Прадстаўнік Amnesty International ЗША – беларускім калегам: Разам мы ўсё ж такі пераможам (аўдыё)
На бягучым тыдні ў офіс Праваабарончага цэнтра “Вясна” завітаў Вячаслаў Бортнік, наш зямляк з Гомеля, які цяпер жыве ў Вашынгтоне і з’яўляецца кіраўніком Каардынацыйнай групы па Еўразіі ў Amnesty International ЗША.
У размове з госцем сябры “Вясны” не прамінулі пацікавіцца, як сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі бачыцца за акіянам.
“Грунтоўных зменаў не бачна, на жаль. Канешне, пасля вызвалення шасці палітычных зняволеных камусьці можа падацца, што сітуацыя палепшылася. І на жаль, у ЗША не шмат цікавасці да Беларусі наогул, бо Злучаныя Штаты ў сваёй знешняй палітыцы ў асноўным цікавяцца Сірыяй, Аўганістанам, Іранам, Расіяй і таксама падзеямі ва Украіне. Тым не менш, праваабарончыя арганізацыі, а таксама дыяспаральныя групы сочаць за развіццём падзеяў у Беларусі і намагаюцца, каб амерыканскія ўлады ведалі, што насамрэч адбываецца ў гэтай краіне, а не толькі палягалі на тое, што вызвалілі гэтых шасцёх зняволеных і ўсё стала добра”, - распавёў Вячаслаў Бортнік.
Разам з тым суразмоўца адзначыў, што як прадстаўнік праваабарончай арганізацыі ён мае добрыя кантакты ў Дзярждэпартаменце і ў Кангрэсе ЗША:
“Ёсць шмат кангрэсмэнаў, якія падтрымліваюць дэмакратычныя працэсы ў Беларусі і цікавяцца сітуацыяй з правамі чалавека ў краіне. Мы сустракаемся з імі кожныя тры месяцы і даем новую інфармацыю”.
Пры гэтым ён абазначыў асноўныя крокі беларускіх уладаў, якія не засталіся незаўважанымі праваабаронцамі ў ЗША:
“Нягледзячы на насамрэч невялічкія змены ў становішчы правоў чалавека ў Беларусі, мы бачым, што рэжым змяняе сваю тактыку: ужо выкарыстоўваюцца іншыя шляхі, каб забараніць любую альтэрнатыўную актыўнасць у грамадстве. Найперш нас хвалююць вельмі вялікія штрафы грамадска-палітычным актывістам, і людзі таксама запалоханыя гэтым. Канешне, можа падацца, што штрафы – не такая жорсткая мера, як арышты, але ўсё ж калі судовы выканаўца прыходзіць у тваю хату і апісвае маёмасць, то ты ўжо задумаешся - выходзіць на той пратэст ці не, працаваць на незалежныя сродкі масавай інфармацыі ці не.
Таксама не так даўно Amnesty International зрабіла даклад пра выкарыстанне тэлекамунікацыйных кампаній для незаконнага сачэння ў Беларусі, дзе распавядаецца, як беларускія ўлады выкарыстоўваюць розныя тэхнічныя “ноў хаў”, каб сачыць за людзьмі. І мы ведаем, што амаль усе беларускія дэмакратычныя актывісты, праваабаронцы і журналісты знаходзяцца ў такой сітуацыі, калі за імі сочаць 24 гадзіны ў суткі”.
Сярод асноўных накірункаў працы сваёй арганізацыі па Беларусі Вячаслаў Бортнік адзначыў дзейнасць па спыненні смяротнага пакарання, па праблемах парушэнняў правоў на свабоду мірных сходаў, свабоду асацыяцыі і свабоду выказванняў. Таксама сябры Amnesty International вядуць працу з прадстаўнікамі амерыканскай дзяржавы, ладзяць пратэстныя акцыі перад будынкамі амбасадаў Беларусі ў Вашынгтоне і Нью-Ёрку і офіса Беларусі ў ААН, працуюць з амерыканскай прэсай, каб данесці інфармацыю пра становішча правоў чалавека ў Беларусі.
Звяртаючыся да сваіх калегаў, госць “Вясны” адзначыў, што вельмі ўражаны дзейнасцю праваабаронцаў у Беларусі.
“Вы вельмі смелыя людзі. Я падтрымліваю стасункі з многімі беларускімі праваабаронцамі і хачу пажадаць усім моцы і трываласці ў гэтай складанай сітуацыі. Я ведаю, што разам, супольна з грамадскімі актывістамі тут, у Беларусі, з моладзевымі і жаночымі арганізацыямі, з арганізацыямі меншасцяў, мы ўсё ж такі пераможам”, - сказаў Вячаслаў Бортнік.