Магілёвец просіць Вярхоўны суд дапамагчы абараніць гонар і годнасць
Юрый Гарбаценка спрабуе даказаць, што суддзя Магілёўскага раённага суда Станіслаў Леўчанка абразіў яго.
20 студзеня Гарбаценка з двума сябрамі хацелі прысутнічаць у якасці гледачоў на адкрытым судовым пасяджэнні ў Магілёўскім раённым судзе. Суддзёй на працэсе павінен быў быць Станіслаў Леўчанка. Калі маладыя людзі пачалі заходзіць да яго ў кабінет і пытацца, калі ж пачнецца пасяджэнне, ён ускіпеў, выклікаў ахову, у выніку чаго Гарбаценка і таварышаў затрымалі. У тлумачальным лісце, які суддзя напісаў у падчас разбіральніцтва, ён назваў маладых людзей «несістэмнай апазіцыяй».
Юрый Гарбаценка палічыў, што гэтымі словамі Леўчанка яго абразіў і звярнуўся з пазовам аб абароне гонару і годнасці ў суд Ленінскага раёна Магілёва. Аднак там яму адмовілі, бо “ў Беларусі не прадугледжаны падставы адказнасці суддзі ў сувязі з ажыццяўленнем ім сваіх прафесійных абавязкаў”.
Касацыйныя скаргі ў калегію і да старшыні Магілёўскага абласнога суда таксама засталіся без задавальнення, толькі ўжо з іншай фармулёўкай – “Леўчанка не ажыццяўляў свае ўладныя паўнамоцтвы”.
– Гэта значыць, мне незаконна адмовілі ў маім пазове да Леўчанка і як да службовай асобы, і як да простай фізічнай асобы. Гэта парушае маё канстытуцыйнае права на абарону ў судзе. Пры гэтым ёсць пастанова Пленума Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь, у якім выразна гаворыцца, што такі пазоў можа быць прад’яўлены любой фізічнай асобе, якая распаўсюдзіла звесткі, што не адпавядаюць рэчаіснасці.
Акрамя гэтага, у гэтай жа пастанове пазначана, што па пазовах пра абвяржэнне паклёпу ў афіцыйных дакументах адказчыкамі прызнаюцца асобы, якiя iх якія падпісалі. Тлумачальны ліст па нам падпісваў Леўчанка, – пракаментаваў сітуацыю Юрый Гарбаценка.
Зварот у Вярхоўны суд магілёвец аформіў і ўжо накіраваў на патрэбны адрас. Разам з прызнаннем ўласнай правасці, Гарбаценка просіць спагнаць з Леўчанка страты, панесеныя ў сувязі з падачай пазову.