viasna on patreon

“За сапраўдныя выбары”: маніторынг масавага мерапрыемства 12 верасня

2016 2016-09-13T14:15:00+0300 2016-09-13T14:41:43+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/aktion-vybary-12.09.2016.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Акцыя “За сапраўдныя выбары” ў Мінску 12 верасня 2015 года.

Акцыя “За сапраўдныя выбары” ў Мінску 12 верасня 2015 года.

12 верасня з 18.00 да 19.45 ў Мінску праходзіла акцыя з патрабаваннем сапраўдных выбараў, ініцыяваная палітыкам Мікалаем Статкевічам  з запрашэннем удзельнікаў праз сацыяльныя сеці.

Метадалогія маніторынгу

РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” і Праваабарончы цэнтр “Вясна” цягам некалькіх гадоў праводзяць сістэматычнае назіранне за масавымі мерапрыемствамі ў Мінску на падставе распрацаванай метадалогіі  маніторынгу, якая ўключае ў сябе: набор і навучанне назіральнікаў прынцыпам грамадскага кантролю, стандартам мірных сходаў  і метадалогіі назірання; запаўненне анкеты назірання падчас вочнага кантролю; апрацоўка анкет і напісанне маніторынгавай справаздачы. Анкеты назірання за масавымі мерапрыемствамі сумесна распрацаваныя праваабарончымі арганізацыямі і ўключаюць пытанні па магчымасці выканання функцыяў назіральнікаў і СМІ, адносна паводзінаў арганізатараў і ўдзельнікаў масавага мерапрыемства, супрацоўнікаў міліцыі, а таксама наяўнасць хуткай дапамогі. Назіральнікі дапускаюцца да назірання толькі ў выпадку згоды на выкананне правілаў і прынцыпаў назірання (незалежнасць і палітычная нейтральнасць; апісанне фактаў, а не меркаванняў; неўмяшанне ў падзею, за якой назіраюць; прыхільнасць да прынцыпаў права: адмова ад любых формаў гвалтоўных дзеянняў і дыскрымінацыйных практык; карэктныя паводзіны). Падчас выконвання сваіх абавязкаў назіральнікі трымаюцца адасобна ад удзельнікаў. Яны абазначаныя бэйджам назіральніка і сінімі камізэлькамі.

Папярэдняя інфармацыя

Папярэдне ў інтэрнэце з’явілася інфармацыя пра запрашэнне на акцыю 12 верасня з патрабаваннем правядзення новых парламенцкіх выбараў. Людзей заклікалі прыйсці на Кастрычніцкую плошчу ў Мінску і выказаць свае меркаванні.

Вядома, што за 5 дзен да мерапрыемства арганізатары акцыі У. Некляеў і М. Статкевіч падалі папяраджальную заяву аб намеры правесці акцыю ў Мінгарвыканкам.

Падчас правядзення масавага мерапрыемства 12 верасня 2016 года вочна і бесперапынна ажыццяўлялі грамадскі кантроль 8 назіральнікаў, якія прайшлі адпаведнае навучанне і былі абазначаныя належным чынам.

І. Высновы:

  1. Можна адзначыць мірны характар масавага мерапрыемства цягам усёй акцыі (калі “арганізатары маюць мірныя намеры і сход мае негвалтоўны характар”). У удзельнікаў адсутнічала зброя, не выкарыстоўваліся заклікі да гвалтоўных дзеянняў.
  2. Адсутнасць дазволу на правядзенне масавага мерапрыемства не можа яго абмяжоўваць. Існуючая працэдура атрымання дазволу на права мірнага сходу супярэчыць міжнародным стандартам (рэкамендацыя 129.93 Даклада Рабочай групы па ўніверсальным перыядычным аглядзе Савета па правах чалавека ААН за 2015 год) і дэвальвуе права на мірны сход. Папярэджанне Мінгарвыканкаму з боку арганізатараў за 5 дзён да правядзенне можа лічыцца дастатковымі мерамі па рэалізацыі свайго права на мірны сход.
  3. Негатыўнай практыкай з'яўляецца складанне пратаколаў аб адміністрацыйным правапарушэнні падчас мірнага сходу, што не адпавядае міжнародным стандартам свабоды мірных сходаў і ўяўляе сабой формай ціску на арганізатараў і ўдзельнікаў мірнай акцыі.
  4. Трэба адзначыць немагчымасць ідэнтыфікаваць на масавым мерапрыемстве супрацоўнікаў праваахоўных органаў праз адсутнасць у значнай часткі форменнай вопраткі. Гэты факт перашкаджае разуменню усіх прысутных на масавым мерапрыемстве, якія людзі з’яўляюцца удзельнікамі, а якія не, якія супрацоўнікі праваахоўных органаў за што адказваюць, застаюцца незразумелымі іх функцыі.
  5. Некалькі асобаў, па прыкметах падобныя да супрацоўнікаў міліцыі ў цывільнай вопратцы, сталі ініцыятарамі штурханіны каля 18:30 на прыступках Палаца Рэспублікі, што можна расцаніць як правакацыйныя дзеянні супраць удзельнікаў.
  6. Адмоўным фактарам з’яўляецца адсутнасць інфармацыйнай групы ад праваахоўных органаў і адсутнасць камунікацыі праваахоўных органаў з назіральнікамі.

