Прызначана дата разгляду касацыйнай скаргі Рыгора Кастусёва па справе Дня Волі
Намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў атрымаў уведамленне з суда Савецкага раёна горада Мінска, у якім сказана, што разгляд яго скаргі на пастанову аб адміністрацыйным правапарушэнні суда ад 21 ліпеня адбудзецца ў Мінскім гарадскім судзе 2 верасня ў 15-00.
Нагадаем, што Рыгор Кастусёў 31 ліпеня накіраваў скаргу ў Мінскі гарадскі суд на пастанову суддзі суда Савецкага раёна г. Мінска Марыны Фёдаравай ад 21.07.2016 г. аб пакаранні яго штрафам у памеры 20 базавых велічынь (420 рублёў) за ўдзел у святкаванні Дня Волі 25 сакавіка.
У скарзе палітык просіць Мінскі гарадскі суд адмяніць пастанову суддзі М. Фёдаравай і спыніць супраць яго адміністрацыйны працэс за адсутнасцю ў яго дзеяннях складу адміністрацыйнага правапарушэння.
Таксама Кастусёў звяртаецца да суда з просьбай вынесці на адрас суддзі Фёдаравай М. А. прыватнае вызначэнне за прыняцце заведама неправасуднай пастановы.
Кастусёў лічыць, што ён не дапускаў ніякіх парушэнняў беларускага заканадаўства падчас адзначэння Дня Волі 25 сакавіка 2016 г. у Мінску. Святкаванне Дня Волі ажыццяўлялася з дазволу Мінскага гарвыканкама, і Рыгор Кастусёў, які быў адным з арганізатараў акцыі, прыводзіць пераканаўчыя доказы, што мерапрыемства прайшло арганізавана і без усялякіх эксцэсаў.
2 верасня ў Мінскім гарадскім суддзе адбудзецца разгляд ужо другой скаргі Рыгора Кастусёва. Раней суддзя суда Савецкага раёна Мінска Наталля Драчова ўжо карала палітыка штрафам у памеры 30 базавых велічынь за удзел “у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве” паводле артыкула 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь за адзначэнне Дня Волі 25 сакавіка ў гэтым годзе.
Тады Рыгор Кастусёў не пагадзіўся з рашэннем суда Савецкага раёна Мінска і абскардзіў яго ў Мінскім гарадскім судзе.
17 чэрвеня 2016 г. суддзя Мінскага гарадскога суда Валерый Камісараў скасаваў рашэнне аб пакаранні Рыгора Кастусёва штрафам з-за шматлікіх памылак, дапушчаных пры складанні пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні і падчас судовага пасяджэння ў судзе Савецкага раёна. Адміністрацыйная справа ў адносінах Кастусёва, згодна рашэння Мінскага гарадскога суда, была накіраваная на перагляд у суд Савецкага раёна да іншага суддзі. Аднак 21 ліпеня суддзя суда Савецкага раёна Мінска Марына Фёдарава зноў пакарала намесніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва штрафам у памеры ўжо 20 базавых велічынь (420 рублёў) за ўдзел у святкаванні Дня Волі 25 сакавіка паводле ч. 1 артыкула 23.34 КаАП -- удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.