Міністэрства абароны своеасабліва адказвае на калектыўны зварот грамадзян наконт дзедаўшчыны – бэсціць праз «Беларускую ваенную газету» праваабаронцу Леаніда Судаленку
На сайце zwarot.by быў размешчаны зварот да Міністэрства абароны, які падпісалі каля сотні грамадзян Беларусі, з патрабаваннем разабрацца з выпадкамі дзедаўшчыны ў войску і пакараць вінаватых. Гаворка ідзе пра выпадак у адной з воінскіх частак у Брэсце, калі салдаты, з якіх чынілі здзек «дзяды», збівалі іх і патрабавалі грошы, вымушаныя былі збегчы з часткі. Выпадак стаў вядомы грамадскасці дзякуючы СМІ. Абураныя грамадзяне, маючы на гэта поўнае права, запатрабавалі праз калектыўны зварот ад Міністэрства абароны справаздачы: як кіраўніцтва разабралася ў сітуацыі, ці пакарала вінаватых, ці будзе спынена, урэшце, заганная практыка дзедаўшчыны, якую часам пакрываюць камандзіры і не нясуць за гэта адказнасці.
Адказ на калектыўны зварот грамадзяне так і не атрымалі, што з'яўляецца парушэннем заканадаўства. Затое «Беларуская ваенная газета» рашуча выступіла супраць... не, не дзедаўшчыны, а ініцыятара звароту – праваабаронцы Леаніда Судаленкі.
«Каму выгадна ганьбіць беларускае войска?» - задаецца пытаннем у загалоўку артыкула выданне.
Напэўна, тым, хто пакрывае дзедаўшчыну, хто спрыяе ёй? Не, аказваецца. Гэта выгадна праваабаронцу, які, дарэчы, сам у свой час адслужыў у войску, старэйшы сын якога таксама прайшоў «школу жыцця», а зараз служыць і другі сын.
Тых, хто ўвогуле абмяркоўвае дзедаўшчыну, «БВГ» называе «зграяй крумкачоў, якія з карканнем уздымаюцца ўвысь, бударажаць наваколлі». Аўтар артыкулу, Уладзімір Кажэўнікаў, запрашае чытачоў прыгледзецца да «дробных сеткавых правакатараў», якія «хочуць напаскудзіць ваенным чыноўнікам», дзейнічаюць па дурасці і не ўсведамляюць, што «шкодзяць дзяржаве, войску».
Аўтар артыкулу выкарыстоўвае тыповыя прыёмы маніпуляцый і спосабаў адвесці ўвагу: піша пра ЗША, дзе па яго словах, праблема дзедаўшчыны стаіць так востра, як нідзе. У амерыканскім войску, па яго словах – п'янства, наркотыкі і забойствы на гэтай глебе.
«Здавалася б, далей з нагоды брэсцкага інцыдэнту і абмяркоўваць няма чаго. Цяпер кропку ў справе паставіць суд. Але не тут-то было: у Гомелі аб'явіўся нейкі праваабаронца Леанід Судаленка, гэтакі самаабвешчаны «амбудсмен», асоба ў пэўных колах вядомая < > Гэтаму спадару не ўпершыню ціснуць на дзяржаўныя органы аж праз Арганізацыю Аб'яднаных Нацый, праз яе Камітэт па правах чалавека», - піша Уладзімір Кажэўнікаў.
Па яго словах, праваабаронца, які рыхтуе скаргі ў Камітэт ААН, «ганьбіць сваю краіну». Узгадваючы зварот у Міністэрства абароны, аўтар нават «задумаўся»: «а ці цвярозы быў Судаленка, калі пісаў і заяўляў такое?».
Далей аўтар артыкулу прайшоўся па сайце «Беларускі партызан», упікнуўшы яго стваральнікаў і аўтараў у нейкім замежным буйным фінансаванні, і прыйшоўшы да глыбокай высновы, што працу сайту аплачвае той, каму «выгадна ганьбіць беларускія Ўзброеныя Сілы». Аказваецца, сервер, на якім размешчаны сайт, знаходзіцца ў Аўстраліі, і адтуль «даверлівым беларускім інтэрнэт-карыстальнікам кожны дзень спрытна прамываюць мазгі».