Ад Рыгора Кастусёва патрабуюць грошай
15 лістапада да намесніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва на яго прыватную кватэру ў Шклове наведаліся судовыя выканаўцы з аддзела прымусовага выканання Шклоўскага раёна.
Як паведамляе "Магілёўскі рэгіён" , судовыя выканаўцы збіраліся апісваць маёмасць Рыгора Кастусёва, бо Кастусёў не аплаціў своечасова штраф у памеры 420 беларускіх рублёў, накладзены на палітыка згодна рашэння суда Савецкага раёна горада Мінска за ўдзел у адзначэнні Дня Волі 25 сакавіка 2016 г.
Пасля тлумачэнняў намесніка старшыні Партыі БНФ, які распавёў судовым выканаўцам, што ён да гэтага часу так і не атрымаў копію пастановы суда Савецкага раёна г. Мінска пра накладзенае на яго пакаранне, судовыя выканаўцы пагадзіліся пакуль не апісваць яго маёмасць. Замест гэтага Кастусёву была ўручана “Пастанова аб узбуджэнні выканаўчай вытворчасці” і позва з з патрабаваннем з’явіцца сёння ў 15-00 у аддзел прымусовага выканання Шклоўскага раёна.
Па словах палітыка, ён не лічыць сябе вінаватым. Копію пастановы суда Савецкага раёна г. Мінска ад 21 ліпеня 2016 г. яму абяцалі ў судзе выслаць адразу ж, але не выслалі да гэтага часу. З пастановай суда Кастусёў змог толькі зараз, пабачыўшы яе ў судовых выканаўцаў. Рыгор Кастусёў збіраецца наведаць сёння аддзел прымусовага выканання Шклоўскага раёна згодна позвы, а ўжо пасля гэтага ён прыме рашэнне, аплочваць яму штраф, альбо не.
Нагадаем, што 21 ліпеня суддзя суда Савецкага раёна Мінска Марына Фёдарава зноў пакарала намесніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва штрафам у памеры ўжо 20 базавых велічынь (420 рублёў) за ўдзел у святкаванні Дня Волі 25 сакавіка паводле ч. 1 артыкула 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
Рыгор Кастусёў спрабаваў аспрэчыць прысуд суда Савецкага раёна г. Мінска ў вышэй стаячых інстанцыях, аднак станоўчага выніку гэта не прынесла.