Мікалай Малахаў: адраджэнец, актывіст, праваабаронца
У Касцюковічах пасля інсульту пайшоў з жыцця грамадскі дзеяч і даўні сябра БНФ Мікалай Малахаў.
На Магілёўшчыне яго ведалі і паважалі за прынцыповую грамадзянскую пазіцыю, за шчыры характар і ўважлівасць да праблем землякоў.
Ён – адзін з тых, хто стаяў ля вытокаў стварэння ў рэгіёне філій Беларускага народнага фронту, займаўся справамі адраджэння беларушчыны, доўгі час рэдагаваў незалежную газету «Заклік», што часам з’яўлялася падставай для звальнення яго з працы і пераследу.
Не мог мірыцца Мікалай Малахаў і з парушэннямі правоў чалавека, таму працяглы час актыўна супрацоўнічаў з праваабарончым цэнтрам "Вясна", аказваў дапамогу землякам, пацярпелым за свае перакананні. Неаднаразова браў удзел у кампаніях па назіранні за выбарамі ў Беларусі
“Вясноўцы” глыбока смуткуюць з нагоды заўчаснай смерці аднадумцы і выказваюць шчырае спачуванне родным і блізкім Мікалая Малахава.