Суд не адмяніў папярэджання пра недапушчальнасць экстрэмісцкай дзейнасці
Суд Ленінскага раёна г. Мінска 25 красавіка разгледзеў скаргу Жураўскага Яўгена на вынясенне ў дачыненні да яго папярэджання пра «недапушчальнасць распаўсюду экстрэмісцкай сімволікі».
Такое папярэджанне было вынесена хлопцу яшчэ 12 студзеня 2015 г. намеснікам начальніка Ленінскага РУУС Дубовікам С.Ф. На свой зварот у ГУУС Мінгарвыканкама Яўген Жураўскі атрымаў адпіску аб тым, што ён было перанакіраваны ў РУУС Ленінскага раёна.
Адтуль у сваю чаргу прыйшоў адказ, што прызначаная экспертыза па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі па канфіскаванай у хлопца маёмасці не скончаная. Менавіта таму прыняць рашэнне аб адмене вынесенага афіцыйнага папярэджання на падставе арт. 10 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб супрацьдзеянні экстрэмізму" не ўяўляецца магчымым.
Пасля гэтага Яўген Жураўскі накіраваў скаргу ў суд Ленінскага раёна, у якой указаў:
"Я не згодны з вынесеным мне папярэджаннем, так як дзеянняў, пералічаных у ч.1 арт.1 закона Рэспублікі Беларусь «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму» не здзяйсняў і не рыхтаваў.
У адпаведнасці з ч.2 арт.339 ГПК, дзяржаўныя органы, арганізацыі і службовыя асобы абавязаны прадставіць суду матэрыялы, якія паслужылі падставай для адпаведных дзеянняў (бяздзейнасці)".
І папрасіў прызнаць дзеянні УУС Ленінскага раёна неправамернымі і абавязаць адмяніць афіцыйнае папярэджаньне аб «недапушчальнасці распаўсюду экстрэмісцкай сімволікі».
Яўген Жураўскі лічыць, што падобнае папярэджанне парушае яго правы, яшчэ і таму, што цяпер да яго негатыўна ставіцца яго асяроддзе, суседзі па інтэрнаце, начальства.
Cуд, які падаўся 21 красавіка, быў перанесены на сёння з-за няяўкі прадстаўнікоў Ленінскага РУУС.
Сёння на працэс усё ж прыбылі Рачаеў і Ермалінскі - супрацоўнікі РУУС, якія канваіравалі затрыманага Яўгена Жураўскі ў ЦІП. Суду яны растлумачылі, што малады чалавек у РУУС быў дастаўлены, а не затрыманы. Супрацоўнікі Ленінскага РУУС ўгледзелі ў канфіскаваных матэрыялах прыкметы «экстрэмісцкай сімволікі», пасля чаго прынялі рашэнне аб вынясенні папярэджання. Акрамя таго, ім паступіла “ўказанне зверху” аб вынясенні папярэджання без экспертнага рашэння.
На падставе паказанняў супрацоўнікаў РУУС і тлумачэнняў заяўніка суддзя вынес рашэнне аб адхіленні скаргі, не ўдакладніўшы ў рашэнні нічога па яе сутнасці. Цяпер Яўген Жураўскі будзе прасіць азнаёміць яго з матывіровачнай часткай рашэння суда.