“Прызнанне Пальчыса палітвязнем дае шанец хлопцу хутчэй выйсці на волю…”
Правабаронцы прызналі палітвязнем Эдуарда Пальчыса, суд над якім павінен распачацца 14 кастрычніка. Былыя палітычныя зняволеныя распавядаюць сайту palitviazni.info, што яны думаюць з нагоды надання Эдуарду Пальчысу статуса “палітычнага” і выказваюць свае прагнозы наконт перспектыў гэтай справы.
Нагадаем, блогер і заснавальнік сайта 1863x.com Эдуард Пальчысабвінавачваецца ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні) і ч. 2 арт. 343 (распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
25 жніўня 2016 года суд Цэнтральнага раёна Мінску разгледзеў справу аб прызнанні экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі, размешчанай на сайце 1863х.com. У выніку закрытага судовага пасяджэння 9 артыкулаў, размешчаных на дадзеным сайце, былі прызнаныя экстрэмісцкімі.
Зміцер Дашкевіч:
– Трэба дзякаваць Богу, што Эдуарду надалі такі статус. Хаця асабіста мне было зразумела з самага пачатку: калі чалавека судзяць толькі за тое, што ён выказваў сваю пазіцыю, то што можна казаць далей.
А тое, што справу збіраюцца правесці ў закрытым рэжыме, – гэта яскравы доказ ілжывасці ўсёй гэтай судовай расправы. Відаць, вельмі ганебна паказваць сутнасць метадаў, па якіх яны працуюць, па якіх збіралі інфармацыю і арыштоўвалі Пальчыса. Там жа цэлая спецаперацыя была, каб узяць чалавека ў палон.
А прагнозы рабіць складана, бо закрытае судовае пасяджэнне ніякіх падстаў для аптымізма не дае. Праўда, у новых беларуска-еўрапейскіх варунках уладзе не мае вялікага сэнсу даваць вялікі тэрмін Пальчысу, таму не выключаю, што абмяжуюцца нейкім мінімальным тэрмінам. Улічваючы, што гандаль з Захадам трэба працягваць, а з Расіяй ідуць газавыя і нафтавыя войны. Але ўсё ж-такі расійскі фактар – ён вельмі вялікі, і гадамі выбудаваная ў Беларусі сістэма сёння больш турбуецца расійскімі інтарэсамі. Таму прысуд Пальчысу неабходны і для таго, каб паказаць Маскве: вось, маўляў, мы адпраўляем за краты тых, у каго русафобскія настроі, стаім на абароне інтарэсаў Расіі, таму дайце нам зніжкі на энерганосьбіты.
Павел Севярынец:
– Пра прызнанне Пальчыса палітвязнем сказаў бы так: лепш позна, чым ніколі. Спадзяюся, што такі ж статус нададуць і Дзмітрыю Паліенку, суд над якім распачнецца яшчэ раней – 11 кастрычніка. Думаю, што і яшчэ некалькі чалавек, што называецца, на падыходзе.
Але хацеў бы звярнуць увагу на тое, што менавіта цяпер, калі МВФ разглядае пытанне наконт таго, даваць ці не даваць беларускім уладам крэдыт, тыя якраз робяць суды па справах палітвязняў. На мой погляд, улада спрабуе яшчэ раз выставіць на гандаль людзей, як гэта было ўжо неаднойчы.
Я ўжо не раз казаў, што справа Пальчыса – выключна палітычная справа, і, на мой погляд, яе зыход будзе залежыць ад таемных кулуарных перамоваў улады з Захадам наконт крэдыту. Сітуацыя тут знаходзіцца не ў сферы права.
Мікола Дзядок:
– Думаю, Эдуарда справядліва прызналі палітвязнем. Я не падтрымліваю поглядаў Пальчыса і выступаю супраць нацыяналізму, але саджаць людзей за выказванні, за словы – недапушчальна.
А наконт перспектываў справы… Думаю, Эдуард атрымае “хімію”, ці ўмоўны тэрмін. Уладзе зараз ад Захада патрэбныя грошы.
Алесь Кіркевіч:
– Да Пальчыса стаўлюся з вялікай павагай: чалавек сказаў тое, пра што шмат хто думаў, выношваў у галаве, але так і не выказаў. А сядзець зараз за Слова, у часы перапоўненасці свету інфармацыяй, – гэта сведчанне трапнасці і актуальнасці ўсяго, што казаў Эдуард.
А тое, што прызналі палітвязнем – добра. Гэта дае шанец хлопцу хутчэй выйсці на волю.