viasna on patreon

У Мінску адбылася прэзентацыя кнігі “Міхась Кукабака” Фота

2016 2016-12-09T16:47:38+0300 2016-12-09T16:54:26+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/1prezentacia_kukabaka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

9 снежня ў кнігарні “Логвінаў” падчас імпрэзы з нагоды Міжнароднага дня правоў чалавека адбылася прэзентацыя дакументальнай кнігі «Міхась Кукабака», прысвечанай самаму вядомаму беларускаму дысідэнту савецкіх часоў. Выданне, падрыхтаванае Праваабарончым цэнтрам “Вясна” і Цэнтрам даследванняў грамадзянскай супольнасці Беларусі, уяўляе сабой зборнік артыкулаў, інтэрв’ю і лістоў беларускага іншадумца.

У мерапрыемствеі ўдзельнічаў сам Міхась Кукабака, які ў пачатку снежня адзначыў сваё 80-годдзе. Прэзентавала кнігу старшыня Цэнтра даследванняў грамадзянскай супольнасці Беларусі Паліна Сцепаненка, якая распавяла пра гісторыю стварэння кнігі.

2prezentacia_kukabaka.jpg
Старшыня Цэнтра даследванняў грамадзянскай супольнасці Беларусі Паліна Сцепаненка

"Ідэю кнігі падаў Алесь Бяляцкі ў 2012 годзе пад час свайго знаходжання ў бабруйскай турме. Я атрымала ліст, у якім Алесь прасіў з’ездзіць нас у Маскву і ўзяць у Міхася Кукабакі вялікае інтэрв’ю. З таго часу мы пачалі актыўна працаваць над кнігай.

Кніга складаецца з чатырох частак. Першая частка – гэта аўтабіяграфія, якую напісаў сам Міхась Кукабака. Другая – гэта тое інтэрв’ю, якое было ўзята ў яго ў 2013 годзе ў Маскве. Наступная частка кнігі ўключае тэксты пра правы чалавека, якія пісаў беларускі іншадумец яшчэ ў 70-е гады. Таксама ў гэтым годзе да нас далучылася даследчыца беларускай эміграцыі Наталля Гардзіенка, і пры яе дапамозе ў кнізе з’явіўся важны раздзел пра ролю беларускай эміграцыі ў праваабарончым руху ў 50-е гады", - адзначыла Паліна Сцепаненка.

Пад час прэзентацыі кнігі праваабаронца Алесь Бяляцкі адзначыў, тэксты Кукабакі з’яўляюцца класікай беларускай дысідэнцкай публіцыстыкі. На думку старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна”, у сённяшнія часы займацца праваабаронай надзвычай лёгка.

3prezentacia_kukabaka.jpg
Старшыня Праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі

“Нягледзячы на наш вялікі вопыт праваабарончай дзейнасці, тое, праз што прайшлі савецкія дысідэнты, здаецца нечым неверагодным. Міхась Кукабака з’яўляецца рэдкім прыкладам чалавека, які ў тыя складаныя часы ўзяўся за тэму правоў чалавека і не спыніў гэтую працу, калі знаходзіўся за кратамі. У сваёй дзейнасці ён заўсёды прытрымліваўся прынцыпу мірнага супраціву. Ён – жывая легенда беларускай праваабарончай дзейнасці”, - сказаў Алесь Бяляцкі.

Дарэчы, змаганне Міхася Кукабакі са спадчынай савецкага мінулага працягваецца і зараз. Пад час свайго выступу на прэзентацыі ён распавёў, што напрацягу 10 апошніх гадоў спрабуе дамагчыся доступу да архіву інстытуту імя Сербскага, дзе захоўваюцца дакументы па яго справах 70-ых гадоў. Хоць Кукабака поўнасцю рэабілітаваны, і тэрмін сакрэтнасці ягонай справы даўно скончыўся, ён да гэтага часу не можа атрымаць гэтыя дакументы.

4prezentacia_kukabaka.jpg
Міхась Кукабака

Беларускія праваабаронцы выказалі спадзяванне, што супраца з Міхасём Кукабакам працягнецца пад час далейшых даследванняў беларускага дысідэнцкага руху.


Міхась Кукабака — ураджэнец Бабруйска, беларускі дысідэнт савецкіх часоў, які за свае перакананні, адстойванне правоў чалавека, свабоды слова і распаўсюд Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека амаль на 17 гадоў быў пазбаўлены волі. Жыве беларускі іншадумца ў Маскве.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства