viasna on patreon

«500 кг макароны, тушонкі, кансэрваў — як пачыналася Вясна-96»

2016 2016-04-27T12:07:43+0300 2016-05-26T20:42:55+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiacki-svaboda-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі. Фота svaboda.org

Алесь Бяляцкі. Фота svaboda.org

Праваабарончы цэнтар «Вясна» гэтымі днямі адзначае 20-годзьдзе. Узгадваем самыя яркія і важныя імгненьні ў гісторыі арганізацыі.

Спачатку проста ўзяліся дапамагчы ахвярам жорсткага разгону Чарнобыльскага шляху 1996 году. 20 гадоў таму ніхто і ня думаў, што прынагодная ініцыятыва выльецца ў такую доўгатэрміновую місію. Цяпер «Вясна» займаецца шырокім колам пытаньняў: бароніць правы чалавека, дапамагае грамадзянам юрыдычна, вядзе прававую адукацыю і асьвету, складае агляды-хронікі парушэньняў правоў чалавека, назірае за выбарамі, займаецца праблемамі ўтрыманьня зьняволеных у турмах, праводзіць кампанію па адмене сьмяротнага пакараньня.

Свабода разам з кіраўніком праваабарончай арганізацыі Алесем Бяляцкім узгадала самыя яскравыя імгненьні «Вясны».

 «Вясна» нарадзілася ў музэі Багдановіча

Падчас і пасьля Чарнобыльскага шляху, прысьвечанага 10-годзьдзю аварыі на ЧАЭС, 26 красавіка 1996 году затрымалі сотні чалавек, завялі дзясяткі крымінальных спраў, распавядае Алесь Бяляцкі:

«Многія грамадзкія актывісты апынуліся ў СІЗА, у тым ліку Вячаслаў Сіўчык, Юры Хадыка — яны абвясьцілі галадоўку. Было затрымана амаль усё кіраўніцтва Беларускага Народнага Фронту, было шмат зьбітых, параненых. І ўпершыню мы адчулі суровы подых аўтарытарнага рэжыму, які ўсталёўваўся ў нас на вачах. Таму гэтая ініцыятыва была выклікана жыцьцём, улічваючы, што іншыя праваабарончыя арганізацыі на той час не займаліся дапамогай ахвярам палітычных рэпрэсіяў.

Пачалі са збору інфармацыі пра затрыманых. „Хроніка затрыманьняў у 1996 годзе“ потым выйшла асобнай кнігай, якая так і называлася — „Вясна-96“. Гэтая хроніка — наш канкрэтны ўнёсак, дзе мы называлі прозьвішчы людзей, меру пакараньня, месцы, дзе яны адбывалі суткі.

А другі момант — апроч збору інфармацыі, мы зьбіралі дапамогу ахвярам. Адзін мой знаёмы прывёз на мікрааўтобусе кіляграмаў 500 макароны, тушонкі, кансэрваў — 1990-я гады былі ня самыя багатыя. А група наша базавалася тады ў Літаратурным музэі Максіма Багдановіча, бо я на той час быў дырэктарам музэя.

І завалілі ўвесь мой кабінэт харчамі, якія мы складалі ў пакуначкі зь лягатыпам „Музэй Багдановіча“ і потым раздавалі людзям, якія выходзілі з Акрэсьціна, „сухім пайком“. Шчыра кажучы, напачатку мы думалі, што гэта часовая ініцыятыва. Бо тады, у 1996 годзе, ніхто ня верыў, што той рэжым здушэньня грамадзянскіх свабодаў, дэмакратыі ўсталюецца на такі доўгі тэрмін. Мы меркавалі, што гэта часовая праца, год-два нам трэба будзе ёй займацца. Але жыцьцё склалася так, што гэта стала асноўнай справай для дзясяткаў беларускіх праваабаронцаў», — распавядае кіраўнік арганізацыі Алесь Бяляцкі, які займаўся грамадзкай дзейнасьцю зь юнацтва. Пры канцы 1980-х ён быў адным са стваральнікаў Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя», у 1990-х — дэпутатам Менскага гарадзкога савету, сябрам сойму Беларускага Народнага Фронту:

«Таму гэтая грамадзкая праца заўсёды была асноўнай для мяне і вельмі важнай. А месца працы — ужо пастолькі-паколькі. Урэшце ў 1998 годзе, калі адзін з намесьнікаў міністра культуры сказаў: „Выбірай, альбо ты застаесься працаваць у музэі, альбо займайся грамадзкай працай“, я напісаў заяву і сышоў. І з 1998 году мы фактычна працуем прафэсійна. Адразу да мяне далучылася частка людзей, якія працавалі ў музэі Багдановіча: Тацяна Равяка, Паліна Сьцепаненка, Алена Лапцёнак — дзяўчаты сышлі разам са мной у праваабарончую арганізацыю. Можа, мы не зусім уяўлялі, што гэта такое, але ў нас было багата запалу, і быў пэўны грамадзкі і грамадзянскі вопыт валянтэрскай працы. Таксама да нас далучыліся юрысты — Валянцін Стэфановіч, Уладзімер Лабковіч. Паступова нейкія людзі прыходзілі, нехта сыходзіў, але асноўны касьцяк захаваўся на працягу 20 гадоў».

Сябры «Вясны», фота 2013 году

На сёньняшні дзень у «Вясьне» працуюць больш за 100 чалавек — валянтэры, юрысты, праваабаронцы. Філіі «Вясны» ёсьць ва ўсіх абласных цэнтрах і некаторых буйных гарадах — Баранавічах, Бабруйску, Мазыры, Воршы. А вось тых, хто зьвяртаўся да праваабаронцаў, каму дапамагла «Вясна», самі праваабаронцы падлічыць не бяруцца. «Лік ідзе на тысячы», — кажуць яны.

«Мы ўлада, а вы ніхто», або Чаму важна кантактаваць з замежнымі праваабаронцамі

За 20 гадоў «Вясна» прайшла шмат праз што. Напачатку яна працавала легальна, мела афіцыйную рэгістрацыю ў Міністэрстве юстыцыі. У 2003 годзе рэгістрацыю скасавалі, у офісах праваабарончага цэнтру былі ператрусы, канфіскоўвалі аргтэхніку, актывістаў ня раз затрымлівалі, саджалі на суткі. І цяпер «Вясна» працуе фактычна ў падпольлі, ня мае дзяржаўнай рэгістрацыі.

Канфіскацыя офісу і маёмасьці ПЦ "Вясна", 26 лістапада 2012 году

Чаму ў сярэдзіне 2000-х «Вясну» фактычна закрылі і дагэтуль не рэгіструюць? Алесь Бяляцкі выказаў такое меркаваньне:

«Гэта было, зразумела, палітычнае рашэньне, бо перад выбарамі 2006 году ўлады проста зачышчалі грамадзкую прастору. Але перад намі паўстала пытаньне — што рабіць далей? Бо ў гэтым жа годзе быў уведзены артыкул 192.2 КаАП — дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, за што можна было атрымаць да двух гадоў турмы.

І прыйшлі да высновы: рэгістрацыя — гэта двухбаковы інструмэнт, ён патрэбен як уладам, каб ведаць пра арганізацыі, якія існуюць, так і арганізацыям, каб мець пэўную легальную пляцоўку для дзейнасьці. І калі ўлады скідаюць нас «на маргінэс», калі яны ня хочуць мець з намі кантактаў, то мы будзем шукаць іншыя эфэктыўныя шляхі нашай супрацы і будзем працаваць празь міжнародныя інструмэнты, празь міжнароднае адвакатаваньне нашых праблемаў. І калі ўлады ня хочуць размаўляць з намі тут, то ў розных міжнародных структурах — АБСЭ ды іншых — мы сядзім разам з чыноўнікамі за агульным сталом. Мы размаўляем з камітэтамі ААН, якія, у сваю чаргу, зьвяртаюцца да беларускіх уладаў. Мы знаходзім магчымасьці данесьці наш пункт гледжаньня і праз сродкі масавай інфармацыі, і празь міжнароднае адвакатаваньне да беларускіх уладаў і да міжнароднай супольнасьці.

Але на нашы звароты і ад прыватных асобаў, і ад арганізацый улады могуць адказаць, а могуць і не адказаць. Гэта ўжо іх добрая воля, таму што фармальна мы не існуем. Тым ня менш, я думаю, што само наша існаваньне — гэта выразны, ясны сыгнал беларускім уладам, што ім трэба кардынальна мяняць адносіны ўлады з грамадзянскай супольнасьцю. Мы гатовыя да дыялёгу, да абмеркаваньня складаных праблемаў. Але гэта павінна адбывацца ў канструктыўным рэчышчы, сапраўды за адным сталом, а ня так, як цяпер: «Мы — улада, а вы — ніхто».

«Вясна» — сябар шматлікіх міжнародных арганізацыяў, у тым ліку FIDH — Міжнароднай фэдэрацыі па правах чалавека, ENEMO — Міжнароднага аб’яднаньня па арганізацыі назіраньня за выбарамі, GPPAC — Усходнеэўрапейскай рэгіянальнай сеткі Глябальнага партнэрства па папярэджаньні канфліктаў. Міжнародная фэдэрацыя па правах чалавека мае свае прадстаўніцтвы ў Страсбуры, Брусэлі, Гаазе, Жэнэве.

«Мы карыстаемся гэтымі магчымасьцямі, там працуюць міжнародныя праваабаронцы. Рыхтуем сумесныя заявы, аналіз сытуацыі, маем кантакты з праваабаронцамі фактычна ўсяго сьвету. І гэта вельмі важна — адчуваць сябе часткай вось гэтай міжнароднай супольнасьці, што мы не адны, мы не ізаляваныя. Мы ўвесь час вучымся», — кажа Алесь Бяляцкі.

За дапамогу палітзьняволеным Бяляцкі сам стаў палітвязьнем

Падчас выбарчых кампаніяў працы ў праваабаронцаў прыбаўляецца. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году было заведзена 20 крымінальных спраў, пасьля выбараў 2010 году — утрая больш.

Падчас ператрусу ў офісе "Вясны", 17 студзеня 2011 году

Бадай, самымі драматычнымі для «Вясны» былі канец 2010-га і 2011 год. Літаральна на наступны пасьля прэзыдэнцкіх выбараў дзень у офісе адбыліся ператрусы, былі канфіскаваныя кампутары, аргтэхніка. А за «Плошчу» былі затрыманыя дзясяткі чалавек, прычым ня толькі лідэры апазыцыйных партыяў, грамадзкія актывісты, але шмат студэнтаў, рабочых, якія былі далёкія ад палітыкі, якім патрэбная была дапамога. «Вясна» адразу ж пачала складаць сьпісы затрыманых, шукаць сваякоў, якія былі ў разгубленасьці, ня ведалі, што рабіць. Юрысты «Вясны» кансультавалі родных, дапамагалі шукаць адвакатаў і грошы, каб аплаціць іх працу. Валянтэры зьбіралі харчовыя перадачы і перадавалі ў пастарункі.

Маці затрыманага за «Плошчу» Сяргея Казакова — Ганна Казакова кажа, што менавіта «Вясна» і Алесь Бяляцкі дапамаглі ёй у першыя дні, калі яе 19-гадовага сына забралі ў пастарунак і завялі крымінальную справу. Прычым праваабаронцы самі знайшлі яе і прапанавалі дапамогу, распавядала Ганна Казакова Радыё Свабода ў 2011 годзе:   «Калі я наагул разгубілася — дзіця невядома куды і за што забралі, — менавіта «Вясна» апэратыўна і арганізавана патлумачыла, што рабіць, куды зьвяртацца. А грашовая дапамога — бязь іх я наагул ня ведаю, што б было... 400 тысяч у дзень за працу адваката — гэта наагул нерэальна было б для мяне, гэта вельмі шмат. Проста зьезьдзіць на спатканьне ці нешта высьветліць, тое, што займае ў адваката дзьве гадзіны — кожны рух адваката каштаваў 400 тысяч. Такую вялікую справу рабіла «Вясна».  

Дар’я Корсак першы раз сутыкнулася зь «Вясной» у 2002 годзе, калі яе муж Аляксандар Атрошчанкаў толькі пачаў займацца грамадзкай дзейнасьцю. Калі мужа арыштавалі за «Плошчу», на дапамогу таксама прыйшла «Вясна»:   «Гэта былі і перадачы ў пастарункі, якія яны рабілі, гэта была і аплата адвакатаў. І цяпер, у такой складанай сытуацыі, „Вясна“ нікога не пакінула ў бядзе: заўсёды можна прыйсьці, паразмаўляць, пляны разам будаваць і наконт адвакатаў, і наконт стратэгіі вызваленьня».  

Улады не даравалі «Вясьне» такой актыўнасьці і вырашылі расправіцца з кіраўніком арганізацыі Алесем Бяляцкім — на яго завялі крымінальную справу і асудзілі на 4,5 года паводле часткі 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэксу (хаваньне прыбыткаў у асабліва буйных памерах), ён мусіў сплаціць дзяржаве 721 мільён рублёў стратаў і 36 мільёнаў судовых выдаткаў.

Падчас судовага працэсу над Алесем Бяляцкім, 2 лістапада 2011 году

Паводле рашэньня суду, Бяляцкі нібыта з мэтай ухіленьня ад сплаты падаткаў ня ўказваў сродкаў, якія паступалі на яго рахункі ў Літве і Польшчы. Довады падсуднага пра тое, што гэтыя грошы не былі ягоным асабістым прыбыткам, а ішлі на дапамогу палітзьняволеным і іх родным, на аплату штрафаў, адвакатаў, суд не прыняў да ўвагі.

Нягледзячы на тое, што неабыякавыя людзі вельмі хутка сабралі неабходныя сродкі і кампэнсавалі страты, Бяляцкі адседзеў у Бабруйскай калёніі амаль 3 гады.

«Я трапіў у турму, гэта была замова КДБ, і зразумела, што ўлады празь сілавыя структуры паставілі задачу разваліць „Вясну“, ізаляваўшы мяне і паслаўшы сыгнал усёй праваабарончай супольнасьці Беларусі. Амаль 3 гады я знаходзіўся ў турме. Але дасягненьні нашай арганізацыі, усіх сяброў „Вясны“ — гэта тое, што практычна ніхто не сышоў з арганізацыі за гэтыя гады. Усе засталіся працаваць, і для мяне гэта паказьнік грамадзянскай сьпеласьці маіх сяброў, маіх калегаў — ніхто зь іх не сышоў, хоць і запалохвалі», — кажа Алесь Бяляцкі.

«Адвакаты — яскравы прыклад таго, як мяняецца беларускае грамадзтва»

Плошча-2010 паказала, што пратэстныя настроі ёсьць ня толькі ў апазыцыі. За кратамі апынуліся студэнты, навукоўцы, музыкі, рабочыя. Усім ім спатрэбілася дапамога адвакатаў, якія не пабаяліся абараняць «палітычных», а на судовых працэсах выступалі зь яскравымі, палымянымі прамовамі. На думку Алеся Бяляцкага, вырасла новае пакаленьне людзей, якія сапраўды добрасумленна ставяцца да сваёй адвакацкай працы:

«Апроч выкананьня прафэсійных абавязкаў, у іх ёсьць і разуменьне сваёй місіі адвакацкай. Гэта для нас было вельмі важна — тое, што адбылося ў 2011 годзе. І хоць адбыліся рэпрэсіі ў дачыненьні да адвакатаў, якія баранілі палітычных зьняволеных (а некалькі чалавек былі пазбаўленыя ліцэнзіяў, выціснутыя з працы), тым ня менш гэта паказвае, што ня толькі праваабаронцы, палітыкі ці грамадзянскія актывісты зьяўляюцца сумленнымі і шчырымі людзьмі — іх багата. Беларускае грамадзтва мяняецца ў нас на вачах, і наша задача — дапамагаць гэтым зьменам, што мы і робім цягам гэтых 20 гадоў. Адвакаты — гэта толькі яскравы прыклад таго, як мяняецца беларускае грамадзтва».

Адвакаты Тамара Сідарэнка, Уладзімер Букштынаў, Павал Сапелка, Тамара Гараева, Алег Агееў, іншыя за абарону палітвязьняў былі пазбаўленыя ліцэнзіяў, выключаныя з Калегіі адвакатаў і цяпер працуюць у праваабарончых цэнтрах, працягваюць аказваць людзям юрыдычную дапамогу.

Былая палітзьняволеная, журналістка Ірына Халіп распавядала, што пасьля палымянай прамовы яе адвакаткі Ганны Бахцінай на судзе адзін эўрапейскі дыплямат казаў: «Такога б адваката — ды ў нармальны суд». У Ганны Бахцінай таксама былі праблемы з атэстацыяй, але ліцэнзію пакінулі. Ірына пажартавала: «Магчыма, улады проста вырашылі зьберагчы каштоўнага спэцыяліста, разумеючы, што рана ці позна ім самім спатрэбяцца добрыя адвакаты».  

«У любы момант колькасьць палітзьняволеных у Беларусі можа фантастычна вырасьці»

Цяпер у Беларусі толькі адзін палітычны зьняволены — Міхаіл Жамчужны, які асуджаны на 6 гадоў калёніі строгага рэжыму. Але гэта не азначае, што сытуацыя з правамі чалавека ў краіне палепшылася, расслабляцца рана, перакананы Алесь Бяляцкі. Бо суд над Жамчужным быў закрыты. Міхаіла Жамчужнага абвінавацілі адразу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу: наўмыснае раскрыцьцё зьвестак, якія складаюць службовую тямніцу, незаконнае набыцьцё (выраб) сродкаў для сакрэтнага атрыманьня інфармацыі, якая складае службовую таямніцу, а таксама даваньне хабару. Усе праваабарончыя арганізацыі пагаджаюцца, што справа Жамчужнага была справакаваная КДБ:

 «Мы ведаем, што калі ня зьмененыя прынцыпы функцыянаваньня гэтага аўтарытарнага рэжыму, то ў любы момант колькасьць палітзьняволеных у Беларусі можа фантастычна вырасьці, і мы праходзілі такія пэрыяды, калі ў нас зводзілася да мінімуму колькасьць зьняволеных (нагадаю, гэта 2008–2009 гады), але потым было зьяўленьне вялікай колькасьці палітзьняволеных. Таму мы дабіваемся структурных зьменаў у Беларусі, мы дабіваемся зьменаў падыходу ўлады да грамадзянскіх правоў. Улады ня бачаць правоў грамадзянаў, бачаць толькі абавязкі грамадзянаў. Вось гэтыя непазьбежныя зьмены як у заканадаўстве, так і ў палітычных рашэньнях маглі б прывесьці да таго, што проста сама пастаноўка пытаньня пра палітычных зьняволеных была б абсурднай, як гэта ёсьць у нармальных цывілізаваных краінах. На жаль, на сёньняшні дзень мы знаходзімся ў небясьпечнай сытуацыі.

Я досыць пэсымістычна гляджу наперад. Лічу, што драматычныя пэрыяды гісторыі Беларусі нас яшчэ чакаюць. І мы, праваабаронцы, да гэтага павінны быць маральна гатовыя», — кажа Алесь Бяляцкі.

«Раней улады голымі рукамі душылі і саджалі на суткі, цяпер надзяюць пальчаткі і даюць штрафы»

Апошнім часам за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях перасталі саджаць на суткі, толькі штрафуюць. Што гэта: у бюджэце зусім няма грошай — ці лібэралізацыя?

Справа не ў грашах, лічыць праваабаронца Алесь Бяляцкі:

«Гэта, хутчэй за ўсё, зьвязана з новымі мэтадамі кантролю над грамадзянскай супольнасьцю. Актыўнасьць працягваюць душыць, але цяпер яе душаць, скажам так, у пальчатках. Калі раней улады голымі рукамі душылі і саджалі на суткі, то цяпер надзяюць пальчаткі і даюць штрафы. Але фактычна, па сутнасьці, сытуацыя не мяняецца, людзей па-ранейшаму перасьледуюць за грамадзянскую актыўнасьць, права на якую ім гарантаванае Канстытуцыяй. Таму мы зрабілі адкрыты зварот да ўладаў Беларусі, каб быў зьменены Закон аб масавых мерапрыемствах, які дазваляе і міліцыі, і судзьдзям рэпрэсаваць вялікую колькасьць людзей за мірныя акцыі. Але, падкрэсьліваю, у любы момант гэтыя штрафы могуць зьмяніцца на суткі ці іншыя мэтады. Мы цяпер бачым хвалю прыходу міліцыянтаў дадому, чаго раней не было. Сытуацыя вельмі няпэўная, і нішто ня сьведчыць пра тое, што яна ня можа пагоршыцца».

