viasna on patreon

Бандарэнка пра ўмовы ў магілёўскай турме: «Заклейваў на зіму акно камэры, дзіркі нават у шыбе»

2016 2016-12-08T14:24:04+0300 2016-12-08T14:33:33+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/turma-magileu.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Магілёўская турма №4

Магілёўская турма №4

Пра ўмовы ў магілёўскай турме распавёў у лісьце вязень Андрэй Бандарэнка. Бацька праваабаронцы Валер Бандарэнка зачытаў кавалкі з ліста карэспандэнту Радыё Свабода.

«Большасьць маіх лістоў адсюль не прапускаюць, некаторыя пішу па 5-6 разоў, але іх вяртаюць. Найперш гэта тычыцца лістоў, дзе пішу пра крымінальную справу, якую на мяне завялі ў турме нібыта за парушэньні рэжыму. Прыдумалі для іх прычыну, што гэта нібыта „інфармацыя пра крымінальную справу“, і таму не прапускаюць. Калі будзе суд, ня ведаю, але ведаю, што калі ў будынку турмы, дык на яго нікога з вас не пусьцяць. Меркаваў, што ўсяго празь некалькі месяцаў буду вольны, але цяпер думаю, не атрымаецца», — напісаў Андрэй Бандарэнка.

Праваабаронца адбывае ў Магілёўскай турме 3 гады зьняволеньня за злоснае хуліганства. У сакавіку будучага году тэрмін зьняволеньня для Бандарэнкі мае скончыцца, але ў лістападзе стала вядома, што на яго завялі новую крымінальную справу паводле 411-га артыкулу Крымінальнага кодэксу — за непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі. Цяпер Андрэю Бандарэнку пагражае яшчэ 2 гады калёніі.

Таксама Бандарэнка напісаў на волю, што ціск на яго працягваецца, адміністрацыя спрабуе накласьці спагнаньні за новыя парушэньні, каб падмацаваць абвінавачаньне.

«Нядаўна заклейваў на зіму акно камэры, дык нават у шыбе былі дзіркі. А наконт ціску дайшло да таго, што спрабавалі прычапіцца, нібыта, калі заклейваў акно, дык размаўляў з вязьнямі суседняй камэры. Добра, што аказалася, камэра ў гэты час была на прагулцы, дык адчапіліся. А што да сядзеньня на ложку ды іншых „парушэньняў рэжыму“ — за гэтым працягваюць пільна сачыць, каб было за што яшчэ пакараць», — паведаміў у лісьце Андрэй Бандарэнка.

Паводле Валера Бандарэнкі, ягоны сын зьвязвае працяглы ціск на сябе з праваабарончай дзейнасьцю: «Помсьцяць за справу Пцічкіна, за іншыя злачынствы міліцыянтаў у турмах, пра якія распавёў людзям».

Быўшы кіраўніком праваабарончай установы «Плятформа-інавэйшн», Андрэй Бандарэнка ў 2013 годзе шмат зрабіў для агалоскі справы аб сьмерці на «Валадарцы» вязьня Ігара Пцічкіна. У тым ліку Бандарэнка ўдзельнічаў у акцыі памяці Пцічкіна каля муроў турмы, на якой быў затрыманы і пакараны адміністрацыйным арыштам. Пасьля асуджэньня Андрэя Бандарэнкі ў 2014 годзе на тры гады зьняволеньня за злоснае хуліганства ўстанова «Плятформа-інавэшн» спыніла сваю дзейнасьць.

На судзе над Бандарэнкам у 2014 годзе думкі праваабаронцаў адносна палітычнага перасьледу свайго калегі падзяліліся.

Тыдзень таму шэраг прадстаўнікоў беларускіх праваабарончых арганізацыяў прынялі сумесную заяву, у якой папярэдзілі ўлады пра магчымасьць прызнаньня Андрэя Бандарэнкі палітвязьнем, калі да яго ў зьняволеньні будзе ўжыты 411-ы артыкул КК.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства