viasna on patreon

Інваліда аштрафавалі на 210 рублёў за плакат «Помогите. Help»

2016 2016-11-01T08:36:15+0300 2016-11-01T10:45:26+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/help-piket.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ігар Цельпухоўскі. Фота БелаПАН

Ігар Цельпухоўскі. Фота БелаПАН

Суд Маскоўскага раёну Менску 31 кастрычніка прысудзіў штраф у 10 базавых велічыняў (210 рублёў) менскаму беспрацоўнаму інваліду 2 групы Ігару Цельпухоўскаму за парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавых мерапрыемстваў, перадае БелаПАН.

Цельпухоўскі выходзіў да Дому ўраду 15 і 16 верасьня з таблічкай «Помогите. Help», бо ня змог трапіць на прыём да генэральнага пракурора — на ўваходзе ў Генпракуратуру ён адмовіўся здаць тэлефон, на які хацеў фільмаваць сустрэчу. На судзе ён заявіў, што быў адзін, не парушаў грамадзкага парадку і правоў іншых грамадзянаў, не выкрыкваў лёзунгаў, на плошчы не стаяў, а сядзеў, а плякат не трымаў у руках, а паклаў побач з сабой, таму вінаватым сябе не прызнае.

Ён сьцьвярджае, што «толькі прасіў дапамогі ў тых, хто працуе ў Доме ўраду». Супрацоўнікі міліцыі, якія выступалі сьведкамі, пацьвердзілі, што ён не выстаўляў прамых патрабаваньняў, а толькі прасіў аб дапамозе.

Пратакол на яго, сьцьвярджае Цельпухоўскі, быў складзены неправамерна, пра пратакол ён даведаўся толькі з навінаў. На гэта ён падаваў скаргі ў МУС і Генпракуратуру, але адказаў пакуль не атрымаў.

Naviny.by падрабязна распавядалі гісторыю адносінаў Цельпухоўскага зь міліцыяй.

Яшчэ ў 2011 годзе Цельпухоўскі патрабаваў распачаць крымінальную справу за халатнасьць супраць супрацоўнікаў дарожнай службы, празь якіх ягоны сын упаў у яміну на веладарожцы (ён бачыў у сына прыкметы страсеньня мозгу, дактары страсеньня не пабачылі). А ў 2014 годзе, як сьцьвярджае мужчына, яго зьбіў у аддзяленьні маёр міліцыі.

У тым жа годзе мужчына прадаў аўтаклаў некаму В., які зацягнуў афармленьне дакумэнтаў на год і замест абяцаных 5500 даляраў пазначыў у дамове 5,7 млн беларускіх рублёў (у 2014 годзе курс даляра быў у межах 9500–12000 рублёў, затым за месяц падскочыў да 15000). Цельпухоўскі патрабаваў распачаць крымінальную справу за махлярства, але справу распачалі за крадзеж, цяпер ёй займаецца Сьледчы камітэт. На той момант пакупнік ужо расьпілаваў аўтаклаў і скарыстаў яго часткі для вырабу іншых аўтаклаваў. Пасьля таго як СК паведаміў Цельпухоўскаму, што зоймецца ацэнкай аўтаклава, мужчына выйшаў да Дому ўраду.

Цельпухоўскі ня згодны з прысудам, таму зьбіраецца зьвяртацца да Лукашэнкі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства