Суды за акцыю 7 лістапада каля будынка КДБ Дапоўнена
Сёння, 28 лістапада, у судзе Цэнтральнага раёна Менска пройдуць суды над арганізатарамі і ўдзельнікамі акцыі памяці ахвяраў камуністычных рэпрэсій, якая прайшла 7 лістапада ў Менску перад уваходам у будынак КДБ.
Па інфармацыі Прэсавай службы БХД, у 12:00 пачнецца суд над сустаршынёй Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталём Рымашэўскім. Таксама пройдуць суды над іншымі кіраўнікамі Правацэнтрысцкай кааліцыі – Анатолем Лябедзькам (пачатак а 10:00) і Юрыем Губарэвічам.
Анатоль Лябедзька аштрафаваны судом Цэнтральнага раёна Мінска на 50 базавых велічынь (1.050 рублёў). Такое рашэнне вынесла суддзя Алена Шабуня.
“Сёння судзяць людзей за тое, што яны 7 лістапада выйшлі са знічкамі, партрэтамі ахвяраў палітычных рэпрэсій і абразамі навамучанікаў, закатаваных у КДБ. Ганебна, што гэты дзень святкуецца на нацыянальным узроўні. Яшчэ больш ганебна, што суды ў Беларусі, як і ў сталінскія часы, яўляюць сабой тупую рэпрэсіўную машыну, хоць і жорсткасць прысудаў іншая”, - адзначыў Віталь Рымашэўскі.