На Валадарцы прывялі ў выкананне смяротны прысуд Сяргею Іванову
Асуджаны да смяротнага пакарання Сяргей Хмялеўскі пад час выступу ў Вярхоўным судзе 6 траўня паведаміў, што ў “спецкалідоры” СІЗА №1 на Валадарцы знаходзіўся некаторы час у адной камеры з іншым смяротнікам.
Потым сукамерніка некуды павялі і зараз ён знаходзіцца там адзін. Жыхар Мачулішчаў Хмялеўскі заявіў пры разглядзе сваёй скаргі ў Вярхоўным судзе, што суседа па камеры маглі расстраляць.
Вядома, што ў адной камеры з Хмялеўскім знаходзіўся Сяргей Іваноў. У ноч з 17 на 18 красавіка яго вывелі з камеры, а Хмялеўскаму загадалі сабраць асабістыя рэчы сукамерніка. Больш Іванова Хмялеўскі не бачыў.
Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэй Палуда спраўдзіў інфармацыю ў сваякоў Іванова. На жаль, яна цалкам падцвердзілася. На мінулым тыдні яны атрымалі паведамленне аб смерці сына. Найбліжэйшым часам яны павінны забраць пасведчанне аб смерці, а вось асабістыя рэчы растралянага яшчэ не вярнулі, - адзначыў праваабаронца.
У сакавіку 2015 года Іваноў прызнаны вінаватым у жорсткім забойстве знаёмай дзяўчыны і прысуджаны да расстрэлу.
На жаль, таямніца прывядзення ў выкананне прысуду дагэтуль ахоўваецца вельмі моцна і часам няпроста даведацца пра акалічнасці і дату расстрэлу.
Нагадаем, што на Валадарцы зараз утрымліваюцца асуджаныя да вышэйшай меры пакарання акрамя Хмялеўскага яшчэ 2 чалавекі: Генадзь Якавіцкі і Іван Кулеш.