Праваабаронца супраць “Беларускай ваеннай газеты»
Суд Цэнтральнага раёна Менска пачаў грамадзянскую справу па іску гомельскага праваабаронцы Леаніда Судаленкі да «Беларускай ваеннай газеты» аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі.
У артыкуле «Каму выгадна ганьбіць беларускае войска?» 10-га сакавіка журналісты, паводле правабаронцы, «літаральна аблілі яго брудам», і таму ён патрабуе прызнаць гэтыя звесткі несапраўдынымі і абвергнуць іх.
„Разумею, у якой краіне я жыву,” – заўважае правабаронца, які на пазітыўнае рашэнне суда не спадзяецца. „Прынамсі, няхай газета ведае, што за свае словы трэба несці адказнасць,” – сказаў у нашым эфіры Леанід Судаленка:
– Я не жыву дзесьці на іншай планеце і разумею, у якіх умовах сёння ажыццяўляецца правасуддзе, асабліва калі грамадзянскія справы тычацца палітыкі, вось як у гэтым выпадку. Вельмі цяжка мне будзе ў судзе. Але гэты шлях я вырашыў прайсці, каб наступны раз газета, перш чым друкаваць звесткі, іх правярала, каб яна не хлусіла, каб не ўводзіла ў зман сваіх чытачоў.
Першае паседжанне адбудзецца 16-га траўня. Праваабаронца звярнуўся ў суд супраць журналіста “Беларускай ваеннай газеты” і аўтара артыкула Уладзіміра Кажэўнікава і дзяржаўнай установы “Ваеннае інфармацыйнае агенцтва Узброеных Сіл Беларусі “Ваяр”. Публікацыя тычылася інцыдэнту з уцёкамі двух жаўнераў з адной з вайсковых частак у Берасці з-за збіцця і пагрозаў.