viasna on patreon

ЦІП пасля рамонту – сведчанні сядзельцаў

2016 2016-08-05T10:59:13+0300 2016-08-05T10:59:41+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/cip-akrescina.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Тэма прыніжаючых чалавечую годнасць ўмоў утрымання ў мінскім Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў не раз уздымалася беларускімі праваабаронцамі.

Актывісты, якія адбывалі адміністрацыйны арышт у ЦІП па завулку Акрэсціна, 36, паведамлялі  аб поўнай адсутнасці мэблі ў камеры, нізкай тэмпературы, адсутнасці вентыляцыі, недастатковым асвятленні, забароне прадуктовых перадач, адсутнасці належнай медыцынскай дапамогі і ў асноўным –  аб жахлівым санітарна-гігіенічным стане камер.

Варта адзначыць, што адказваючы на скаргі, і пракуратура, і ГУУС Мінгарвыканкама прызнавалі наяўнасць праблем у ЦІП.

Праваабаронца Сяргей Усцінаў, які займаецца парушэннямі ў ЦІП на Акрэсціна з 2009-га года, паведаміў сайту "Праваабаронцы супраць катаванняў", што пры асабістых зносінах старшы памочнік пракурора горада Мінска па наглядзе за законнасцю выканання крымінальных пакаранняў саветнік юстыцыі М.М. Герашчанка адзначыў, што яшчэ ў 2008 годзе пракуратура Мінска ўносіла прадстаўленне ў ГУУС Мінгарвыканкама аб неналежных умовах утрымання ў ЦІП, і ў 2009 годзе туды ж уносілася адпаведная інфармацыя. Рэспубліканская санітарна-эпідэміялагічная станцыя неаднаразова давала прапановы адміністрацыі ЦІП па правядзенні капітальнага рамонту.

У выніку, дзякуючы намаганням праваабаронцаў, у канцы 2012 года ЦІП быў зачынены на рамонт.

У рамках маніторынгу ўмоў утрымання ў ізалятарах часовага ўтрымання праваабаронцы апыталі двух грамадзян, якія адбывалі адміністрацыйны арышт у ЦІП пасля рамонту ў снежні 2015 года і ў сакавіку 2016 года.

Апытаныя паведамілі, што ў ЦІП ім выдаваліся новыя матрацы, падушкі, коўдры, пасцельная бялізна і ручнік. Камеры былі абсталяваныя дастатковай колькасцю мэблі - двух'ярусныя індывідуальныя спальныя месцы, стол, лаўкі, тумбачкі. Камеры былі абсталяваны рукамыйніцай і санвузлом, якія забяспечваюць інтымнасць. Тэмпература ў камеры была камфортнай і зімой, і вясной, працавала вентыляцыя, мелася дастатковую асвятленне, сцены былі чыстымі і пафарбаванымі. Арыштаваным сталі падавацца штодзённыя прагулкі працягласцю 30-40 хвілін.

Такім чынам, варта адзначыць паляпшэнне умоў у ЦІП пасля праведзенага рамонту. Тым не менш, нягледзячы на паляпшэнне бытавых умоў, праблемы з харчаваннем ўсё яшчэ застаюцца - асобы, якія адбылі адміністрацыйны арышт, скардзяцца на жудасную якасць ежы, за якую яны абавязаны заплаціць 11 рублёў за кожны дзень утрымання ў цэнтры. Акрамя таго, па словах апытаных, правы арыштаваным пры змяшчэнне ў ЦІП па-ранейшаму не тлумачацца, сродкі асабістай гігіены не выдаюцца, тэлефонных перамоваў не прадастаўляюць, курыць у камеры было дазволена ў снежні, а ў сакавіку - ужо толькі падчас прагулкі.

«Як праваабаронцу, мяне радуюць зробленыя крокі па паляпшэнні ўмоў утрымання ў ЦІП. Што тычыцца рэшткавых праблем, то яны не патрабуюць дадатковых матэрыяльных выдаткаў. Напрыклад, магчыма ўтрымліваць тых, хто паліць асоб асобна ад тых, хто не паляць, а прагулкі павялічыць да законнай адной гадзіны ў дзень. Кіраўніцтву ЦІП ўсяго толькі трэба стаць трохі больш чалавечным, убачыць гэтыя праблемы, зразумець сітуацыю і выправіць яе. А таксама не спыняцца на дасягнутым, і навучыць супрацоўнікаў мінімальным стандартам правоў чалавека», - патлумачыў праваабаронца Сяргей Усцінаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства