viasna on patreon

Мікалай Дзядок: Жыццё за кратамі ўжо ніколі не будзе “вельмі далёка”

2016 2016-08-23T07:41:20+0300 2016-08-23T07:42:33+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mikola_dziadok_egu_4.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мікалай Дзядок (фота Студэнцкага прадстаўніцтва ЕГУ )

Мікалай Дзядок (фота Студэнцкага прадстаўніцтва ЕГУ )

Год таму, 22 жніўня 2015 г., выйшлі на волю палітвязні Мікалай Дзядок,Ігар Аліневіч, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка, Юры Рубцоў і Мікалай Статкевіч.

Мікалай Дзядок распавёў сайту palitviazni.info пра год жыцця на волі і турэмныя ўспаміны.

“Жыццё за кратамі ўжо ніколі не будзе “вельмі далёка”,– кажа ён. –Гэта важная і неад’емная частка майго жыцця.Ад успамінаў дазвычак і катэгорый мыслення яна зараз заўсёды са мной”.

Нагадаем, што Мікалай Дзядок быў узяты пад варту 3 верасня 2010 г., прысуджаны 27 мая 2011 г. за злоснае хуліганства да 4,5 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Рашэннем суда ад 5 снежня 2012 г. умовы адбыцця пакарання былі змененыя на больш жорсткія, ён пераведзены з калоніі №17 у Шклове ў турму №4 г. Магілёва. У лістападзе 2014 году на Мікалая Дзядка завялі новую крымінальную справу за “злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы”. 26 лютага 2015 года суд працягнуў тэрмін яго зняволеньня на 1 год і 3 дні.

22 жніўня 2015 г. выйшлі на волю палітвязні Мікалай Дзядок, Ігар Аліневіч, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка, Юры Рубцоў і Мікалай Статкевіч.

“Сёння роўна год, – напісаў Мікалай Дзядок у сацыяльных сетках, успамінаючы сваё ваызваленне. – Сяджу сабе, п’ю гарбату з кавалачкам гематагену, заходзяць ДПНК і рэжымнік: “збірайся, выходзь”.Я пытаюсь: “куды?”, а яны не кажуць. Але прыйшлося выйсці. Ужо бліжэй да выхаду з зоны пачалі казаць, маўляў, на волю. Але я не верыў да таго самага моманту пакуль не адкрыліся дзверы і я не апынуўся за фізічнымі межамі ўстановы.

Эйфарыя? Радасць? Захапленне? Нічога падобнага. У той момант я адчуваў толькі татальны шок. Як лапатай па галаве. Кавалак мозга, што адказвае за логіку, усё разумеў але светаўспрыяцце адмаўлялася прыняць такую рэзкую змену абстаноўкі. “Кідай рэчы, паехалі”, – кажуць трое гэбэшнікаў на патрыманай іншамарцы. Ну паехалі дык паехалі. 40 хвілін да Воршы, пасадзілі на цягнік, далі квіток і сказалі “Больш не трапляйся”. Ага, пастараюся.

Для таго, каб усвядоміць, што са мной цалкам адбылося і прыняць той факт, што я ў іншым свеце, мне спатрэбілася яшчэ 4 дні. Дзіўнае адчуванне. Цела робіць усё адэкватна: ходзіць па кватэры там, апранаецца ў нязвыклае адзенне… а уся свядомасць цалкам адмаўляецца прыняць такі катастрафічны пераварот у рэчаіснасці і выдае мозгу няспынны сумнеў у рэальнасці таго, што адбываецца. Калі б у гэтыя 4 дні мяне вярнулі назад – я б нічога і не заўважыў.

Хочаце верце, хочаце не, але адчуванне нерэальнасці навакольнага свету час ад часу накатвае дагэтуль – гляджу па баках і не веру што я тут. Аднак усё гэта – ілжывая дыхатамія. Пакуль існуе дзяржава, мы ўсе ў турме”.

– Якім быў для вас гэты год?

– Год праляцеў вельмі хутка. Наладжваў сацыяльныя сувязі: заводзіў старыя, узнаўляў новыя. Прыстасоўваўся да змен у грамадстве і наваколлі, паглынаў інфармацыю пра тое, што адбывался за гэтыя 5 год у краіне і свеце, асвойваў тэхналагічныя навінкі. І, вядома, паступленне ў ЕГУ і жыццё ў Літве было вельмі важным этапам – пашырыла мой кругагляд.

– Ці засталося жыццё за кратамі недзе далёка?

– Не, жыццё за кратамі ўжо ніколі не будзе “вельмі далёка”. Гэта важная і неад’емная частка майго жыцця. Ад успамінаў да звычак і катэгорый мыслення яна зараз заўсёды са мной.

palitviazni.info

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства