viasna on patreon

Эксперт Front Line Defenders: Уплыў крызісу міжнародных інстытутаў на дзейнасць праваабаронцаў працягнецца (аўдыё)

2016 2016-08-02T16:25:05+0300 2016-08-02T16:55:48+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/szyszczankova.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Марыя Шышчанкова (другая злева) і валанцёры Праваабарончага цэнтру "Вясна"

Марыя Шышчанкова (другая злева) і валанцёры Праваабарончага цэнтру "Вясна"

На мінулым тыдні ў офісе Праваабарончага цэнтру “Вясна” адбылася сустрэча валанцёраў з прадастаўніцай міжнароднай арганізацыі па абароне праваабаронцаў Front Line Defenders Марыяй Шышчанковай, якая з’яўляецца каардынатарам па краінах Еўропы і Цэнтральнай Азіі.

Эксперт распавяла пра напрамкі дзейнасці і магчымасці для праваабаронцаў, якія прадстаўляе Front Line Defenders, пра гучныя справы, якімі займаліся  прадстаўнікі арганізацыі, а таксама пра сітуацыю з правамі чалавека ў тых рэгіёнах, якія часта застаюцца без увагі міжнароднай супольнасці – у Цэнтральнай Азіі і на Паўночным Каўказе.

Марыя Шышчанкова: Не самая спрыяльная сітуацыя з правамі чалавека ў Цэнтральнай Азіі і на Паўночным Каўказе за апошнія гады яшчэ больш пагоршылася. Напрыклад, становішча ва Узбекістане стала значна больш кепскім пасля беспарадкаў у Андзіжане ў 2005 годзе. Улады “згарнулі” шмат свабодаў, людзі пачалі з’язджаць з краіны, шмат каго затрымалі. Ва Узбекістане ёсць цэлая кагорта людзей, якія да гэтага часу сядзяць у турмах, бо атрымалі ад 7 да 15 гадоў зняволення. Некаторыя з іх ужо павінны былі выйсці на свабоду, але ім працягнулі гэтыя тэрміны. Прама ў турме арганізуюць суды, не папярэджваюць пры гэтым ні адвакатаў, ні сям’ю. І толькі потым адсылаюць сваякам паведамленне, што за парушэнне турэмнага рэжыму тэрмін зняволяння падоўжаны яшчэ на некалькі гадоў. Таксама ва Узбекістане была праблема выкарыстання дзіцячай працы на баваўняных палях, калі дзяцей цэлымі школамі прымусова вазілі збіраць бавоўну. Тады адбылося некалькі смяротных выпадкаў: хтосьці трапіў пад трактар, хтосьці атруціўся. І вельмі складана было задакументаваць такія парушэнні правоў чалавека, бо заўсёды хто-небудзь выклікаў паліцыю, каб тая затрымала назіральнікаў.

Калі разглядаць сітуацыю ў Чачні, то там усё змянілася пасля забойства праваабаронцы Наталлі Эсцеміравай. Гэта была знакавая справа, таму што  забілі жанчыну, а па іх унутраных парадках гэта немагчыма. Напрыклад, у час войнаў жанчыны былі актыўна ўключаныя ў абарончыя акцыі, бо іх нават не адважваліся біць. Але пасля забойства Эсцеміравай усё змянілася. Закрылі аддзяленне праваабарончай арганізацыі “Мемарыял”, рэзка ўзрасла колькасць выпадкаў знікнення людзей, катаванняў і збіцця. У Чачні дзейнічала зводная мабільная група, якой удавалася працаваць у вельмі складаных умовах. Адвакаты метадам ратацыі па тры чалавекі па месяцы працавалі ў рэгіёне. У групы быў вельмі добры план бяспекі, але праз тое, што ў кіраўніка былі складаныя адносіны з прэзідэнтам Рамзанам Кадыравым, ім усяляк перашкаджалі, некалькі разоў на іх нападалі, таму пакуль яны прыпынілі сваю дзейнасць. Зараз становішча такое, што ноччу могуць прыехаць “варанкі” і забраць як мужчын, так і жанчын. Можна сустрэць выпадкі збіцця жанчын мужчынамі – таго, што раней здавалася недапушчальным.

Іншая сітуацыя ў Дагестане. Там імкліва развіваецца ісламскі рух, шмат моладзі сыходзіць у ІГІЛ, многія з’язджаюць вучыцца ў рэлігійныя ўстановы. Для мясцовай паліцыі цалкам звыклая практыка, калі пад прыкрыццём барацьбы з тэрарызмам яны атачаюць прыватны дом і закідваюць яго бомбамі. У выніку гінуць цэлыя сем’і. Таму не дзіўна, што гэта спараджае ўсё большую мабілізацыю з другога боку.

Напрыканцы сустрэчы Марыя Шышчанкова выказала меркаванне, што сусветны крызіс міжнародных інстытутаў, які несумненна ўплывае на дзейнасць праваабаронцаў, працягнецца яшчэ некаторы час. Аднак гэта ні ў якім разе не азначае, што правабаронцам варта спыняць сваю актыўнасць.


Міжнародны фонд абароны праваабаронцаў Front Line Defenders быў заснаваны ў 2001 годзе ў Дубліне з мэтай абароны і падтрымкі праваабаронцаў, чыё жыццё і здароўе падвяргаюцца небяспецы праз іх законную і мірную дзейнасць. У Бруселі дзейнічае прадстаўніцтва арганізацыі па Еўрасаюзе. Супрацоўнікі Front Line Defenders таксама працуюць у рэгіёнах Азіі, Афрыкі, Блізкага Усходу, Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства