viasna on patreon

Блог Валянціна Стэфановіча: Peace&Love

2016 2016-05-23T11:59:36+0300 2016-05-23T12:00:15+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stefanovich_tutby.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валянцін Стэфановіч. Фота: Сяргей Балай, Tut.by

Валянцін Стэфановіч. Фота: Сяргей Балай, Tut.by

На пытанні жуналістаў, чаму я стаў праваабаронцам, зараз я звычайна адказваю: таму, што быў малады і дурны, не разумеў што гэта – праваабарончая дзейнасць. У гэтым жарце ёсць пэўная доля праўды. Сапраўднае разуменне, што такое правы чалавека і  што такое праваабарончая дзейнасць, прышло пазней. Азіраючыся назад, на 20-гадовы шлях “Вясны”, а для мяне асабіста гэта 18 гадоў майго жыцця, магу сказаць, што мы ўвесь час удасканальвалі сябе, свой прафесіяналізм і стараліся развівацца, не стаяць на месцы.

Вялікую ролю ў развіцці праваабарончага руху ў Беларусі адыгралі дзве постаці, якія, на жаль, ужо адышлі з гэтага жыцця – старшыня Хельсінкскай Фундацыі па правах чалавека Марэк Навіцкі і Барыс Ігаравіч Звозскаў.  

Роля Марэка Навіцкага і Хельсінкскай Фундацыі ў развіцці праваабарончага руху на пост-савецкай прасторы, як мне падаецца, застаецца недаацэненай. Вялікая колькасць вядомых сёння праваабаронцаў з прасторы былога СССР прайшлі праз школы і вышэйшыя курсы Фундацыі, сярод іх і вядучыя беларускія праваабаронцы: Барыс Звоскаў, Алена Танкачова, Вольга Смалянка, Раман Кісляк, Таццяна Рэвяка, Андрэй Палуда і іншыя.

Марэк Навіцкі, таленавіты і харызматычны, заўсёды вельмі захапляльна, трапна і дасціпна казаў пра важныя і няпростыя рэчы, пра філасофію правоў чалавека. Чамусьці запомніўся пачатак яго інтэрв’ю журналісту польскага радыё Алесю Навіцкаму пра тое, што ж такое правы чалавека. Там Марэк распавёў, як ён упершыню зразумеў - што гэта.

У 70-х ці на пачатку 80-х з тагачаснай, савецкай яшчэ, Польшчы ён прыехаў пагасціць да свайго дзядзькі ў Лондан. Падчас прагулак па адной з Лонданскіх вуліцаў ён убачыў чарнаскурага хлопца ў стракатай, яркай кашулі, які сядзеў на дрэве і граў на саксафоне. Проста граў, а міма ішлі па сваіх справах лонданцы, хтосьці слухаў, хтосьці бег далей.  

“Уявіце сабе такую ж карціну на вуліцах тагачасных камуністычных Масквы, Менска ці Варшавы!” –казаў Марэк. Вось - просты, але наколькі трапны і, я б сказаў, глабальны прыклад!

Барыс Ігаравіч Звозскаў, вучань Марэка, - нястомны прапагандыст ідэяў выкарыстання міжнародных механізмаў абароны правоў чалавека. Ягоныя ідэі захапілі нас, яны жывуць і зараз у выглядзе адукацыйных праграм для адвакатаў і праваабаронцаў. Гэта тое, без чаго зараз цяжка ўявіць дзейнасць праваабаронцаў і праваабароных арганізацый. Паказальна, што ні Марэк, ні Барыс Ігаравіч не былі юрыстамі, што яшчэ раз падкрэслівае, што праваабаронца зусім не абавязкова павінен быць юрыстам.

Абодва гэтыя чалавекі аказалі моцны ўплыў як на  мяне асабіста, так і на “Вясну” ў цэлым, паспрыяўшы прафесіяналізацыі і трансфармацыі арганізацыі з ініцыятывы грамадска-палітычных актывістаў у сапраўдную класічную праваабарончую арганізацыю. Светлая памяць ім!

Менавіта таму я лічу вельмі важнымі адукацыю і асвету ў галіне правоў чалавека. Мы павінны прапагандаваць ідэі правоў чалавека, заснаваныя на прынцыпах універсальнасці, недыскрымінацыйнасці, на ідэях гуманізма і талеранцыі.

Недыскрымінацыйнайсць і талеранцыя - аснова ідэй правоў чалавека, якая азначае разуменне каштоўнасці чалавечага індывіда, праяваў чалавечай індывідуальнасці, разуменне таго, што ўсе мы адрозніваемся адзін ад аднаго - па сваёй прыродзе, па знешнім выглядзе, становішчы, мове, паводзінах і каштоўнасцях, перакананнях і ладзе жыцця, і маем права жыць у міры, захоўваючы сваю індывідуальнасць.

Гэта асабліва важна зараз, калі мы ізноўку жывем ва ўмовах халоднай вайны, калі ў свеце, у тым ліку па суседству з намі, ідуць войны, калі ізноўку шмат дзе мы назіраем запатрабаванасць у папулістычных палітыканах, якія ведаюць простыя адказы на складаныя пытанні.

Правы чалавека - гэта тое, што спрыяе замене культуры вайны культурай міру. Так што - Peace&Love, спадарства! Мы мусім працягваць нашае змаганне за лепшы свет!

Peace&Love!

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства