viasna on patreon

Акцябрскі: актывіст задаў пытанне ідэолагу і атрымаў за гэта праз суд штраф

2016 2016-06-08T15:25:29+0300 2016-06-08T15:26:48+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud8.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Акцябрскага раёна аштрафаваў мясцовага актывіста, адміністратара суполкі «Рудабельская паказуха» Андрэя Павука на 2,1 мільёна рублёў (10 базавых велічынь) па абвінавчанні ў парушэнні артыкула 9.2 КаАП (паклёп). Гаворка ідзе пра віртуальны канфлікт адміністратара папулярнай у Акцябрскім суполкі ў сацыяльнай сетцы і мясцовага ідэолага – намесніка начальніка аддзелу ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі райвыканкаму Сяргея Зарычнага. Суполка «Рудабельская паказуха» у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» налічвае больш за 2 тысячы ўдзельнікаў. Карыстальнікі інтэрнэту актыўна абмяркоўваюць там мясцовыя навіны, выкладаюць здымкі, відэа і тэксты, якія разыходзяцца з «афіцыйнай лініяй партыі» -- выкрываюць шэраг сацыяльных і эканамічных праблем у рэгіёне. Наведваў суполку і ідэолаг Сяргей Зарычны. «Ён часта пакідаў каментары, абвінавачваў нас, адміністратараў суполкі ў прадузятасці, неаб'ектыўнасці. І неяк людзі папрасілі мяне спытацца ў ідэолага – ці праўда, што ён раней працаваў у Савеце дэпутатаў, і пазбавіўся пасады там за нейкія парушэнні? Што я і напісаў – як пытанне. Толькі праблема, што не паставіў пытальнік, і выйшла, нібыта я гэта сцвярджаў, маўляў, раскажыце, як вы пагарэлі на «мёртвых дэпутацкіх душах» у райсавеце, цынічны-тыповы карупцыянер. Ён звярнуўся ў суд», - распавёў Андрэй Павук.

Актывіст у судзе выбачаўся перад ідэолагам, але той не захацеў прыняць выбачэнні і патрабаваў пакараць жыхара райцэнтра. У выніку за «паклёп» адміністратар суполкі атрымаў штраф.

Гэта не адзіныя праблемы, якія ўзніклі ў Андрэя Павука ў Акцябрскім з-за яго актыўнай грамадзянскай дзейнасці. Так, нейкія ананімы сфатаграфавалі яго аўтамабіль, прыпаркаваны не па правілах, і выклалі здымак у інтэрнэт. Тут жа здымкам зацікавілася ДАІ, і пакарала актывіста штрафам. Потым – больш. Уладальнік памяшкання, дзе актывіст арэндаваў пакой для фотастудыі, пазбавіў яго права арэнды, абвінаваціўшы ў немэтавым выкарыстанні памяшкання. І зараз Андрэй Павук знайшоў новае памяшканне, але літаральна на наступны дзень яго на новым месцы прыехала правяраць «мабільная група райвыканкаму». Потым выклікалі ў аддзел эканомікі райвыканкаму, дзе сказалі, нібыта нейкі чалавек напісаў на яго заяву. Ананім прыйшоў сфатаграфавацца, маўляў, а Андрэя Павука – уласніка фотастудыі, не было на месцы. «Але заяву – неведама ад каго, і ці ёсць яна наогул у прыродзе мне ў выканкаме адмовіліся паказаць», - заўважыў суразмоўца.

Ён лічыць, што мясцовыя ўлады помсцяць яму за актыўную дзейнасць, выкарыстоўваючы ўсе магчымыя сродкі ўплыву, магчымасці пераследу і пакарання.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства