viasna on patreon

Накладзены арышт на жыллё Тамары Сяргей

2016 2016-08-05T15:47:32+0300 2016-08-05T16:22:14+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/siargej_tamara.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Тамара Сяргей

Тамара Сяргей

Накладзены арышт на жыллё актывісткі Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконнасці ў судах і пракуратуры, юрысткі Тамары Сяргей. Пра гэта гаворыцца ў пастанове ад 29 ліпеня судовага выканаўцы аддзелу прымусовага выканання Савецкага раёну Мінска Настассі Шкрабо. Пра гэта паведамляе "Новы Час".

Сваё рашэнне яна матывавала тым, што арышт на жыллё неабходны для спагнання штрафу з праваабаронцы ў памеры 840 руб.  

У каментары НЧ Тамара Сяргей расцаніла дзеянні Настассі Шкрабо як доказ уціску. «Бо згодна заканадаўству, спагнанне не можа быць звернута на кватэру, дзе я стала пражываю. Нягледзячы на гэта, судовая выканаўца ўсё ж такі арыштавала маё жыллё. Такім чынам, спадарыня Настасся Шкрабо пераступіла закон», — падкрэсліла юрыстка.  

Трэба зазначыць, што 27 ліпеня і 4 жніўня судовыя выканаўцы двойчы спрабавалі патрапіць у сталічную кватэру Тамары Сяргей, каб зрабіць агляд жылля і высветліць матэрыяльны стан праваабаронцы. У якасці падставы для агляду была названая вялікая сумма штрафу, якую павінна ўнесці ў фонд дзяржавы юрыстка. Аднак яна адмовілася дапускаць судовых выканаўцаў у сваё жыллё.

Нагадаем, што 24 чэрвеня суддзя Мінскага гарадскога суду Валер Камісараў падтрымаў рашэнне суддзі суду Цэнтральнага раёна горада Мінска Вікторыі Шабуні, якая 20 траўня аштрафавала на 40 базавых велічынь (840 руб.) юрыстку Тамару Сяргей.

Яна пакараная штрафам за арганізацыю і ўдзел у недазволеным пікетаванні, што 31 сакавіка на сталічным пляцы Волі ладзілі 15 актывістаў Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконнасці ў судах і пракуратуры — пенсіянеры і інваліды з розных рэгіёнаў краіны дзеля таго, каб дамагчыся дыялогу з чыноўнікамі, якія даюць адпіскі на звароты грамадзянаў.  

За ўдзел у двух пікетаваннях на гэты конт (31 сакавіка і 12 траўня) на сталічным пляцы Волі апроч Тамары Сяргей пакараныя штрафам бабруйчане Любоў Санкевіч, муж і жонка Аляксандр і Валянціна Каваленкі, а таксама мінчанка 77-гадовая Камелія Чарняўская і жыхар райцэнтру Крупкі Мінскай вобласці, 78-гадовы інвалід-ардэнаносец, ветэран працы Барыс Бабок. Агулам за два пікеты гэтыя пенсіянеры аштрафаваныя на 150 базавых велічынь – 3.150 руб. ці 1.575 даляраў ЗША.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства