КДБ пагражае актывісту Руху «За Свабоду» адлічэннем з каледжу
Адлічэннем з каледжу ў выпадку працягу актыўнага ўдзелу ў Руху «За Свабоду» пагражаў сябру арганізацыі Вадзіму Бабіну супрацоўнік КДБ. Як паведамляе сайт Руху, размова праходзіла пад час заняткаў у кабінеце дырэктара.
«Гэта ўсё адбылося 25 кастрычніка, ля 12 гадзінаў. Калі ў мяне была інфарматыка, мяне выклікалі ў кабінет дырэктара Мікалая Цырэльчука. Там сядзелі загадчыца механіка-тэхнічнага аддзялення Алена Мігура і чалавек, які прадставіўся супрацоўнікам КДБ», — распавёў сайту Pyx.by студэнт трэцяга курсу філіялу БНТУ Мінскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа Вадзім Бабін.
Па ягоных словах, супрацоўнік КДБ назваў сабе, але неразборліва, і размова пачалася з пытанняў пра марафон у Кіеве, дзе Вадзім з камандай прадстаўляў Рух «За Свабоду». «Як выступілі, як прабеглі, чаму так хутка? Ці пілі мы, як прыехалі ці пасля, ці пілі ў дарозе», — прыгадаў пытанні актывіст. Па ягоных словах, ён распавёў, што каманда заняла 13-е месца, што ён удзельнічаў, бо прапанаваў Рух, падабаецца ідэя, ніхто не піў.
«Потым супрацоўнік КДБ пачаў запытвацца пра 25 даляраў, якія заплацілі назіральнікам. „Я ведаю, што табе плацілі“, — сказаў. „Як што каму плацілі, то толькі за праезд і абед, болей нічога не плацілі“, — сказаў я», — патлумачыў Вадзім Бабін. Моладзевы актывіст патлумачыў супрацоўніку спецслужбаў, што яму асабіста было цікава даведацца, як праводзяцца выбары.
«Я спытаў, чаму ён да мяне прыйшоў, бо я ж нічога кепскага не раблю. „Гэта зараз не робіш можаш потым зрабіць“, — пачуў у адказ», — прыгадаў Вадзім.
Супрацоўніка КДБ таксама цікавілі перспектывы актывіста ў Руху, распытваў ён і адкуль грошы ў арганізацыі.
«Табе засталося тут да 24 красавіка вучыцца, да гэтага часу стаў сяброўства ў Руху на паўзу і атрымлівай дыплом. Бо ў цябе будуць праблемы», — сказаў супрацоўнік КДБ.
«Я так разумею, што мяне адлічаць?» — спытаўся Бабін.
«Так», — сказаў супрацоўнік КДБ.
«Калі ў мяне запыталіся, ці буду я нешта рабіць у Руху я сказаў: «Так». «Паўтары гучна», — сказалі. «ТАК», — прыгадаў моладзевы актывіст.
Ён назваў гэтую размову ціскам з боку КДБ, звязаным з палітыкай і ягоным удзелам у кампаніі старшыні Руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча.
«Безумоўна, мы назіраем факт палітычынага ціску і прымусу да адмовы ад удзелу ў палітычным жыцці пад пагрозай адлічэння з навучальнай установы», — пракаментаваў сітуацыю сайту Pyx.by старшыня Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.
Па ягоных словах, кіраўніцтва арганізацыі трымае сітуацыю з Вадзімам Бабіным на кантролі і выкарыстае ўсе даступныя рычагі для абароны сябра Руху. «Будзе зварот да адміністрацыі навучальнай установы, якім чынам яны дапускаюць прыходу нейкіх людзей і падобных размоваў з іх навучэнцамі пад час заняткаў», — падкрэсліў старшыня Руху.
Ён падкрэсліў, што з завяршэннем выбарчай кампаніі «ўлады вярнуліся да старой практыкі запалохвання актывістаў, асабліва моладзі, якая ўпершыню далучаецца да актыўнай палітычнай дзейнасці». «Рэпрэсіі і запалохванні — адзінае, на чым можа трымацца беларускі рэжым, які не знаходзіць падтрымкі грамадства», заключыў старшыня Руху.