Суд над Кантаровічам перанесены: сведкі блыталіся ў паказаннях
У судзе Савецкага раёна Мінска 21 лістапада разглядалася адміністрацыйная справа сябра Руху «За Свабоду» Дзмітрыя Кантаровіча, якога абвінавачвалі ў незаконных пікетах падчас збору подпісаў у падтрымку бел-чырвона-белага сцяга.
Як паведамляе сайт pyx.by, у судзе стала бачна, што копія пратакола, якую на рукі атрымаў актывіст Руху «За Свабоду», не адпавядала арыгіналу.
«Гэтая копія не адпавядае матэрыялам справы. У копіі не ўказаныя сведкі, пералік матэрыялаў справы, указана, што Кантаровіч адмовіўся даваць тлумачэнні і падпісваць пратакол. Гэта грубае парушэнне», — адзначыла адвакат актывіста і папрасіла накіраваць справу на дапрацоўку.
Аднак гэтыя аргументы не ўпэўнілі суддзю. «Парушэнні былі выпраўленыя пад час працэсу», — заявіў ён.
Абвінавачванне традыцыйна падтрымлівалі два сведкі-міліцыянты, на гэты раз участковыя Аляксей Рускевіч і Дзяніс Шэўчык. Яны заявілі, што бачылі, як Дзмітрый Кантаровіч збіраў подпісы ў падтрымку прызнання бел-чырвона-белага сцяга гістарычнай каштоўнасцю 1 кастрычніка ля філармоніі, заклікаў да гэтага людзей і раздаваў ім стужкі. Сам актывіст ад гэтага адмаўляўся.
У сваю чаргу, адвакат адзначыла шмат несупадзенняў у паказаннях сведак і папрасіла прадставіць матэрыялы аператыўных відэаздымкаў, якія вялі міліцыянты, а таксама выклікаць у якасці сведкі грамадскую актывістку Вольгу Мікалайчык, якая ўжо была пакараная па гэтай справе.
Каб прыняць рашэнне па гэтых хадайніцтвах суддзі спатрэбілася чацвёрты па ліку перапынак. У выніку ён прыняў рашэнне выклікаць у суд Мікалайчык. У сувязі з гэтым працэс адкладзены на 12.00 28 лістапада.