Гарадзенскіх актывістаў засудзілі да штрафу за пікет
Гарадзенскі суд Ленінскага раёна 20 кастрычніка 2016 г. разгледзеў адміністрацыйныя справы дэмакратычных актывістаў Сяргея Верамеенкі, Анатоля Мышкевіча і Віталя Мойсы. Як паведамляе “Гарадзенская Вясна”, маладыя людзі былі абвінавачаны за ўдзел ў несанкцыянаваным пікеце прысвечаным традыцыйнаму дню салідарнасці з сем’ямі зніклых беларускіх палітыкаў, які праходзіў 16 верасня бягучага году. Судовыя справы вяла вядомая ў апазіцыйных колах сваімі шматлікімі рэпрэсіўнымі рашэннямі Наталля Козел. Разгляд справы павінен быў адбыцца а 10.30, але суддзя абвесціла перапынак і перанесла паседжанне на 14.20 з-за таго, што адсутнічаў адзін з абвінавачваных Сяргей Верамеенка. Наталля Козел загадала прымусова прывезці яго ў суд. Разгляд справы ўсё ж такі прайшоў без Сяргея Верамеенкі і нагадваў традыцыйныя судовыя разбіральніцтвы над гарадзенскімі апазіцыянерамі пачатку 2000-ых. Суддзя выслухала сведкаў з боку міліцыянтаў, якія сведчылі супраць дэмакратычных актывістаў. Начальнік аддзелу правапарадку Ленінскага РАУС Дзмітры Козел распавёў: “Да нас ў райаддзел паступіла інфармацыя аб несанкцыянаванай акцыі, праводзімай у цэнтры горада па вуліцы Савецкай каля моладзевага цэнтра, мы туды прыбылі а 16.50, пікет распачаўся а 17-й, маладыя людзі трымалі ў руках плакат, на якім былі размешчаны фотаздымкі. Пасля я падышоў да іх і прапанаваў праехаць у райаддзел для разіральніцтва”.
Суддзя Наталля Козел не прыняла да ўвагі тлумачэнні грамадскіх актывістаў і абвесціла дастаткова вялікія штрафы для іх: Сяргей Вераемеенка быў засуджаны да 25 базавых велічынь штраф (на сёння 525 беларускіх рублёў), Анатоль Мышкевіч і Віталь Мойса былі аштрафаваныя на 20 базавых велічынь (па 420 рублёў кожны). Гэты штраф грамадскія актывісты збіраюцца аспрэчыць у Гарадзенскім абласным судзе.