Аршанскія актывісты намераны правесці пікет супраць спынення будаўніцтва шпіталя
Шматпавярховы корпус шпіталя імя Сямашкі ператварыўся ў “даўгабуд”: яго не тое што не могуць здаць у эксплуатацыю – нават давесці да завяршэння будаўніцтва. Пікет з гэтай нагоды вырашылі правесці актывісты аргкамітэта па стварэнні партыі БХД.
У новым дзесяціпавярховым корпусе, будаўніцтва якога распачалося яшчэ ў 2012 годзе, і які ўзводзіцца за сродкі абласнога бюджэта, планавалі размясціць неўралагічнае, кардыялагічнае, рэанімацыйнае ды іншыя аддзяленні. Адчыніцца яны мусілі яшчэ некалькі гадоў таму, але будаўніцтва аніяк не завершыцца: у 2015 годзе працы спынілі, і аднавіць іх абяцаюць толькі ў другім квартале 2016 года. Чарговае абяцанне – увесці будынак у эксплуатацыю ў 2017 годзе. Аднак чакаць выканання чарговага абяцання гараджане стаміліся.
Актывісты аргкамітэта па стварэнні партыі БХД звярнуліся ў райвыканкам з заяўкай на пікет, падчас якога яны хочуць звярнуць увагу мясцовых уладаў не толькі на праблему “даўгабуду”. Бо аршанцаў турбуе і нездавальняючая якасць медычных паслуг, і тое, што ў горадзе, дзе шмат беспрацоўных, няўхільна растуць кошт і колькасць платных паслуг.
Менавіта ўладам адрасаваны зварот актывістаў, бо яны мала спадзяюцца на тое, што Аршанскі райвыканкам дазволіць ім праводзіць вулічную акцыю. Дазволаў на імпрэзы, прапанаваныя па іхнай ініцыятыве, аршанскім прадстаўнікам дэмакратычных сілаў не даюць з 2009 года, калі змянліся патрабаванні райвыканкама да падачы заяўкі. Да яе трэба прыкладаць дамовы на абслугоўвання акцый работнікамі ЖКГ, медыкамі і міліцыяй. Аднак заключыць такія дамовы немагчыма, бо адпаведныя структуры іх проста не аказваюць… Гэта высветілася яшчэ ў лютым 2012 года, калі ў судзе пасля чарговай забароны пікета юрысты з міліцыі і паліклінікі ў адзін голас заявілі, што ў іх нават няма прэйскуранту на паслугі паводле замоваў прыватных асоб, і ажыццяўленне такіх паслуг не ўваходзіць у іхныя прафесійныя абавязкі. Не мае прэйскуранту на прыборку тэрыторыі па замове прыватных асоб і прадпрыемства "Спецаўтабаза”.
Тым не менш, хаця б фактам падачы заяўкі актывісты аргкамітэта па стварэнні партыі БХД нагадваюць уладам пра сваё права на выражэнне ўласных меркаванняў, і пра тое, што на гэтае права, адабранае ў іх, яны не забыліся.
Дарэчы, ва ўмовах ігнаравання іх правоў на мірныя сходы і на публічнае выказванне сваіх думак, прыхільнікі БХД шукаюць і новыя спосабы, каб “дагрукацца” да ўладаў і быць пачутымі сваімі землякамі. Так, у Віцебску актывісты вырашылі прэдэманстраваць уладам сваю пазіцыю па той самай тэме, – наконт недастатковай колькасці медычных устаноў, склаўшы сатырычную песню “Віцебская пакутніцкая” і размясціўшы музычны кліп у інтэрнэце.