Праваабарончая праграма “Вясна” на Беларускім Радыё Рацыя Аўдыё
Кожны аўторак у 22:00 (паўтор у суботу ў 7:00) у эфіры незалежнай радыёстанцыі “Беларускае Радыё Рацыя” - праграма "Вясна", якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека на Беларусі.
Анонс выпуска:
“Хроніка”: Туркменскі журналіст Чары Анамурадаў, які быў у чэрвені затрыманы ў аэрапорце Мінску, вярнуўся ў Швецыю і знаходзіцца ў бяспецы; На наступны дзень пасля парламенцкіх выбараў міліцыянты з Воршы затрымалі назіральніка; Супрацоўнікі лідскай міліцыі перашкодзілі мясцовым актывістам паехаць на мінскую акцыю пратэсту; У Гародні затрымалі ўдзельнікаў акцыі салідарнасці з сем’ямі зніклых палітыкаў.
“Час выбараў”: Незалежная назіральніца ад кампаніі “Права выбару” Галіна Міхнюк распавядае пра парушэнні на выбарчых участках, з якімі сутыкаліся назіральнікі падчас Парламенцкіх выбараў. А кіраўнік Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі дае асабістую ацэнку вынікам выбараў, калі дзвюм апазіцыйным кандыдаткам усё ж такі ўдалося трапіць у Палату прадстаўнікоў.
“Падзея”: На наступны дзень пасля асноўнага дня галасавання стала вядома пра знікненне назіральнікаў ад кампаніі “Права выбару” Леаніда Кулакова і Маі Навумавай, якія назіралі на адным з участкаў па 108 выбарчай акрузе Мінска. Акалічнасці дзіўнай гісторыі, якая пачалася з фіксацыі сістэматычных парушэнняў на выбарчым участку і cкончылася затрыманнем назіральнікаў пасля падліку галасоў, распавядае Леанід Кулакоў.
“Асоба”: Ваўкавыскі прадпрымальнік і грамадскі актывіст Мікалай Аўтуховіч. Ён распавядае пра стварэнне грамадскага аб’яднання «Камітэт падтрымкі прадпрымальніцтва “Салідарнасць”.
У музычных паўзах – кампазіцыі гурта Nickelback.