viasna on patreon

У Мінску прадставілі канцэпцыю люстрацыі для Беларусі

2016 2016-06-03T11:51:22+0300 2016-06-03T12:11:54+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/lustracija-kniga-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Прэзентацыя зборніка “Люстрацыі для Беларусі”

Прэзентацыя зборніка “Люстрацыі для Беларусі”

2 чэрвеня ў Мінску адбылася прэзентацыя зборніка “Люстрацыі для Беларусі”, падрыхтаванага аднайменнай грамадскай ініцыятывай.

У выданні прадстаўлены праект канцэпцыі люстрацыі для Беларусі і шэраг міжнародных прававых дакументаў па гэтай тэме. Таксама ў зборнік увайшлі меркаванні вядомых грамадскіх дзеячаў, палітыкаў, праваабаронцаў і журналістаў, у тым ліку Андрэя Саннікава, Алеся Бяляцкага, Генадзя Фядыніча, Вацлава Арэшкі, Вінцука Вячоркі.

Каардынатар грамадскай ініцыятывы «Люстрацыя для Беларусі» Валянціна Свяцкая распавяла аб тым, як узнікла працоўная група па пытанню люстрацыі ў Беларусі. Гэта адбылося пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, калі Беларускі Хельсінскі Камітэт, Праваабарончы цэнтр “Вясна” і некаторыя іншыя няўрадавыя арганізацыі вырашылі сумесна вывучаць досвед еўрапейскіх краін-суседзяў у галіне люстрацыі. Пасля доўгай даследчай працы з’явілася канцэпцыя люстрацыі для нашай краіны.

Валянціна Свяцкая падкрэсліла, што прапанаваная ініцыятыўнай групай канцэпцыя – гэта не гатовы законапраект, а навуковая праца, стрыжань, які будзе падставай для працы будучага дэмакратычнага парламента, які займецца распрацоўкай закона аб люстрацыі.

Па словах стваральніка зборніка Вацлава Арэшкі, мэта стварэння канцэпцыі –  прыцягнуць увагу грамадства да гэтай тэмы. Ён таксама адзначыў, што на сённяшні дзень пытання люстрацыі больш хвалюе менавіта грамадскія колы, чым палітычныя. Бо шмат палітыкаў, нават апазіцыйных, зыходзяць з таго, што ім перашкодзіць узняццё тэмы люстрацыі ў камунікацыях з цяперашнымі ўладнымі структурамі.

На думку Вацлава Арэшкі, у перыяд трансфармацыі грамадства ад недэмакратычных рэжымаў да дэмакратыі люстрацыя павінна стаць неабходным рэфармацыйным крокам: “Калі не расставіць гэтыя кропкі ў нашым грамадстве, мінулае мае асаблівасць вяртацца. Гэта вельмы добра бачна на прыкладзе нашых суседзяў. Мы бачым, што адбылося ва Украіне, мы бачым, што адбываецца ў нас у Беларусі. Мы ўвогуле не спрабавалі разлічыцца са сваім мінулым. А яно нікуды не зыйшло, яно нас трымае за горла”.

 

Адзін з аўтараў зборніка, Вінцук Вячорка, падкрэсліў, што люстрацыя – гэта не пакаранне. Караць злачынцаў павінны суды, для гэтага ёсць адпаведныя працэдуры. А люстрацыя – гэта абмежаванне права займаць пэўныя кіраўнічыя і іншыя пасады. “Люстрацыя –  гэта інфармацыйная адкрытасць і кадравая страхоўка. Гэта трэба зноў і зноз падкрэсліваць, таму што антылюстрацыйныя настроі грунтуюцца менавіта на няправільным разуменні таго, чым люстрацыя з’яўляецца. Гэта іміджа-інфармацыйная праблема, і вырашаць яе трэба цяпер, не чакаючы ніякіх палітычных зменаў. Наадварот, яны можа хутчэй наступяць, калі мы напоўнім інфармацыйную прастору гэтай трактоўкай люстрацыі”, - адзначыў Вячорка. Таксама грамадскі дзеяч звярнуў увагу на неабходную люстрацыю былых функцыянераў камуністычнай эпохі, якія знаходзяцца зараз пры ўладзе.

 

Удзельнікі прэзентацыі Генадзь Фядыніч, Тамара Сяргей, Сяргей Альфер, Мечыслаў Грыб і Сяргей Мацкевіч неаднаразова падкрэслілі, што ідэя зборніку заключаецца ў тым, каб як мага больш людзей вучылася адстойваць свае правы. Бо зараз гэта могуць зрабіць только адзінкі.

Вацлаў Арэшка, падводзячы вынікі сустрэчы, падкрэсліў, што працоўная група будзе далей дзейнічаць ў двух асноўных накірунках. Гэта далейшае даследванне і ўдасканаленне тэмы люстрацыі з мэтай стварэння падставы для будучага заканадаўства, а таксама шырокае распаўсюджванне інфармацыі наконт люстрацыі сярод беларускага грамадства.  

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства