viasna on patreon

БТ ці ГБ-ТВ: дзе пакажуць пікет правацэнтрыстаў? Фота

2016 2016-09-02T13:28:00+0300 2016-09-02T13:48:22+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/piket_pravacentrystau_01.09.2016_3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Правацэнтрысцкая кааліцыя правяла сумесны агітацыйны пікет каля ЦУМа ў Мінску 1 верасня 2016 года.

Правацэнтрысцкая кааліцыя правяла сумесны агітацыйны пікет каля ЦУМа ў Мінску 1 верасня 2016 года.

У першы дзень верасня Правацэнтрысцкая кааліцыя правяла сумесны агітацыйны пікет каля ЦУМа ў Мінску.

На пікеце былі выстаўленыя агітацыйныя стэнды першага намесніка старшыні Руху “За свабоду” Юрыя Губарэвіча, прамоўцы БХД Вольгі Кавальковай, намесніка старшыні аргкамітэта Хрысціянска-дэмакратычнага руху Максіма Гацака, каардынатара Руху “За свабоду” па Мінску Юрыя Меляшкевіча.

“Правацэнтрысцкая кааліцыя ідзе на гэтыя выбары з адзіным спісам кандыдатаў і з супольным пасланнем. Мы ведаем, што ніякія рэформы ў Беларусі немагчымыя без правядзення свабодных выбараў. 11 верасня адбудзецца чарговае галасаванне, але месцы ў Палаце прадстаўнікоў ужо рамеркаваныя. Але мы маем кандыдатаў, якія здольныя быць дэпутатамі. 11 верасня адбудуцца выбары, прыходзьце і падтрымайце кандыдатаў ад Правацэнтрысцкай кааліцыі”, - заклікаў Юрый Губарэвіч.

Ён адзначыў, што адзіны час, калі альтэрнатыўныя кандыдаты могуць з’яўляцца на беларускім тэлебачанні – перадвыбарчая агітацыя. Але тых пяці хвілін, якія адводзяцца на выступ кожнаму, недастаткова, каб сказаць усю праўду.

Актывісты раздавалі ўлёткі сваіх кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

За падзеямі пільна сачылі супрацоўнікі ў цывільным, адзін з іх увесь час здымаў падеі на відэакамеру.  

Сябра Руху “За свабоду” Алесь Лагвінец, якому адмовілі ў рэгістрацыі кандыдатам нібыта за парушэнні падчас збору подпісаў, звярнуў увагу грамадзянаў на актуальныя праблемы:

“Мы ўдзельнічаем у гэтай выбарчай кампаніі, каб казаць пра праблемы, пра якія мы і вы не чуем з дзяржаўнага тэлебачання і радыё. Мы ўсе падаткаплатнікі, мы плацім грошы, але на гэтыя грошы жывуць дармаеды-ідэолагі, на гэтыя грошы ўтрымліваюцца вялізарныя рэпрэсіўныя апараты, якія нам не патрэбныя. Нам расказваюць казку пра тое, што ў нас нібыта ўсё цывілізавана, як у Еўропе. Але ў Еўропе ёсць выбары! Ёсць павага адна да аднаго, ёсць магчымасці бараніць свае правы. Сёння ў нашых судах усе рашэнні прымаюцца толькі на карысць дзяржавы і чыноўнікаў. Падумайце, куды ідуць вашыя грошы? Падумайце таксама, ці ёсць у Беларусі будучыня з гэткай уладай? Такая ўлада не патрэбная нам, зараз час на мірныя змены. І Беларусь заслугоўвае лепшага”.

Праз некаторы час прыехалі аператар і журналіст Белтэлерадыёкампаніі, якія таксама здымалі пікет, але не бралі інтэрв'ю. 

Людзі з большага праходзілі міма, спяшаючыся па сваіх справах. Аднак, некаторыя спыняліся, слухалі прамоўцаў, размаўлялі з імі ў прыватных гутарках.

Пікет цягнуўся каля 30 хвілін.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства