Віцебскія праваабаронцы занепакоеныя ўмовамі ўтрымання брытанца ў СІЗА № 2
Грамадзянін Вялікабрытаніі Алан Сміт знаходзіцца ў следчым ізалятары Віцебску ўжо два месяцы. Як паведамляе “Віцебская Вясна”, хаця мясцовыя праваабаронцы даведаліся пра крымінальную справу, распачатую ў дачыненні да жыхара Лондану, зусім нядаўна, у іх ёсць усе падставы падазраваць, што яго правы ўсяляк парушаюцца.
З просьбай дапамагчы Алану Сміту звярнулася да віцебскіх праваабаронцаў ягоная жонка Магдалена Валінска. Яна паведаміла, што муж быў затрыманы памежнікамі ў Берасці 29 верасня, пасля яго этапавалі ў СІЗА Віцебску, бо ў Віцебскай вобласці ён нібыта здзейсніў злачынства. Затрымалі таксама і яе, але праз 12 гадзін адпусцілі. З таго часу яна ня мае ніякай сувязі з мужам.
Брытанскага грамадзяніна падазраюць у парушэнні артыкулу 371¹ Крымінальнага кодэксу (арганізацыя незаконнай міграцыі). Пацверджання гэтай інфармацыі ад супрацоўнікаў МУС праваабаронцы ў цяперашні час ня маюць – на запыты прадстаўніка Беларускага Хельсінскага камітэта Паўла Левінава на адрас начальніка Упраўлення Дэпартамента выканання пакаранняў (ДВП) па Віцебскай вобласці падпалкоўніка ўнутранай службы Аляксандра Сівохі адказаў пакуль няма.
Апроч звестак пра тое, на падставе чаго спадар Алан Сміт знаходзіцца ва ўстанове ДВП, віцебскі праваабаронца просіць паведаміць, па якой прычыне ягоная жонка не атрымлівае лістоў ад яго, і ці не парушаюцца яго правы, гарантаваныя Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Зрэшты, тое, што з захаваннем правоў чалавека ў гэтым выпадку ад самага пачатку ня ўсё добра, вядома яшчэ да таго, як супрацоўнікі ДВП нешта адкажуць. Паводле сведчання Магдалены, пры затрыманні ім падсоўвалі нейкія паперы, якія трэба было падпісаць, не разумеючы іх сэнсу, бо перакладчыка не давалі, а ўсе паперы былі напісаныя па-расейску. Алану не адразу далі магчымасць скарыстацца з паслугаў абаронцы, хаця ён патрабаваў: маўляў, яго адправяць у Віцебск – вось там і будзе адвакат.
Пра знаходжанне мужа ў Віцебскім СІЗА распавядае Магдалена Валінска:
«Ён утрымліваецца ў турме без магчымасці мець кантакты са мною ці ягонай сям'ёю, хаця беларускім вязням такія кантакты дазваляюць. Ахоўнікі крычаць на яго і зневажаюць, бо ён замежнік і не разумее па-расейску. Яму не дазваляюць мець кнігі і часопісы. Ён пакараны тым, што павінен цэлы дзень сядзець у адной позе, ня рухаючыся, бо інакш яму пагражае пакаранне».
Гэтую інфармацыю пра ўмовы ўтрымання мужа ў віцебскім СІЗА Магдалена змагла даведацца праз амбасаду Вялікабрытаніі ў Беларусі, якая сочыць за сітуацыяй і супрацоўнікі якой часам маюць магчымасць наведваць свайго суайчынніка за кратамі. Брытанскі консул, які пабываў у СІЗА тыдзень таму, распавёў Магдалене, што Алан не атрымліваў ад яе ніякіх перадач, хаця яна сабрала для яго пакунак з новым ручніком, вопраткай, гадзіннікам і інш., і ёй абяцалі, што ўсё перададуць яму. Таксама яна не атрымлівае лістоў ад свайго мужа, якія, паводле консула, той рэгулярна піша. І Алан змог атрымаць адзін з лістоў ад яе толькі пасля ўмяшання амбасады.
За два месяцы, што мінулі з дня арышту, следчы толькі аднойчы меў зносіны з падследным.
Як кажуць праваабаронцы, знаёмыя з умовамі ўтрымання ў беларускіх следчых ізалятарах, яны зусім ня здзіўленыя такім абыходжаннем з падазраваным. Тое, што выклікае шок у жыхароў Захаду, у Беларусі, на жаль, з’яўляецца нормай.
У параўнанні з беларускімі грамадзянамі, змешчанымі ў СІЗА, становішча замежных грамадзян у гэтых установах яшчэ горшае: яны не разумеюць расейскай мовы і, ня будучы забяспечаныя перакладчыкам, ня могуць камунікаваць з сукамернікамі, ні з персаналам. Так, Алан нядаўна перанёс аперацыю і патрабуе медыцынскага забеспячэння, але ня можа патлумачыць лекару сваю патрэбу.
Віцебскія праваабаронцы і далей будуць сачыць за лёсам спадара Сміта. Яны спадзяюцца, што агульнымі высілкамі разам з супрацоўнікамі амбасады Вялікабрытаніі паспрыяюць вяртанню следзтва ў прававое поле.