Справа аб спробе пранікнення ў кватэру магілёўскага журналіста: суд абавязаў міліцыю разабрацца
Юрыст Алена Барысава амаль паўгады спрабуе прыцягнуць да адказнасці адказную асобу магілёўскай камунальнай арганізацыі “Камунальнік МК” за нявыдачу ёй кнігі скаргаў па першым патрабаванні.
Каб даказаць, што быў факт выдачы кнігі скаргаў не па першым патрабаванні, прыйшлося пісаць скаргу спачатку ў адміністрацыю раёна (яна адмовіла на падставе таго, што дадзены закон не распраўсюджваецца на каммунальныя службы), затым у УУС, якое накіравала скаргу на разгляд у раённую міліцыю, дзе і быў распачаты адміністрацыйны працэс. Двойчы міліцыянты спынялі справу. У выніку прыйшлося абскарджваць пастанову ў судзе Ленінскага раёна Магілёва. Суддзя Літвінава адмяніла пастанову ўчастковага інспектара аб адмене ва ўзбуджэнні адміністрацыйнай справы і накіравала справу назад у Кастрычніцкі РАУС на новы разгляд.
Са словаў Алены Барысавай, міліцыя з Кастрычніцкага РАУСа рабіла ўсё, каб вывесці з-пад адказнасці “Камунальнік МК”, з якім яны разам спрабавалі незаконна патрапіць у кватэру магілёўскага журналіста Ігара Барысава 13 лістапада мінулага года.
Каб расследаваць банальную адміністрацыйную справу, супрацоўнікам міліцыі прыйшлося спісаць 85 старонак (менавіта такі аб’ём займае адміністрацыйная справа) і адправіць дыктафонны запіс на фонаскапічную экспертызу, затраціўшы пры гэтым немалыя сродкі.
- Мы хацелі даведацца, на падставе чаго ў нас хочуць правесці агляд кватэры, аднак не атрымалі ніякага ўцямнага адказу – ні графікаў, ні планаў на сезонны агляд кватэр у дадзенай арганізацыі не было. Я папрасіла кнігу скаргаў. Дадзеная кніга не была выдадзена па маім першым патрабаванні. Спатрэбілася паказваць пашпарт і дамову на аказанне паслуг, заключаную з дадзенай арганізацыяй, і толькі пасля гэтага кніга скаргаў патрапіла мне ў рукі. Факт таго, што кніга скаргаў была выдадзена не па першым патрабаванні, пацвярджаецца запісам з дыктафона, сведчаннем майго мужа, запісам у самой кнізе скаргаў, а таксама пісьмовым адказам дырэктара ТДА “Камунальнік МК” Андрэем Караткевічам, - гаворыць Алена Барысава.
Міліцыянты з Кастрычніцкага РАУСа ўзбудзілі адміністрацыйную справу па нявыдачы кнігі скаргаў, але потым яе спынілі, бо, на іх думку, у дзеяннях службовых асоб ТДА “Камунальнік МК” адсутнічае склад адміністрацыйнага правапарушэння.
Трэба адзначыць, што ўсе прысутныя падчас размовы супрацоўнікі ТДА “Камунальнік МК”, чые галасы былі запісаны на дыктафон падчас адмовы выдаць кнігу скаргаў па першым патрабаванні, адмовіліся даваць пробы голаса для фонаскапічнай экспертызы. Гэта, паводле міліцыі, і стала асновай, каб спыніць справу за недаказанасцю.
Алена Барысава адзначае, што нягледзячы на станоўчы вынік разгляду справы ў судзе на сваю карысць, яна сутыкнулася з новай формай уведамлення пра час судовага пасяджэння – аб тым, што яе справа будзе разглядацца ў судзе, яе ўведамілі СМСкай усяго за дзве гадзіны.
- Я не здолела патрапіць на судовае пасяджэнне, бо ўбачыла СМС з запрашэннем з’явіцца ў суд толькі ў другой палове дня. Пры гэтым я працую ў Мінску. Сама ж СМСка была выслана ў 9-19. У ёй паведамлялася, што судовае пасяджэнне адбудзецца ў гэты ж самы дзень у 11-30. Прыйшоўшы да суддзі, я патлумачыла, што ёй было парушана маё права на прадстаўленне і абарону сваіх правоў асабіста ў судзе, я не здолела дадаткова далучыць заявы, хадайніцтвы і доказы, і разгляд скаргі быў не поўным. На гэта суддзя Літвінава тройчы ўказала мне, што пра дату, час і месца судовага пасяджэння я была ўведамлена належным чынам, - гаворыць Алена Барысава.
Юрыст кажа, што ў дадзеным выпадку падобная форма ўведамлення за дзве гадзіны да пачатку судовага працэсу з’яўляецца недапушчальнай і сведчыць аб парушэнні разумнага тэрміна ўведамлення. Напрыклад, у крымінальнай справе цябе павінны ўведаміць за 5 сутак да пачатку разгляда справы. У адміністрацыйным працессе такі тэрмін канкрэтна не прапісаны, але павінен быць разумным і мець фіксацыю аб дастаўцы СМС. За тлумачэннем разумнага тэрміна ўведамлення пра час, дату і месца судовага пасяджэння Алена Барысава пісьмова звярнулася да старшыні суда Ленінскака раёна.