viasna on patreon

Былы асуджаны дамогся выплат праз суд

2016 2016-06-02T14:52:43+0300 2016-06-02T14:55:19+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/andrej_kniazkov.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Былы асуджаны Андрэй Князькоў

Былы асуджаны Андрэй Князькоў

Як раней паведамляў ПЦ "Вясна", былы асуджаны Андрэй Князькоў звярнуўся ў суд Кастрычніцкага раёна г. Магілёва за пералікам пенсійных выплат за год, які сышоў на збор папер і адстойванне права на працоўную пенсію па інваліднасці.

«З большага суддзя разабралася, што ўсе абавязкі па пераліку пенсійных выплат непасрэдна былі ўскладзеныя на адміністрацыю калоніі. Усе супрацоўнікі спецаддзела ПК-2 у судзе заявілі, што ў іх абавязкі ўваходзіла толькі сабраць дакументы і адвезці іх у сацыяльныя службы. Атрымліваецца, што людзі сядзяць на пасадах з маёрскім пагонамі, а выконваюць абавязкі кур'ераў. Яны толькі збіраюць паперы, а не займаюцца праверкай, падрыхтоўкай, хоць гэта павінна ўваходзіць у іх абавязкі. І суддзя растлумачыла гэтыя палажэнні супрацоўнікам спецаддзела», - распавёў Андрэй Князькоў пасля судовага працэсу.

У выніку суд вынес рашэнне аб спагнанні з РУП «Папраўчая калонія №2 г. Бабруйска» страчаную выгаду на карысць істца. Запатрабаваная папярэдняя сума пазову складала 3 000 000 беларускіх рублёў. Суддзя са свайго боку запатрабавала неабходную інфармацыю аб пераразліку ў Магілёўскім аблвыканкаме, і выніковая сума склала 2 500 000 беларускіх рублёў.

«Я не ведаю, на дадзены момант ці запытваў адказчык матывавальную частку. Калі будзе запытваць на працягу 10 дзён, значыць рашэнне суду будзе абскарджвацца. Калі не - рашэнне ўступіць у законную сілу і пойдзе на выкананне», - мяркуе Андрэй Князькоў.

Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка лічыць такое рашэнне суда пазітыўным і адзначае, што толькі актыўныя дзеянні прыносяць плён і важна змагацца за аднаўленне правоў асуджаных.

Нагадаем, Андрэй Князькоў быў вызвалены з папраўчай калоніі №2 г. Бабруйска 8 снежня 2015 года, дзе яшчэ ў студзені 2011 года атрымаў вытворчую траўму. Увесь гэты час ён дамагаецца выплатаў за прычыненую фізічную і маральную шкоду, звяртаецца ў розныя дзяржаўныя органы і скардзіцца ў суды, каб дамагчыся справядлівага рашэння па сваёй справе.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства