viasna on patreon

Уладзіміра Мацкевіча судзілі за мітынг, у якім ён не ўдзельнічаў

2016 2016-03-15T14:12:00+0300 2016-03-16T12:10:22+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud_mackevich.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Суд над Уладзімірам Мацкевічам, фота з сацыяльных сетак

Суд над Уладзімірам Мацкевічам, фота з сацыяльных сетак

15 сакавіка ў судзе Цэнтральнага раёна праходзяць судовыя працэсы за ўдзел у мітынгах прадпрымальнікаў, што адбыліся 15 і 22 лютага, над Уладзімірам Мацкевічам, Паўлам Сяргеем, Анатолем Лябедзькай, Нінай Багінскай і Дзмітрыем Кавалгіным. Суддзя Вікторыя Шабуня.

У 10.00 пачаўся разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненні да грамадска-палітычнага дзеяча Уладзіміра Мацкевіча па ч.1 арт. 23.34 КаАП. Суддзя дазволіла відэаздымку падчас працэсу. Сведкі – супрацоўнікі АМАПу Якаўлеў Ілля і Шушко Аляксандр паказваюць, што бачылі Уладзіміра Мацкевіча на мітынгу 15 лютага, ён трымаў расцяжку “Працу!”. Супрацоўнік міліцыі Прэсняк Дзяніс складаў рапарт аб адміністрацыйным правапарушэнні і нібыта апытваў двух іншых сведкаў, але пра гэта няма ніякіх дакументаў у матэрыялах справы.

Юрыст Аляксей Казлюк, які прысутнічае ў залі суда, напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку:

Сенсацыя! Мацкевіч Уладзімір робіць заяву! Суду прадстаўленыя авіябілеты і штампы ў пашпарце аб тым, што 14 лютага ён паляцеў з Мінску, а 16 - прыляцеў. Праходзіў пашпартны кантроль. Шах і мат!

Aliaxej Kazliuk

Суддзя В. Шабуня задаволіла хадайніцтва аб далучэнні авіабілетаў і копіі пашпарта да матэрыялаў справы. Сведкі працягваюць настойваць, што бачылі менавіта Уладзіміра Мацкевіча і не памыліліся ў  сваіх паказаннях.

Але адсутнасць у краіне Уладзіміра Мацкевіча 15 лютага не пераканала суддзю Вікторыю Шабуню, і яна вынесла пастанову аб накіраванні адміністрацыйнай справы на дапрацоўку ў РУУС Цэнтральнага раёна.

Наступную справу разглядаюць у дачыненні да сацыяльнага актывіста Паўла Сяргея. Ён прызнае, што прымаў удзел у мітынгу, але не ведаў санкцыянаваны ён ці не, віну не прызнаў.

"Цемрашальства судзіць людзей за выхад на акцыі пратэсту і выказванне сваёй пазіцыі", - кажа Павел Сяргей у судзе.

На судзе выступаюць усё тыя ж сведкі Ілля Якаўлеў і Аляксандр Шушко, якія сцвярджаюць, што малады чалавек трымаў расцяжку "Студэнты, прадпрымальнікі, хто наступны?" і паводзіў сябе непрыстойна. А. Шушко падыходзіў да Паўла Сяргея на мітынгу і запытваў яго: "Зноў парушаеш заканадаўства?"

Абаронца Паўла Сяргея звярнула ўвагу суда, што для рашэння недастаткова паказанняў толькі двух сведкаў-міліцыянтаў, некаторыя фатаздымкі ў справе не аформленыя належным чынам, а свабода сходаў і меркаванняў прадугледжаны не толькі Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, але і міжнароднымі пагадненнямі. Прасіла спыніць справу за малазначнасцю і вызваліць ад адміністрацыйнай адказнасці.

Аднак, суддзя Вікторыя Шабуня не пачула довадаў абароны, палічыла Паўла Сяргея вінаватыў у здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння па ч. 3 арт. 23.34 КаАП “Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў, здзейсненнае паўторна на працягу аднаго года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такія ж парушэнні” і прысудзіла да штрафу ў 50 базавых велічынь (10 мільёнаў 500 тысяч беларускіх рублёў).

У 12.40 пачалі разглядаць справу аб адміністрацыйным правапарушэнні па ч. 3 арт. 23.34 КаАП, па якой вінавацяць старшыню Аб'яднанай грамадзянска партыі Анатоля Лябедзьку. Усяго па гэтай справе праходзіць ажно шэсць сведкаў.

Анатоль Лябедзька заявіў адвод суддзі Вікторыі Шабуні, абгрунтаваўшы гэта тым, што:

  • для яго В. Шабуня не суддзя, а чыноўнік;
  • ён мае недавер да суддзі, таму што ў папярэдніх працэсах былі фальсіфікацыі ў выніках і ў паказаннях сведкаў;
  • лічыць, што на сённяшнім паседжанні па Уладзіміру Мацкевічу рашэнне адправіць справу на дапрацоўку, а не закрыць яе, з'яўляецца палітычна матываваным;
  • спасылаецца на тое, што Міжнароднае права мае большы юрыдычны моц, чым нацыянальнае заканадаўства, і што ў Беларусі няма незалежнай судовай сістэмы.

Суддзя адхіліла адвод. Працягнулі разглядаць справу без перапынку на абед. Дзве справы аб удзеле ў мітынгах прадпрымальнікаў 15 лютага і 22 лютага аб'ядналі ў адно судаводства.

Сам Анатоль Лябедзька заявіў, што на мітынгах быў, але віну сваю ў гэтым не бачыць. Свае дзеянні абгрунтоўвае статутам АГП, асноўнай місіяй якой з'яўляецца абарона грамадзян Рэспублікі Беларусь. Лічыць, што вынікі судовага паседжання прадказальны і ўжо гатова пастанова аб пакаранні яго штрафам у 50 базавых велічынь. Просіць суддзю быць больш арыгінальнай і даць штраф у 49 базавых велічынь, ці 5 сутак.

Выступаюць сведкі па мітынгу ІП 15 лютага супрацоўнік АМАПу Мікалай Янкоўскі, пасля - яго калега Ігар Бусенкоў. Анатоль Лябедзька запытаў у кожнага з іх, дзе напісана, што забаронена казаць "Жыве Беларусь!". Распытвае таксама пра санкцыянаванне мерапрыемства, пры гэтым І. Бусенкоў атрымаў інфармацыю, што мерапрыемства несанкцыянаванае, хаця яго калега М. Яноўскі такой інфармацыі не атрымліваў. Палітык лічыць, што адзін са сведкаў хлусіць.

"Супрацоўнік міліцыі, які ведае, што адбываецца правапарушэнне, адпаведна закону "Аб органах унутраных спраў" абавязаны папярэдзіць, што чалавек здзяйсняе правапарушэнне, і абавязаны спыніць такое правапарушэнне. Але аказваецца М. Янкоўскі атрымаў "інструкцыі назіраць", - абураецца Анатоль Лябедзька.

Наступны сведка Прэсняк Дзяніс дае такія ж паказанні, як і папярэднія. Абвінавачаны пытанняў не задае, бо не хоча размаўляць "з ілжывым чалавекам".

Далей суд разглядае адміністрацыйнае правапарушэнне, нібыта здзейсненае Анатолем Лябедзькай на мітынгу прадпрымальнікаў 22 лютага. Сведкам выступае супрацоўнік міліцыі Яўген Санкевіч. Ён кажа, што да Анатоля Лябедзькі падыходзілі супрацоўнікі міліцыі складаць пратаколы. Аднак, палітык сцвярджае, што міліцыянтаў да яго не падпусцілі фізічна. І сведка ўжо кажа, што не чуў, а толькі бачыў гэты момант. Я. Санкевіч не можа ўспомніць ні аднаго з міліцыянтаў, што падыходзілі да абвінавачанага.

Наступны сведка Ярмак Анатоль (прозвішча недакладна) упэўнены, што супрацоўнік міліцыі ўсё ж падышоў да Анатоля Лябедзькі падчас мітынгу і папярэдзіў яго, што ў дачыненні да яго будзе складзены пратакол. Наступным выступае інспектар ОУС Кухта Аляксандр, які складаў пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Апытаўшы ўсіх сведкаў, суддзя Вікторыя Шабуня вынесла пастанову аб накладанні на Анатоля Лябедьку штрафу ў памеры 50 базавых велічынь.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства