Вячаслава Касінерава судзяць за акцыю салідарнасці з антыфашыстамі
У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 26 красавіка разглядаецца адміністрацыйная справа актывіста "Пошуга" і фігуранта “справы графіцістаў” Вячаслава Касінерава. Яго вінавацяць па артыкуле 23.34 КаАП (удзел ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве), якое адбылося 8 красавіка каля будынку Упраўлення Следчага камітэта па горадзе Мінску.
Тады некалькі юнакоў правялі акцыю ў падтрымку арыштаваных антыфашыстаў, вывесіўшы расцяжку “Лапы прэч ад антыфашыстаў” і запаліўшы фаеры.
Справу разглядае суддзя Вікторыя Шабуня. Сведкамі выступілі супрацоўнік міліцыі Бохан і ягоны сябар Баёк, якія ехалі на аўтамабілі і заўважылі, што нехта вешае расцяжку на агарожу. Яны і затрымалі Касінерава.
Суддзя прыняла рашэнне адправіць пратакол правапарушэння на дапрацоўку, паколькі ў ім выявілася шмат недакладнасцей і блытаніна з часам здзяйснення правапарушэння.
У матэрыялах справы знаходзіцца фотаздымак з акцыі, які прадставілі супрацоўнікі міліцыі. Аднак, адразу заўважна, што здымак пастановачны, у чым няцяжка пераканацца, параўнаўшы фотаздымкі з акцыі, якія былі апублікаваныя на сайце “Нашай Нівы" і з матэрыялаў адміністрацыйнай справы.