Міхаіл Жамчужны атрымаў кнігі ад Святланы Алексіевіч
Паводле палітвязня, выбар паміж харчовай пасылкай і творамі Нобелеўскай лаурэаткі, абумоўлены жорсткімі нормамі Крымінальна-выканаўчага кодэкса, ім быў зроблены без роздумаў.
Пра нечаканую пасылку ад Святланы Алексіевіч ён распавёў у лісце да праваабаронцы Таццяны Рэвяка:
“Мяне выбіла з графіку нечаканая пасылка ад нашай Нобелеўскай лаўрэаткі з двума яе творамі і дароўнымі подпісамі :-) Я ніяк не мог паўплываць на гэты працэс і за такі знак увагі, вядома, адмовіўся б ад усяго смачнага на цэлы год :-)”, - напісаў Міхаіл Жамчужны.
Адрасатка ліста патлумачыла, пра які збой у графіку піша палітвязень. Апынулася, што Валерый Бандарэнка, бацька зняволенага заснавальніка ўстановы “Платформ інавэйшн”, вырашыў даслаць Міхаілу харчовую пасылку, але той напісаў яму, што пакуль не трэба, бо ўсё адно яе не атрымае. Але прычынай гэтаму сталася як раз непрадбачаная пасылка з кнігамі Алексіевіч, а не перашкоды з боку адміністрацыі калоніі, што, як вядома, здараецца ў дачыненні да палітвязняў.
Нагадаем, што заснавальнік установы “Платформа” Міхаіл Жамчужны, асуджаны да 6 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму, адбывае пакаранне ў ПК-14 у Навасадах. Праваабарончыя арганізацыі Беларусі прызналі яго палітвязнем з патрабаваннем неадкладнага перагляду прынятага ў яго дачыненні прысуду пры захаванні права на справядлівае судовае разбіральніцтва.