Доўгачаканае адкрыццё сезону Жывых бібліятэк у ангары “ЦЭХа” 28 жніўня!
Гэтым разам “Жывая бібліятэка” адбудзецца 28 жніўня у межах праекта часопіса CityDog.by “Мінскія дыяспары” у ангары “ЦЭХа” разам з выставай “Межы Іншага” групы “Вера”.
«Мы так засумавалі без Вас, што вырашылі не чакаць верасень і сустрэцца ўжо ў жніўне», - кажуць арганізатары мерапрыемства.
Жывая бібліятэка – гэта метад разбурэння стэрэатыпаў і крыніца сумленных адказаў на хвалюючыя пытанні. Гэта менавіта тое месца, дзе ва ўтульнай абстаноўцы за кубачкам гарбаты можна паразмаўляць з цікавымі людзьмі, адкрыць для сябе новае і часам нават атрымаць слушную параду.
У Жывой бібліятэцы людзі са сваімі гісторыямі становяцца “кнігамі” для таго, каб адказаць на вашыя пытанні. “Кніга” – гэта чалавек, які належыць да нейкай стыгматызаванай сацыяльнай групы, мае асаблівы светапогляд, унікальную прафесію, належыць да спецыфічнай субкультуры ці мае веравызнанне, нязвыклае для большасці з нас. Агулам вельмі падобна на сапраўдную бібліятэку: вы прыходзіце, атрымліваеце картку чытача, запісваеце ў бібліятэкара кніжку, якую хочаце пачытаць, і пачынаеце “чытанне” калі надыходзіць час сесіі.
“Жывая бібліятэка” – гэта выдатная магчымасць падвесці вынікі лета і даведацца пра што-небудзь новае.
Прыходзьце 28 жніўня з 15.00 да 19.00 у ангар “ЦЭХа” (ст. м. Першамайская, вул. Кастрычніцкая, 16).
Жывую бібліятэку арганізуе МПГ “Студэнцкая Рада” і праходзіць яна ў фармаце міжнароднай метадалогіі Human Library.
Арганізатары заўсёды рады новым людзям у камандзе. Калі вы хочаце стаць валанцёрам на Жывой бібліятэцы, дапамагчы з пошукам кніг, альбо часта сутыкаецеся са стэрэатыпамі адносна некаторых вашых асаблівасцяў і хочаце знайсці больш разумення сярод тых, хто побач з вамі, то пішыце на mshtrahova@gmail.com.
Сачыце за навінамі ў суполках у VK і FB, дзе ўжо зусім хутка арганізатары раскрыюць таямніцу таго, якія кнігі адкрыюцца гэтым разам.