«Асноўная місія „Вясны“ ня выкананая»

На пытаньне, што ня зроблена, за што крыўдна, прыкра, якая місія «Вясны» ня выкананая, Алесь Бяляцкі адказаў так:

«Я лічу, што асноўная наша місія ня выкананая. Гэта тое, што не ўдалося. Мы яшчэ ў дарозе, і тыя мэты, якія мы ставілі, калі толькі стваралі „Вясну“ — дабіцца ўсё ж такі павагі да дэмакратыі, да правоў чалавека, большай павагі, чым ёсьць цяпер, — гэтая наша мэта ня выкананая. Так што будзем займацца тым жа, чым і займаліся: падтрымкай грамадзянскай супольнасьці, асьветніцкай, інфармацыйнай працай. Шмат якія рэчы наша грамадзтва проста не асэнсоўвае да канца. Беларусь павінна трымацца ў эўрапейскім кантэксьце разуменьня правоў чалавека, якія базуюцца на пэўнай гуманнасьці, павазе да чалавека — гэта тое, што цалкам адсутнічала ў Савецкім Саюзе падчас камуністычнай дыктатуры. Займацца неабходна зь дзецьмі, з маладым пакаленьнем, з тымі, хто здольны ўспрымаць новыя веды, разуменьне сытуацыі...

Працуем, працуем — а чаго працуем?», — сумна пажартаваў старшыня «Вясны».

«Як праваабаронцы мы ня можам маўчаць»

 Акрамя дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсіяў, што застаецца і сёньня адным з асноўных кірункаў працы, у «Вясны» шмат іншых праектаў. Гэта маніторынг, збор зьвестак пра парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, падрыхтоўка дакладаў, справаздач, хронік.

Выданьні "Вясны"

Яшчэ адзін важны момант — назіраньне за выбарамі, падрыхтоўка незалежных назіральнікаў, тлумачыць Алесь Бяляцкі.

«Мы маем строгую кансэрватыўную сыстэму, пабудаваную на фальсыфікацыях, на тым, што фактычна ў людзей укралі права выбару. І, канечне, як праваабаронцы мы ня можам маўчаць. Мы зьбіраем інфармацыю, мы праводзім маніторынг сытуацыі і даем гэтую інфармацыю максымальна шырока, спадзеючыся на тое, што ўрэшце прыйдзе час, калі беларусы абароняць сваё права на выбары.

Ёсьць асобныя тэмы, важныя для нас. Гэта тэма сьмяротнага пакараньня, гэта тэма ўтрыманьня вязьняў у турмах. Праводзім маніторынгі, грамадзкія кампаніі, каб актуалізаваць гэтыя тэмы, каб наблізіць беларускае грамадзтва да агульнаэўрапейскіх стандартаў».

«Беларускае грамадзтва нельга загнаць у клетку, трымаць пад замком»

За 20 гадоў працы ўсё было ў «Вясны»: ператрусы, канфіскацыя тэхнікі, затрыманьні, арышты, суды за праваабарончую дзейнасьць... Лёс «Вясны» вельмі шчыльна зьвязаны, зьнітаваны зь лёсам Беларусі, беларускай дэмакратычнай супольнасьці, кажа Алесь Бяляцкі:

У офісе "Вясны", 26 лістапада 2012 году

«На сёньняшні дзень „Вясна“ — гэта больш чым проста няўрадавая арганізацыя. Гэта арганізацыя, якая на сваёй гісторыі паказвае ўвесь драматызм сытуацыі за апошнія 20 гадоў, дзе былі і лепшыя часы, і горшыя часы, і вельмі змрочныя часы. Але вельмі важна, што арганізацыя застаецца.

Асабіста для мяне гэта своеасаблівы сымбаль, паказьнік таго, што беларуская грамадзянская супольнасьць, беларускае грамадзтва, якое базуецца на асновах дэмакратыі, правоў чалавека — яго ня зьнішчыць, яго нельга загнаць у клетку, загон, трымаць пад замком, як хочуць зрабіць беларускія ўлады. Я думаю, што нас чакаюць лепшыя часы».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства