viasna on patreon

Прэтэндэнт у кандыдаты-камуніст з Крычава просіць ЦВК адхіліць ад удзелу ў выбарах іншую камуністку

2016 2016-08-31T09:01:47+0300 2016-08-31T09:04:19+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ushakou-uladzimir-krychau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Ушакоў. Фота газеты "Вольны горад"

Уладзімір Ушакоў. Фота газеты "Вольны горад"

Член Камуністычнай партыі Беларусі, былы прэтэндэнт у кандыдаты па Крычаўскай выбарчай акрузе №83 Уладзімір Ушакоў 29 жніўня накіраваў заявы ў ЦВК і пракуратуру Магілёўскай вобласці.

 У заяве ў Цэнтрвыбаркам Уладзімір Ушакоў просіць правесці праверку па фактах парушэнняў з боку кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Крычаўскай выбарчай акрузе №83 Марачкавай Т. Б. і пры іх пацверджанні прапануе вынесці рашэнне аб яе адхіленні ад удзелу ў выбарах. Калі будуць выяўлены парушэнні з боку іншых асоб, то прыцягнуць іх да адказнасці ў межах прадастаўленых ЦВК паўнамоцтваў.

Уладзімір Ушакоў зноў абвінавачвае акруговую выбарчую камісію Крычаўскай выбарчай акругі №83 і персанальна намесніка старшыні акруговай выбарчай камісіі, начальніка арганізацыйна-кадравага аддзела Крычаўскага райвыканкама Міхаіла Мяшкуру ў арганізацыі ціску на чальцоў ініцыятыўнай групы па яго вылучэнні кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Спадар Ушакоў сцвярджае, што Міхаіл Мяшкура прымусіў адмовіцца ад удзелу ў ініцыятыўнай групе па яго вылучэнні кандыдатам у дэпутаты некалькіх чалавек, спасылаючыся на іх сталы ўзрост. Уладзімір Фёдаравіч таксама лічыць, што, з мэтай пропуску ім тэрмінаў абскарджвання рашэння камісіі аб адмове ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па збору подпісаў за яго вылучэнне кандыдатам у дэпутаты, Міхаіл Мяшкура адмыслова накіраваў яму адпаведны ліст у пятніцу вечарам праз пошту. У выніку прэтэндэнт у кандыдаты прапусціў тэрміны абскарджвання.

Уладзімір Ушакоў прыводзіць доказы таго, што іншы прэтэндэнт у кандыдаты ў дэпутаты па Крычаўскай выбарчай акрузе №83 Таццяна Марачкава была прынятая ў КПБ заднім чыслом. На момант рэгістрацыі яе ініцыятыўнай групы Таццяна Марачкава не з’яўлялася членам КПБ, хоць указала ў дакументах партыйнасць у КПБ, тым самым падмануўшы акруговую камісію.

Ушакоў лічыць, што толькі гэтага факту падману дастаткова для адхілення “камуністкі” Марачкавай ад удзелу ў парламенцкіх выбарах.

У скарзе ў пракуратуру Магілёўскай вобласці Уладзімір Ушакоў просіць правесці раследаванне законнасці, аб’ектыўнасці і неперадузятасці правядзення праверкі па яго заяве пракурорам Крычаўскага раёна М. Разанцавым і прыняць меры пракурорскага рэагавання ў адносінах да яго.

На думку Ушакова, пракурор Крычаўскага раёна адмыслова не прыняў да ўвагі факт парушэння выбарчага заканадаўства кандыдатам у дэпутаты, старшынёй Крычаўскага райсавета Таццянай Марачкавай. У матэрыялах праверкі, праведзенай па заяве Уладзіміра Ушакова пракуратурай Крычаўскага раёна, ёсць тлумачэнне старшыні Крычаўскай раённай арганізацыі КПБ З. Скачковай, што пасяджэнне па прыёму Таццяны Марачкавай ў КПБ прайшло 12 жніўня. Між тым, на сайце Крычаўскага райвыканкама была размешчана інфармацыя аб тым, што на пасяджэнні акруговай выбарчай камісіі Крычаўскай выбарчай акругі №83 8 жніўня зарэгістравана ініцыятыўная група па вылучэнню кандыдатам у дэпутаты члена КПБ Таццяны Марачкавай.

Такім чынам, Марачкава свядома падманула акруговую камісію, аднак пракурор Крычаўскага раёна М. Разанцаў чамусьці адказаў Ушакову, што ўказаныя ў яго заяве факты не знайшлі пацвярджэння, і парушэнняў выбарчага заканадаўства не ўстаноўлена.

Нагадаем, што акруговая выбарчая камісія Крычаўскай выбарчай акругі №83 адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групе даўняга члена КПБ Уладзіміра Ушакова.

Старшыня Крычаўскага раённага Савета дэпутатаў  “камуніст” Таццяна Марачкава з’яўляецца асноўным прэтэндэнтам ад улады ў Крычаўскай выбарчай акрузе №83. У Крычаўскім раёне зафіксавана шмат фактаў выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу пры зборы подпісаў у падтрымку вылучэння Таццяны Барысаўны кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Ініцыятыўная група сабрала за вылучэнне старшыні Крычаўскага райсавета аж 15 273 подпісы выбаршчыкаў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства