлады, і ЕС, сваю ролю адыгралі геапалітычныя і эканамічныя фактары", - падкрэсліў Гулак.
Міжнародны дзень правоў чалавека прымеркаваны да гадавіны прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Гэты дакумент быў прыняты Генеральнай асамблеяй ААН 10 сьнежня 1948 года і стаў агульнай нормай, да дасягнення якой павінны імкнуцца народы ўсіх краін. Дэкларацыя абвяшчае правы асобы, грамадзянскія і палітычныя правы і свабоды - роўнасць усіх перад законам, права кожнага на свабоду і асабістую недатыкальнасць, свабоду сумлення і іншыя. Усе людзі, згодна з дэкларацыяй, маюць роўныя правы незалежна ад іх адрозненняў і розніцы ў палітычных сістэмах іх краін.