Магілёўскі абласны суд не задаволіў касацыйныя скаргі Андрэя Бандарэнкі
Вязень дамагаўся прызнання судом неправамоцнымі дысцыплінарных спагнанняў у дачыненні да яго з боку адміністрацый пенітэнцыярных установаў.
30 лістапада судовая калегія па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда пад старшынствам суддзі Ірыны Маймусавай разгледзела дзве касацыйныя скаргі Андрэя Бандарэнкі і яго адваката Вадзіма Мушынскага, паведамляе праваабарончы сайт mspring.online.
Скаргі тычыліся судовых працэсаў, якія праходзілі ў кастрычніку і лістападзе гэтага года. У першым выпадку праваабаронца абскардзіў дысцыплінарнае спагнанне з боку адміністрацыі бабруйскай папраўчай калоніі №2 за тое, што не пайшоў на абед з іншымі зняволенымі ў студзені 2015 года. У другім выпадку праваабаронца не пагадзіўся з абвінавачваннем адміністрацыі магілёўскай турмы №4 у тым, што ён у недарэчны час ляжаў у камеры на ложку ў траўні 2016 года. У абодвух выпадках суд Ленінскага раёна адмовіў у задавальненні скаргаў з прычыны заканчэння дазволенага тэрміну іх абскарджвання.
Азнаёміўшыся з довадамі з боку Бандарэнкі, судовая калегія пастанавіла адмовіць у задавальненні касацыйных скаргаў. На думку суда, Андрэй Бандарэнка і Вадзім Мушынскі сапраўды прапусцілі тэрміны абскарджання.
Як заявіў адвакат, ён і яго кліент маюць намер абскардзіць рашэнне калегіі ў наглядным парадку.