Гродзенскі назіральнік накіраваў скаргу адносна выкарыстання дзяржаўнага інфармацыйнага рэсурсу за некаторых прэтэндэнтаў
Гродзенскі незалежны назіральнік Раман Юргель накіраваў скаргу ў ЦВК, у якой звяртае ўвагу на сістэмнае парушэнне заканадаўства рэдакцыяй афіцыйнага органа Гродзенскага аблвыканкаму “Гродзенская праўда”. Гэтае выданне займаецца прасоўваннем праўладных прэтэндэнтаў у кандыдаты, як у сваім папяровым варыянце (наклад 30650 асобнікаў), так і на інтэрнэт-сайце. Гэта пацвярджаецца наступнымі прыкладамі:
1.«Гродзенская праўда» ад 13.07.2016 №55 публікуе артыкул «Чтобы сердце стучало» пра Тамару Даўгашэй, члена Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу РБ, галоўнага доктара Гродзенскага абласнога клінічнага кардыёцэнтра. Яе ініцыятыўная група збірала подпісы выбаршчыкаў па вылучэнні ў кандыдаты па Гродзенскай-Ленінскай акрузе №52. Аўтарка артыкулу Алена Гузень.
- «Гродзенская праўда» ад 20.07.2016 №57 публікуе артыкул «Профсоюзы всегда рядом» пра Валерыя Саўко. Яго ініцыятыўная група збірала подпісы выбаршчыкаў па Шчучынскай выбарчай акрузе №60. Аўтар артыкулу Іван Гаўрыцкі. Валерый Саўко – старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі прафсаюзу работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў. Цягам многіх гадоў узначальваў абласныя камісіі па выбарах дэпутатаў розных узроўняў і Прэзідэнта РБ.
3.«Гродзенская праўда» ад 23.07.2016 №58 публікуе артыкул «Мы причастны к их судьбе» пра Лілію Кір’як, дырэктара СШ№13 г. Гродна. Яе ініцыятыўная група збірала подпісы выбаршчыкаў па Гродзенскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе №51. Аўтарка артыкулу Жанна Янчэўская. 23.07.2016 Гродзенскі гарвыканкам выставіў гэты артыкул на свой сайт.
- «Гродзенская праўда» ад 23.07.2016 №58 друкуе артыкул «От идеи до реализации» пра Алу Сопікаву, цяперашнюю дэпутатку ПП НС РБ. Яе ініцыятыўная група збірала подпісы выбаршчыкаў па Слонімскай выбарчай акрузе №58. Аўтарка артыкулу Кацярына Весялуха.
- «Гродзенская праўда» ад 23.07.2016 №58 друкуе артыкул «Передовой опыт для рабочих специальностей» пра Сяргея Літвіна – дырэктара Скідальскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага ліцэя. Сергей Літвін – цяперашні дэпутат Гродзенскага абласнога савету дэпутатаў. Ён ужо падаў пакет дакументаў на рэгістрацыю кандыдатам у дэпутаты ў камісію Гродзенскай сельскай выбарчай акругі №53. Аўтарка артыкулу ў газеце – Таццяна Мастоўская.
Такім чынам, пералічаныя артыкулы, якія рэкламуюць асобаў, што вылучаюцца ў кандыдаты, можна лічыць выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу і парушэннем часткі 16 артыкулу 13 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь (“Сродкі масавай інфармацыі асвятляюць падрыхтоўку і правядзенне выбараў у адпаведнасці з заканадаўствам РБ”).
Раман Юргель таксама лічыць, што парушаны п.13 Пастановы ЦВК ад 08.06.2016 №19 у тым, што інфармацыйныя і друкаваныя матэрыялы ў пералічаных артыкулах “Гродзенскай праўды” спрыялі адміністрацыйнай падтрымцы вылучаемых асобаў у кандыдаты пры зборы подпісаў ініцыятыўнымі групамі. Газета “Гродзенская праўда” відавочна аддавала перавагу пэўнай катэгорыі вылучэнцаў у кандыдаты.
«Гродзенская праўда» з’яўляецца афіцыйным органам Гродзенскага аблвыканкаму. Галоўны рэдактар газеты Віктар Сухарукаў – намеснік старшыні Гродзенскага абласнога савету дэпутатаў, член прэзідыюма Гродзенскага аблвыканкаму, ён браў удзел ва ўтварэнні Гродзенскай ТВК і акруговых камісій па Гродзенскай вобласці. Журналісты выдання працуюць непасрэдна па яго рэдакцыйных заданнях. Пералічаныя артыкулы пра выбраных асобаў выразна парушаюць прынцып роўнасці на этапе збору подпісаў і з’яўляюцца датэрміновай перадвыбарчай агітацыяй.
Раман Юргель просіць ЦВК прыняць меры рэагавання на бяздзейнасць Гродзенскай абласной камісіі па вышэйпералічаных фактах парушэння выбарчага заканадаўства, а таксама меры рэагавання ў дачыненні да газеты “Гродзенская праўда” і яе галоўнага рэдактара Паўла Сухарукава за выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу і ў выніку незаконнай агітацыі за пэўных асобаў.