ІІ. Ход масавага мерапрыемства

Падчас масавага мерапрыемства былі зафіксаваныя наступныя факты:

- Масавае мерапрыемства адбывалася 12 верасня з 17.50 да 18.35, на Кастрычніцкай плошчы, потым калона ўдзельнікаў рухалася па праспекце Незалежнасці і з 19.05 да 19.45 удзельнікі масавага мерапрыемства знаходзіліся на плошчы Незалежнасці, на пляцоўцы каля фантана. Арганізатары і удзельнікі прамаўлялі ў мегафон, а таксама на плошчы Незалежнасці чыталі вершы.

- Колькасць ўдзельнікаў складала: у 18.10 250 чалавек, у 19.45 па праспекце рухалася не меней 350 чалавек.

- Колькасць супрацоўнікаў праваахоўных органаў вызначаецца больш складана праз адсутнасць апазнавальных знакаў на значнай частцы супрацоўнікаў. Так, супрацоўнікаў ДАІ/ДПС было зафіксавана 4 чалавекі на перакрыжаваннях і светлафорах, супрацоўнікі ў форме і з апазнавальнымі знакамі – 4 чалавекі, больш 45 чалавек – у цывільнай вопратцы з адметнымі прыкметамі (навушнікі, рацыі). У тым ліку прадстаўнікі кіраўніцтва АМАПа, ГУУС Мінгарвыканкама і РУУСаў былі ў грамадзянскай вопратцы без апазнавальных знакаў.

- у дварах і вакол Кастрычніцкай плошчы знаходзіліся 10 аўтобусаў розных колераў. Іх прыналежнасць складана вызначыць, але адзін з іх быў запоўнены людзьмі ў форме супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

- У 18.З5 з-за будынку дварца Рэспублікі выйшаў міліцыянт ў форме і ў акружэнні супрацоўнікаў у цывільнай вопратцы пачаў груба рухацца на удзельнікаў. Натоўп людзей акружыў арганізатароў с мегафонам і людзі крычалі “Ганьба!”. Яшчэ 3 супрацоўнікі ў форме чакалі за вуглом будынка, але так і не выйшлі.

-Прысутнічала не меней 15 прадстаўнікоў СМІ, якія актыўна здымалі акцыю і размаўлялі з удзельнікамі і арганізатарамі.

- Ход калоны разрываўся на светлафорах. Частка людзей пераходзіла на чырвонае святло і заклікала іншых удзельнікаў не чакаць. Асноўная частка чакала тых, хто застаўся з іншага боку дарогі.

- Перашкоды ў працы назіральнікаў не мелі месца. Але ажыццяўлялася актыўная відэаздымка назіральнікаў перад, падчас і пасля масавага мерапрыемства.

- Не менш 6 супрацоўнікаў ў грамадзянскай вопратцы ажыццяўлялі відэаздымку масавага мерапрыемства.

- Арганізатары масавага мерапрыемства не былі ніяк абазначаны.

-  Заклікаў да гвалтоўных дзеянняў з боку арганізатараў і ўдзельнікаў не зафіксавана.

- Выкарыстоўвалася наступная сімволіка: бела-чырвона-белыя сцягі на флагштоках і без, бела-чырвона-белыя стужкі, сцягі “Маладога Фронта”, расцяжкі “За новыя выбары” і “Лукашенка, сыходзь!”, плакат “Запіс у Малады фронт”, вялікі чорна-белы партрэт Ю.Захаранкі.

- Ужываліся лозунгі: “Жыве Беларусь”, “Ганьба”, “Верым, можам, пераможам”, “Незалежнасць”. Людзі актыўна пляскалі ў далоні.

- Падчас масавага мерапрыемства супрацоўнікі міліцыі не ўжывалі фізічную сілу;

- Не было машыны хуткай дапамогі, на плошчы знаходзіліся супрацоўнікі камунальных служб.

- на мерапрыемствы прысутнічалі 3 назіральнікі ад АБСЕ, яны рабілі фотаздымкі і камунікавалі з мясцовымі назіральнікамі.

У 19.10 арганізатары заклікалі людзей разыходзіцца, але частка людзей заставалася на плошчы, яны фатаграфаваліся і гутарылі паміж сабой.

III. Рэкамендацыі

Арганізатарам:

- Ажыццяўляць больш актыўную камунікацыю з праваахоўнымі органамі і ўдзельнікамі, асабліва звярнуць увагу на забеспячэнне бесперашкоднага руху праз скрыжаванні вуліц. Па магчымасці арганізоўваць дружыну.

Супрацоўнікам праваахоўных органаў:

- Ажыццяўляць камунікацыю з назіральнікамі;

- Спыніць практыку адміністрацыйнага пераследу ў дачыненні да ўдзельнікаў мірных акцый;

- У адпаведнасці з арт.5 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб органах унутраных спраў" "дзейнасць органаў унутраных спраў з'яўляецца галоснай".  Кіруючыся гэтай нормай, прапануем, каб усе супрацоўнікі ажыццяўлялі ахову грамадскага парадку падчас масавых мерапрыемстваў у форменнай вопратцы, а таксама былі пазначаныя ідэнтыфікацыйнымі сродкамі (бэйджамі або нагруднымі знакамі);

- Пазначаць кантактную асобу з ліку супрацоўнікаў міліцыі для камунікацыі з назіральнікамі, СМІ і арганізатарамі масавага мерапрыемства;

- Забяспечыць бесперашкодны рух калоны ўдзельнікаў праз перакрыжаванні з спыненнем руху транспартных сродкаў.

Суб’ектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:

- Ініцыяваць змены ў беларускае заканадаўства з мэтай прывядзення яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды мірных сходаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства