viasna on patreon

МУС: «Публічнае ўпамінанне нацыянальнай прыналежнасці злачынцаў не накіравана на распальванне варожасці»

2016 2016-03-21T17:30:27+0300 2016-03-21T17:30:28+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/milicyjaner.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства ўнутраных спраў у асобе начальніка ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў Канстанціна Шалькевіча дало адказ на заяву гомельскіх праваабаронцаў Марыі Клімовіч і Алеся Яўсеенкі. Заяўнікі прасілі МУС прыняць меры, каб супрацоўнікі міліцыі не абражалі ў СМІ нацыянальныя пачуцці прадстаўнікоў цыганскай дыяспары і не распальвалі міжэтнічную варожасць.
Праваабаронцы нагадалі міністру, што больш за тры гады таму, у чэрвені 2012 года, яны ўжо прасілі МУС давесці да ведама супрацоўнікаў міліцыі, што публічна ўказваць на нацыянальную прыналежнасць злачынцаў супрацьзаконна, таму што ўсе нацыянальнасці ў нашай краіне роўныя перад законам, і неэтычна – таму што ніводная этнічная група не можа складацца толькі з крымінальных элементаў. У адказе з МУС у 2012 годзе паведамлялася, што «сярод супрацоўнікаў рэгіянальных аддзелаў унутраных спраў увесь час вядзецца тлумачальная праца ў мэтах недапушчэння канкрэтызацыі расавых, этнічных і рэлігійных прыкметаў злачынцаў і правапарушальнікаў».
Аднак супрацоўнікі міліцыі ў розных рэгіёнах Беларусі, відаць, ігнаруюць рэкамендацыі МУС. Так, 9 студзеня ў газеце «Кобрынскі веснік» з'явіўся артыкул з загалоўкам «Не попадитесь на уловки цыган» за аўтарствам оперупаўнаважанага аддзелу крымінальнага вышуку Кобрынскага РАУС Дзегцярука. Ужо сам загаловак сведчыць, што артыкул носіць дыскрымінацыйны характар.
Газета «Маяк Палесся» (Гомельская вобласць) у снежні 2015 года паведаміла, што міліцыя затрымала групу грамадзян толькі па той прычыне, што яны належалі да цыганскай нацыянальнасці: «У машыне знаходзілася пяць чалавек… Можна выказаць здагадку, што яны хацелі пажывіцца за кошт мясцовых жыхароў».
Праваабаронцы спадзяваліся, што міністр зверне ўвагу сваіх падначаленых на неабходнасць выканання заканадаўства – забарону дыскрымінацыі па нацыянальнай прыкмеце. (http://spring96.org/be/news/82291)
Начальнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС у першых радках адказу праваабаронцам праінфармаваў іх, што ў 2015 годзе асобамі цыганскай нацыянальнасці здзейснена каля 400 маёмасных злачынстваў (крадзяжы, рабаўніцтва, махлярства), больш чвэрці з якіх – на тэрыторыі Гомельскай вобласці. Далей Канстанцін Шалькевіч прыводзіць выпадкі, як цыганы абрабавалі людзей ці здзейснілі махлярства ў розных населеных пунктах Беларусі. «Гэты спіс можна працягваць і далей. Аналіз крымінагеннай сітуацыі сведчыць, што ў большасці выпадкаў злодзеямі, якія пранікаюць у дамы пенсіянераў пад выглядам сацыяльных работнікаў і іншых службаў, варажбітак, пад нагодай нешта прадаць, з'яўляюцца менавіта асобы цыганскай нацыяльнасці», - сцвярджае прадстаўнік МУС.
Вяртаючыся да лічбаў, варта дадаць, што ў 2015 годзе ў Беларусі, па статыстыцы МУС, былі зарэгістраваны больш за 96 тысяч злачынстваў. Толькі Канстанцін Шалькевіч не падае дадзеную лічбу ў адказе праваабаронцам і не піша, якой нацыянальнасці былі тыя людзі, якія здзейснілі 96 тысяч злачынстваў.
Начальнік упраўлення піша, што ўпамінанне ва ўнутраных дакументах, арыенціроўках ці СМІ аб прыналежнасці да цыганскай народнасці звязана «выключна са службовай неабходнасцю: у мэтах аператыўнага апазнання зламыснікаў і раскрыцця злачынстваў, абароны грамадзян і павышэння іх пільнасці».
Наяўнасць максімальна магчымага набору характарыстык (колер валасоў, адзення, рост і так далей) спрыяе больш аператыўнаму ўстанаўленню асобы злачынцы. «Нармальнай, сталай практыкай ў гэтай сувязі з'яўляецца і выкарыстанне выразаў «каўказскай знешнасці», «азіяцкай знешнасці», «з цёмным колерам скуры». Відавочна, што па знешніх прыкметах прадстаўнікі цыганскай народнасці аб'ектыўна адрозніваюцца ад славян, якія ў большасці жывуць на тэрыторыі Беларусі (напрыклад, у некаторых еўрапейскіх краінах прыналежнасць да цыганскай народнасці не будзе з'яўляцца адметнай прыкметай пры апісанні злачынца з-за валодання такой прыкметай большасцю насельніцтва)», - даводзіць Канстанцін Шалькевіч.
Ён лічыць, што «публічнае ўпамінанне нацыянальнай (этнічнай) прыналежнасці злачынцаў у якасці кваліфікацыйнай прыкметы ў мэтах прафілактыкі і раскрыцця злачынстваў ні ў якім разе не накіравана на ўціск нацыянальных пачуццяў ці распальванне міжэтнічнай варожасці і выкарыстоўваецца ў выключных выпадках».
«Павелічэнне павышанай увагі да формы падачы афіцыйнымі крыніцамі матэрыялаў у СМІ ў многім заснавана на здагадках, якія не маюць падстаў. Павелічэнне колькасці злачынстваў, здзейсненых цыганамі ў асобна ўзятай мясцовасці, вядзе да неабходнасці правядзення органамі ўнутраных спраў прафілактычнай інфармацыйнай працы з насельніцтвам, у тым ліку праз СМІ. Негатыўную ж рэакцыю на такую працу можна расцэньваць як лабіраваннне стварэння ўмоў для ўхілення цыганоў ад адказнасці за здзейсненыя злачынствы», - падкрэсліў начальнік упраўлення.
Ён дадаў, што МУС не валодае дадзенымі аб фактах здзяйнення ў адносінах да цыганоў злачынстваў па нацыянальнай прыкмеце.
«Канечне, МУС не ставіць мэту закрануць нацыянальныя пачуцці законапаслухмяных цыганоў, але ў тым жа і бяда, што закранае! Чаму нельга апісаць знешнасць злачынцы, не канкрэтызуючы, да якой этнічнай групы ён належыць? Дарэчы, ёсць рома са светлымі валасамі, некаторыя жанчыны фарбуюць валасы... Што да адсутнасці сур'ёзных канфліктаў на нацыянальнай глебе, то, калі б я верыла ў забабоны – папрасіла бы Канстанціна Шалькевіча пастукаць па стале. Бо я сама была не раз сведкам, калі цыганоў абражалі мінакі менавіта з-за нацыянальнасці. А скардзіцца ў міліцыю цыганы будуць толькі ў самым крайнім выпадку – міліцыя ставіцца да іх прадузята, у тым мы ў каторы раз пераканаліся», - пракаментавала Марыя Клімовіч.
Яе калега, сябра БХК Віктар Адзіночанка лічыць, што дадзены адказ з МУС – не па сутнасці. «Заяўнікі пісалі пра канкрэтны артыкул у газеце «Кобрынскі веснік» пад загалоўкам «Не попадитесь на уловки цыган», які быў падпісаны канкрэтным чалавекам — супрацоўнікам РАУС. Ужо з назвы артыкула вынікае, што ўсе цыганы — махляры. А як бы мы адрэагавалі, калі б загаловак быў, напрыклад «Бойцеся беларусаў, якія могуць абрабаваць»? У адказе з МУС падаюцца звесткі, што асобы цыганскай нацыянальнасці здзейснілі за год 400 злачынстваў. А колькі здзейснілі беларусы? Безумоўна, артыкул у газеце «Кобрынскі веснік» мае абразлівы для цыганоў характар. Міліцыя павінна ведаць Крымінальны кодэкс, артыкул 130 якога гаворыць пра распальванне расавай, нацыяльнай ці рэлігійнай варожасці. Такія дзеянні — злачынства, а такія артыкулы – дыскрымінацыя. У газетах не пішуць артыкулы з загалоўкамі «Беларусы абрабавалі краму». Бо трэба пісаць «Злачынцы абрабавалі», а не беларусы, ці цыганы», - пракаментаваў праваабаронца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства