viasna on patreon

Украінская праваабаронца Лідзія Тапалеўская: мы маем магчымасць змяняць заканадаўства Аўдыё

2016 2016-11-23T13:36:11+0300 2018-10-02T14:46:12+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/lidzija_top.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Лідзія Тапалеўская. Фота Facebook

Праваабаронца Лідзія Тапалеўская. Фота Facebook

На жаль, на сённяшні дзень казаць пра існаванне канструктыўнага дыялогу паміж беларускімі праваабаронцамі і ўладамі краіны не даводзіцца. У той жа час, праваабарончыя арганізацыі суседняй Украіны, якая зараз мае мноства сур’ёзных праблем, вядуць актыўную працу менавіта з дзяржаўнымі органамі і сваімі дзеяннямі паступова спрыяюць паляпшэнню сітуацыі. Адной з такіх арганізацый з’яўляецца львоўскі “Цэнтр прававых і палітычных даследванняў “СІМ”.

Каардынатар арганізацыі Лідзія Тапалеўская распавяла сайту Праваабарончага цэнтру “Вясна” пра супрацоўніцтва з украінскімі ўладамі і пра прававыя праблемы, якія існуюць у вайскоўцаў АТО.

- Наколькі развіта супрацоўніцтва вашай праваабарончай арганізацыі з дзяржаўнымі органамі?

- Калі мы сустракаемся з грамадзянамі ў грамадскай прыёмнай, то мы можам не толькі дапамагчы ім, але і на аснове атрыманай інфармацыі адсочваць існуючыя праблемы ў заканадаўстве і ў далейшым ініцыяваць звароты да дэпутатаў наконт яго змянення. Дарэчы, мы, як чальцы Украінскай Хельсінскай групы па правах чалавека, прадстаўляем інфармацыю аб праблемах грамадзян у яе адвакацыйны аддзел, які, у сваю чаргу, таксама можа выступіць з прапановамі па ўнясенні зменаў і дапаўненняў у існуючае заканадаўства.  Мы маем шмат прыкладаў пазітыўнага вырашэння праблем, калі дзяржаўныя органы шлі нам насустрач, і недасканалыя заканадаўчыя нормы змяняліся.

Так, нядаўна ў нас была справа аб шматдзетных сем’ях, калі нашая судовая практыка прывяла да змены заканадаўства. Раней сем’і, у якіх меліся дзеці ад папярэдніх шлюбаў, не лічыліся шматдзетнымі, і каб атрымаць такі статус, трэба было прайсці шмат марудных працэдураў па ўсынаўленню і ўдачарэнню. Але пасля некалькіх гучных судовых спраў і шырокай інфармацыйнай кампаніі мы дамагліся таго, каб такія сем’і адразу лічыліся шматдзетнымі і атрымлівалі пэўныя ільготы.

- З якімі парушэннямі правоў чалавека сутыкаюцца вайскоўцы, якія служаць альбо служылі ў зоне АТО?

- Калі па большасці іншых пытанняў мы дамагліся канструктыўнага дыялогу з уладамі, то па пытанні АТО пакуль што ўсё вельмі цяжка. Мы маем вельмі шмат зваротаў аб немагчымасці разарвання службовых кантрактаў, калі вайскоўцаў проста не адпускаюць дамоў. Таксама яны скардзяцца на ўмовы службы. Іх закідваюць на перадавую, дзе яны могуць знаходзіцца 7-11 месяцаў без ратацыі, што вельмі складана, але паскардзіцца яны нікому не могуць. Таксама нам паступаюць скаргі па баявых налічэнняў, няправільны разлік іх заробкаў, дрэнныя прадукты харчавання. Тыя, хто ўжо дэмабілізаваўся, звяртаюцца з пытаннямі па зямлі. З-за нізкай юрыдычнай пісьменнасці людзі блытаюць права і магчымасць. То бок хтосьці ім паабяцаў, што пасля атрымання статусу ўдзельніка баявых дзеянняў ім у абавязковым парадку павінны даць жыллё і зямлю. Але на самой справе, гэта не абавязак дзяржавы, а толькі магчымасць атрымаць. І калі былыя вайскоўцы звяртаюцца да нас, то даведваюцца, што, напрыклад, немагчыма атрымаць ад дзяржавы новае жыллё, калі ў чалавека ўжо ёсць адно. Зразумела, што такая недакладная інфармацыя выклікае ў іх абуральную рэакцыю.

І такія сітуацыі складаюцца таму, што наша дзяржава не працуе з дэмабілізаванымі вайскоўцамі. Людзі прайшлі вайну, і шмат ў каго з іх праблемы з псіхікай. Я лічу, што гэтыя людзі павінны праходзіць рэабілітацыю, як гэта робіцца ў іншых краінах, якія ўдзельнічаюць у ваенных канфліктах. Людзей пасля АТО трэба вывозіць на 1-2 месяцы ў спецыяльныя цэнтры, дзе з імі будуць працаваць прафесійныя ўрачы і псіхолагі. У нас жа пасля перадавой чалавек адразу апынаецца ў горадзе, дзе няма вайны. І ўзнікаюць складанасці з ўспрыманнем таго, што там страляюць, а тут не, і ўсё гэта ў межах адной краіны. Таксама мала хто працую з сем’ямі вайскоўцаў, і яны часта не разумеюць, як паводзіць сябе з дэмабілізаванымі сваякамі. Усё гэта спараджае канфлікты.

Такім чынам, дзеючым і былым вайскоўцам АТО патрэбна не толькі матэрыяльная і медычная, але і псіхалагічная дапамога. Мы бачым, што праблем вельмі шмат, і пакуль што, на жаль, яны ў сваёй большасці не вырашаюцца. Калі так будзе працягвацца і далей, то мы будзем мець вялікую хвалю сацыяльнай незадаволенасці, якая ў канчатковым выніку выльецца ў штосьці нядобрае.


Украінская праваабарончай арганізацыя “Цэнтр прававых ды палітычных даследванняў “СІМ” з’яўляецца сябрам і сузаснавальнікам Украінскай Хельсінскай групы па правах чалавека, а таксама рэгіянальным каардынатарам Міжнароднага фестывалю дакументальнага кіно па правах чалавека Docudays UA. Цэнтр “СІМ” дае бясплатныя юрыдычныя кансультацыі, дапамагае ў вядзенні стратэгічных спраў, займаецца культурна-асветніцкай дзейнасцю ў галіне правоў чалавека, а таксама актыўна супрацоўнічае з дзяржаўнымі органамі ў правядзенні прававых рэформ.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства