Пяць судоў за адзін мітынг у Жодзіна (абноўлена)
У судзе горада Жодзіна 23 траўня адбыўся разгляд адміністрацыйных спраў актывістаў, затрыманых у суботу на мітынгу салідарнасці з прадпрымальнікамі. На 5 удзельнікаў акцыі былі складзеныя пратаколы аб ўдзеле ў несанкцыянаваным мерпрыемстве (арт.23.34 КаАП). Грамадскія актывісты і прадпрымальнікі Алесь Макаеў, Павел Пракаповіч, Павел Старавойтаў і Міхась Латышаў былі да суду ўзятыя пад варту і правялі выходныя ў ізалятары часовага ўтрымання. Яшчэ адзін удзельнік мітынгу па стане здароўя быў адпушчаны да суду дадому.
Як паведамляе Радыё Рацыя, Алесь Абрамовіч быў адпушчаны па стане здаро’ўя. У міліцыі таксама адмовіліся ўзяць харчовыя перадачы для затрыманых, – адзначыў Павел Севярынец.
21-га траўня ў Жодзіна адбыўся мітынг, які доўжыўся крыху болей за паўгадзіны. Некалькі актывістаў аргкамітэту па стварэнні прафсаюзу „Салідарнасць” пачалі яго на мясцовым кірмашы:
– Узяўшы мегафон яны прайшліся па гандлёвых радах. Па загадзе кіраўніцтва мясцовай міліцыі іх затрымалі. На месцы быў аформлены пратакол на Івана Помаза, Алеся Абрамовіча забралі ў машыну, а чатырох астатніх павялі пад канвоем у гараддзел міліцыі Жодзіна.
Разгляд справаў над затрыманымі ў Жодзінскім гарадзкім судзе вёў суддзя Мікалай Самойла. Адносна Алеся Макаева, Паўла Пракаповіча, Паўла Старавойтава й Міхася Латышавасуды прайшлі ў рэжыме канвеера. Чатырох чалавек па чарзе асудзілі ўсяго за 25 хвілінаў, з 9-45 да 10-10, і ўсіх прызналі вінаватымі й пакаралі рознымі штрафамі ад 15-25 да 50 базавых велічыняў.
Суд над Алесем Абрамовічам (г.Барысаў) у Жодзінскім судзе распачаўся а 10-15 і доўжыўся 35 хвілінаў (да 10-50). На ім у якасьці сьведкаў была заслухана прадстаўніца ідэалагічнага аддзелу і па справах моладзі Жодзінскага гарвыканкаму Алена Карповіч і прадстаўнік Жодзінкага ГАЎС Вадзім Заяц. Замоўленаму Абрамовічам сведку і грамадзкаму прадстаўніку Аляксею Лапіцкаму (ПЦ "Вясна") было вынесена папярэджанне за факт фатаграфавання і забаронен аправодзіць фотаздымкі ў зале паседжанняў. Таксама суддзя Самойла адмовіўся заслухаць праваабаронцу па сутнасці разглядаемай справы ў якасці сведкі.
Алесю Макаеву прызначылі штраф у памеры 50 базавых велічынь (10,5 млн беларускіх рублёў), перадае карэспандэнт Радыё Свабоды. Абрамовічу — 40 (8,4 млн), Пракаповічу — 25 (5,25 млн), Латышову і Старавойтаву — 15 (3,15 млн). Справа Івана Помаза пакуль не разглядалася.
Актывісты дамагаюцца адмены ўказу №222 Аляксандра Лукашэнкі, які забараняе гандляваць на рынку таварамі лёгкай прамысловасці без адпаведных сертыфікатаў.