Суд па справе Аскарава: Сведкі заявілі, што ў дзень забойства міліцыянта праваабаронца быў дома
У Бішкеку прайшло пятае паседжанне суда па пераглядзе справы асуджанага на пажыццёвае зняволенне праваабаронцы Азімжана Аскарава, прызнанага вінаватым у арганізацыі беспарадкаў на поўдні Кыргызстана ў 2010 годзе. У сваіх выступах сведкі абароны заявілі, што раніцай 13 чэрвеня, калі адбылося забойства міліцыянта, у якім абвінавацілі Аскарава, праваабаронца знаходзіўся дома.
Сайт інфармацыйнага агенцтва «Фергана» сабраў з розных крыніцаў паказанні сведкаў, якія прагучалі ў судзе 8 лістапада: некалькі суседзяў паведамілі, што раніцай 13 чэрвеня 2010 года бачылі Азімжана Аскарава ля яго дома.
У прыватнасці, як перадае «Kloop.Kg», сусед Аскарава Шамрат Акбараў паведаміў:
«13 чысла раніцай каля 9 гадзін я выйшаў на вуліцу, і бачыў Аскарава. Я не размаўляў з ім. Здалёку бачыў. Размовы не было. Я выйшаў з хаты, Аскараў таксама выйшаў з хаты. 14 чэрвеня мой дом абрабавалі і спалілі».
Сведка Абдзірашыт Іманаліеў паведаміў, што раніцай 13 чэрвеня 2010 года ён бачыў свайго суседа Аскарава: прыкладна ў 8 - 9 раніцы аксакалы вёскі паклікалі Азімжана на вуліцу для таго, каб даведацца, як ідуць справы ў раёне, паколькі чулі, што кагосьці нібыта забілі. Больш сведка нічога не бачыў і не чуў. Пра забойства міліцыянта Сулайманава нічога не ведае, бо яго не было на мосце, дзе адбылося забойства, перадае Akipress.Org.
Суседка Адзінахон Асмонава распавяла, што 13 чэрвеня выйшла з мужам на вуліцу, пачуўшы шум, і ўбачыла Аскарава ў спартыўным касцюме. На яе думку, Аскараў не мог заклікаць да міжнацыянальных пратэстаў, таму што ён не «здольны на такое зло». Яшчэ некалькі суседзяў паведамілі, што раніцай 13 чэрвеня 2010 года бачылі Аскарава ля яго дома.
Жонка брата асуджанага праваабаронцы Турдзіхон Аскарава распавяла суду, што 13 чэрвеня прыкладна ў 04:05 раніцы ў вароты суседніх дамоў, дзе пражываў Азімжан, пачалі грукацца невядомыя і выведваць, дзе ён жыве, перадае «Заноза».
«Мы пачалі турбавацца. Азімжан выйшаў на вуліцу, яго чакалі каля 20 невядомых у масках. Потым ён разам з імі з'ехаў. У гэты ж дзень мы яму названьвалі, але Азімжан не адказваў на званкі. 15 чэрвеня ён паведаміў, што знаходзіцца разам з намеснікам начальніка РАУС па імені Азізбек і што з ім усё добра. Потым мы пра яго нічога не чулі і яго не бачылі. Мой муж Хакім выехаў 15 чэрвеня ў міліцыю за сваім братам і на месцы даведаўся, што ягоны брат моцна збіты. Міліцыянты запатрабавалі ад майго мужа Хакіма 50 тысяч сомаў. Да таго моманту Азімжан папрасіў не турбавацца за яго, бо быў гатовы да смерці», - распавяла Турдзіхон Аскарава.
Як паведамляе «Kloop.Kg», 19 чэрвеня ў дом Турдзіхон Аскаравай, па яе словах, прыйшлі 7-8 міліцыянтаў у масках, якія забралі ўсе знойдзеныя там прадукты. На саму Турдзіхон ў 2010 годзе аказвалі ціск, да яе ўжывалі фізічны гвалт, таму яна не давала паказанні ў судзе.
Праваабаронца Талекан Ісмаілава хадайнічала перад судом аб вынясенні прыватнага вызначэння па заяве аб катаваннях, прымененых ў дачыненні да шасці сведак, асуджаных за чэрвеньскія падзеі 2010 года. Пракуроры выказалі пратэст, патлумачыўшы, што раней пракуратура ўжо праводзіла расследаванне па заяве гэтых людзей аб катаваннях і па іх справах ёсць прысуд Вярхоўнага суда.
У сваю чаргу, судовая калегія паведаміла, што хадайніцтва Ісмаілавай будзе разгледжанае падчас вынясення прысуду па гэтай справе.
Адвакат Нурбек Тактакунаў хадайнічаў перад судом аб выкліку ў якасці сведак судмедэксперта Маматава і следчага Жарабекава, а таксама следчага пракуратуры Жылдызбека Ісмаілава. Судовая калегія задаволіла хадайніцтва.
Затым Талекан Ісмаілава хадайнічала перад судом пра допыт дадатковых сведак - Азымбека Бекназарава, Азізы Абдрасулавай, Кубатбека Байболава. Пракуроры заявілі, што нельга ўвесь час выклікаць у суд сведак, тым самым зацягваючы працэс. Паміж Ісмаілавай і пракурорам адбылася сварка, пасля чаго праваабаронца прыстрашыла дзяржабвінаваўцу пазовам у суд за яе абразу, а пракурор прапанаваў ёй скардзіцца ў любы орган.
У выніку суд заявіў, што ў выпадку няяўкі сведак на наступнае паседжанне яны пачнуць допыт самога падсуднага Азімжана Аскарава.
Наступнае паседжанне пройдзе 15 лістапада.
Кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Паветра» Азімжан Аскараў быў затрыманы падчас крывавых падзеяў 2010 года на поўдні Кыргызстана. Яго абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў і забойстве супрацоўніка міліцыі. Суд Базар-Каргонскага раёна прызначыў Аскараву пакаранне ў выглядзе пажыццёвага пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Справа Аскарава была разгледжаная ў Камітэце па правах чалавека ААН, а ў ліпені 2016 года Вярхоўны суд Кыргызстана, разгледзеўшы рашэнне Камітэта, замест выканання рэкамендацый вырашыў накіраваць крымінальную справу Аскарава на новы разгляд. Першае выязное паседжанне Чуйскага абласнога суда адбылося 4 кастрычніка.