viasna on patreon

Праваабаронцы ўзялі ўдзел у сустрэчы з дэлегацыяй ПАСЕ

2016 2016-08-09T16:03:00+0300 2016-08-10T13:38:55+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/rygoni-andrea.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Cпецдакладчык ПАСЕ па Беларусі Андрэа Рыгоні

Cпецдакладчык ПАСЕ па Беларусі Андрэа Рыгоні

9 жніўня ў Мінску дэлегацыя Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, у складзе якой працуе спецдакладчык па Беларусі Андрэа Рыгоні, правяла сустрэчу з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці.

У сустрэчы з назіральнай місіяй ПАСЕ ўдзельнічалі палітолаг Валерый Карбалевіч, дырэктар “Таварыства параўнальна-прававых даследванняў” Сяргей Альфер, аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследванняў (BISS) Алена Арцёменка і прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Алег Гулак (ад БХК) і Валянцін Стэфановіч (ад ПЦ “Вясна”).

Як распавёў Валянцін Стэфановіч, размова з прадстаўнікамі ПАСЕ праходзіла ў сяброўскай атмасферы. Абмяркоўваліся такія пытанні, як становішча правоў чалавека і грамадзянскай супольнасці Беларусі на бягучы момант, грамадска-палітычны фон цяперашняй парламенцкай кампаніі. Таксама прадстаўнікі незалежнага назірання закранулі асобныя аспекты тых этапаў выбарчай кампаніі, якія ўжо завяршыліся.

“Важна, каб міжнародная супольнасць мела інфармацыю адносна таго, што адбываецца ў Беларусі, з розных крыніцаў. А для нашай кампаніі тым больш важна падзяліцца з міжнароднымі назіральнікамі за выбарамі сваімі высновамі, ацэнкамі і прагнозамі”, - падкрэсліў праваабаронца “Вясны”.

Нагадаем, папярэдняя місія Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы па назіранні за парламенцкімі выбарамі 9-10 жніўся знаходзіцца ў Беларусі з азнаямленчым візітам. У склад місіі на чале з аўстрыйскай парламентаркай Гізэлай Вурм уваходзяць прадстаўнікі Нарвегіі, Чарнагорыі, Арменіі, Францыі, Польшчы і Італіі, сярод іх - спецдакладчык ПАСЕ па Беларусі Андрэа Рыгоні. У межах кароткага візіту назіральнікі ПАСЕ праводзяць сустрэчы з прадстаўнікамі Цэнтрвыбаркама, Белтэлерадыёкампаніі, СМІ, грамадзянскай супольнасці і дыпламатамі з мэтай ацаніць хаду выбарчай кампаніі і палітычны клімат у краіне напярэдадні парламенцкіх выбараў, якія пройдуць 11 верасня.

Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" з'яўляецца незалежнай і не ставіць мэтай падтрымку палітычных партый і якіх-небудзь палітычных дзеячоў. Увесь выбарчы працэс назіральнікі ацэньваюць выключна зыходзячы з прынцыпаў свабодных, дэмакратычных і празрыстых выбараў, пры якіх народ Беларусі можа ў поўнай меры рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на ўдзел у кіраванні сваёй краінай.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства