viasna on patreon

Праваабаронцы патрабуюць спыніць неабгрунтаваны пераслед Андрэя Бандарэнкі з боку прадстаўнікоў Дэпартамента выканання пакаранняў

2016 2016-06-08T11:32:02+0300 2016-06-08T11:51:36+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bandarenka-a.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Андрэй Бандарэнка. Фота: svaboda.org

Андрэй Бандарэнка. Фота: svaboda.org

Праваабаронцы “Вясны” звярнуліся да міністра ўнутраных спраў Беларусі ў сувязі з жорсткім абыходжаннем са зняволеным былым кіраўніком Культурна-асветніцкай установы «Платформа іннавэйшн» Андрэем Бандарэнкам.

Зварот у электроннай форме накіраваны 8 чэрвеня міністру ўнутраных спраў Беларусі Ігару Шуневічу.

У цяперашні час працягваецца прымяненне да праваабаронцы і былога кіраўніка Інфармацыйна-асветніцкай установы «Платформа» і Культурна-асветніцкай установы «Платформа іннавэйшн», Андрэя Бандарэнкі залішніх ў існуючых умовах мер, якія ў сукупнасці з іншымі абставінамі сведчаць пра выбарачнае жорсткае абыходжанне з ім у сувязі з яго папярэдняй праваабарончай дзейнасцю.

У сувязі з гэтай сітацыяй праваабаронцы паўторна патрабуюць спыніць неабгрунтаваны пераслед А. Бандарэнкі з боку прадстаўнікоў Дэпартамента выканання пакаранняў;

- правесці праверку ўмоў утрымання асуджанага А. Бандарэнкі;

- дазволіць сустрэчу А. Бандарэнкі з прадстаўнікамі праваабарончых арганізацый.

Міністру ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь

Праваабарончы цэнтр "Вясна"

220012 Мінск, Мяржынскага, 8-26

 Бандарэнка Андрэй Валер'евіч, былы кіраўнік Інфармацыйна-асветніцкай установы «Платформа» і Культурна-асветніцкай установы «Платформа инновейшн», вядомы ў Беларусі і за яе межамі праваабаронца, адбывае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ў ПУ «Турма № 4» УДВП па Магілёўскай вобласці.

З пачатку адбыцця пакарання, у ПК-2 і пасля - ў ПК-17, узнікла небяспека для жыцця і здароўя А.Бандарэнкі, у сувязі з чым ён неаднаразова змяшчаўся ў так званае бяспечнае месца, а фактычна - у ізаляваную камеру. Гэта адбылося ў сувязі з папушчальніцтвам адміністрацый калоній, якія усталююць сярод зняволеных нефармальныя адносіны, што дазваляе ствараць умовы для жорсткага, зневажальнага абыходжання да асобных асуджаных.

Адначасова кіраўніцтва ПК, замест прадастаўлення абароны зняволенаму праваабаронцу, фармальна і без уліку асаблівых умоў, створаных некаторай часткай зняволеных для А. Бандарэнкі ў адсутнасць належнага кантролю адміністрацыі калоніі, жорстка адрэагавала на фармальнае парушэнне ім дысцыплінарных правілаў і прадставіла праваабаронцу да пераводу ў максімальна строгі выгляд папраўчай ўстановы - у турму, куды ён і быў накіраваны па пастанове суда.

У цяперашні час працягваецца прымяненне да А. Бандарэнкі залішніх ў існуючых умовах мер, якія ў сукупнасці з іншымі абставінамі сведчаць пра выбарчае жорсткае абыходжанне з ім у сувязі з яго папярэдняй праваабарончай дзейнасцю. Так, перасоўванне А. Бандарэнкі па тэрыторыі турмы ажыццяўляецца ў суправаджэнні канваіраў з сабакамі і ў кайданках. Улічваючы, што тэрыторыя ПУ старанна ахоўваецца, такія меры не могуць быць апраўданыя меркаваннямі бяспекі. Без якіх-небудзь аб'ектыўных падстаў А. Бандарэнка адміністрацыяй турмы быў завочна пастаўлены на прафілактычны ўлік як «схільны да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю, хуліганскім праявам».

Дзяржава гарантуе абарону правоў, свабод і законных інтарэсаў асуджаных, забяспечвае ўстаноўленыя законам умовы прымянення пакарання і іншых мер крымінальнай адказнасці ў дачыненні да асуджаных, гарантыі сацыяльнай справядлівасці, іх сацыяльную, прававую і іншую абароненасць.

Як гэта адзначана ў Кіруючых прынцыпах па абароне праваабаронцаў БДІПЧ АБСЕ, праваабаронцы падвяргаюцца асаблівай рызыцы і часта становяцца ахвярамі сур'ёзных злоўжыванняў з-за сваёй праваабарончай дзейнасці. З прычыны гэтага яны маюць патрэбу ў асаблівай і ўзмоцненай абароне на мясцовым, нацыянальным і міжнародным узроўнях. Некаторыя групы праваабаронцаў падвяргаюцца павышанай рызыцы з прычыны асаблівага характару сваёй працы, пытанняў, якімі яны займаюцца; умоў, у якіх яны вядуць сваю дзейнасць; сваёй прыналежнасці да пэўнай групы або сувязі з ёй.

Дэкларацыя аб праве і абавязку асобных асоб, груп і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды, прынятая рэзалюцыяй 53/144 Генеральнай Асамблеі ААН ад 9 снежня 1998 года, у артыкуле 9 прадугледжвае, што пры ажыццяўленні правоў чалавека і асноўных свабод кожны чалавек, індывідуальна і сумесна з іншымі, мае, у прыватнасці, права:

 1) у сувязі з парушэннямі правоў чалавека і асноўных свабодаў у выніку палітыкі і дзеянняў асобных службовых асоб і дзяржаўных органаў падаваць скаргі або іншыя адпаведныя звароты ў кампетэнтныя нацыянальныя судовыя, адміністрацыйныя або заканадаўчыя органы ці ў любы іншы кампетэнтны орган, прадугледжаны прававой сістэмай дзяржавы, якія павінны вынесці сваё рашэнне па дадзенай скарзе без неапраўданай затрымкі;

 2) прысутнічаць на адкрытых слуханнях, разборах і судовых працэсах з мэтай сфарміраваць сваё меркаванне пра іх адпаведнасць нацыянальнаму заканадаўству і дастасавальным міжнародным абавязкам і прынцыпам;

 3) прапаноўваць і прадастаўляць прафесійную кваліфікаваную прававую дапамогу ці іншыя адпаведныя кансультацыі і дапамогу ў справе абароны правоў чалавека і асноўных свабодаў.

У сувязі з выкладзеным паўторна патрабуем:

 - спыніць неабгрунтаваны пераслед А. Бандарэнкі з боку прадстаўнікоў Дэпартамента выканання пакаранняў;

- Правесці праверку ўмоў утрымання асуджанага А. Бандарэнкі;

- Дазволіць сустрэчу А. Бандарэнкі з прадстаўнікамі праваабарончых арганізацый.

 Зварот ад імя ПЦ “Вясна” падпісаў старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства