viasna on patreon

Барысаўскі праваабаронца пытаецца ў МЗС пра выкананне рашэння КПЧ ААН

2016 2016-12-01T16:14:03+0300 2016-12-01T18:53:49+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mackevich4.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Алег Мацкевіч

Праваабаронца Алег Мацкевіч

Праваабаронца Алег Мацкевіч накіраваў зварот ў Міністэрства замежных спраў Беларусі з пытаннямі наконт таго, як выконваюцца рэкамендацыі КПЧ ААН, якія Камітэт вынес год таму.

У 2009 годзе праваабаронцам з Барысава Алегу Мацкевічу і Марыне Статкевіч раённы выканкам адмовіў у правядзенні пікету, прымеркаванага да гадавіны прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.

Рашэнне Барысаўскага райвыканкаму было абскарджана па чарзе ў раённым судзе, у Мінскім абласным судзе і ў Вярхоўным Судзе Рэспублікі Беларусь, але безвынікова. Вычарпаўшы усе сродкі абароны права на свабоду мірных сходаў унутры краіны, у 2010 годзе праваабаронцы звярнуліся ў Камітэт па правах чалавека ААН. Праз 5 гадоў КПЧ ААН разгледзеў зварот Алега Мацкевіча і Марыны Статкевіч і прыйшоў да высновы, што адмова ў правядзенні пікету неабгрунтаваная, і беларускія ўлады сваімі дзеяннямі парушылі права заяўнікаў на мірныя сходы і на свабаду выказвання меркавання.

Камітэт у чарговы раз парэкамендаваў перагледзець заканадаўства “Аб масавых мерапрыемствах”, каб яно адпавядала патрабаванням Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, і прапанаваў кампенсаваць заяўнікам судовыя выдаткі і выплаціць належныя кампенсацыі. Спаслаўшыся на нормы МПГПП, Факультатыўнага пратаколу да МПГПП, Камітэт пажадаў атрымаць ад Беларусі цягам 180 дзён інфармацыю аб прынятых захадах па выкананні меркаванняў Камітэту, а таксама прапанаваў Рэспубліцы Беларусь апублікаваць прынятыя ім меркаванні і забяспечыць іх шырокі распаўсюд.

Зараз, праз 6 гадоў пасля першай спробы арганізаваць пікет, Алег Мацкевіч і Марына Статкевіч зноў падалі заяўку ў Барысаўскі раённы выканаўчы камітэт на правядзенне акцыі да Дня правоў чалавека 15 снежня і прыклалі да заявы рашэнне КПЧ ААН па папярэдняй справе.

Адначасова з заяўкай на новае мерапрыемства Алег Мацкевіч накіраваў зварот ў Міністэрства замежных спраў Беларусі з пытаннямі наконт таго, як выконваюцца рэкамендацыі КПЧ ААН, якія ён вынес год таму.

  1. Ці былі апублікаваныя Рэспублікай Беларусь прынятыя КПЧ меркаванні па паведамленні М. Статкевіч і А. Мацкевіча № 2133/2012? У якіх сродках масавай інфармацыі (друкаваных ворганах) можна азнаёміцца з прынятымі КПЧ меркаваннямі на беларускай і рускай мовах?
  2. Ці быў праінфармаваны КПЧ аб прынятых захадах Рэспублікай Беларусь па выкананні меркаванняў Камітэту цягам 180 дзён?
  3. Ці збіраецца Рэспубліка Беларусь пераглядаць сваё заканадаўства, у прыватнасьці, Закон “О массовых мероприятиях” з мэтай забяспячэньня правоў грамадзянаў у адпаведнасці з арт. 19 і 21 МПГПП?
  4. Якія дадатковыя захады Рэспубліка Беларусь зрабіла з мэтай прадухілення парушэнняў правоў грамадзянаў на свабоду мірных сходаў, на свабоду выказваньня сваіх меркаваньняў?
  5. Ці магу я разьлічваць на індэксаваную кампэнсацыю судовых выдаткаў, панесеных мной у працэсе судовага абскарджаньня рашэньня, якое парушыла мае канстытуцыйныя правы на свабоду мірных сходаў і свабоду выказваньня сваіх меркаваньняў?

Зараз барысаўскія праваабаронцы чакаюць адказы ад МЗС і ад райвыканкама наконт правядзення мерапрыемства 15 снежня. Яны мяркуюць, што паколькі зусім нядаўна ў краіне быў прыняты план па рэалізацыі рэкамэндацыяў ААН у сферы правоў чалавека, знайсці падставы для адмовы мясцовым уладам будзе дужа складана.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства