У Бярозе пададзена заява на пікет да Дня Волі
Бярозаўскія праваабаронцы Сяржук Русецкі, Тамара Шчапёткіна і грамадская актывістка Таццяна Тарасевіч падалі заяву ў мясцовы раённы выканаўчы камітэт на пікет да Дня Волі -- 98-х угодкаў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
Пікет запланаваны з 18 да 19 гадзін 25 сакавіка каля ўваходу на мясцовы Цэнтральны стадыён на галоўнай вуліцы горада. Пры гэтым заяўнікі адзначылі, што пры неабходнасці ўлады могуць прапанаваць іншае месца, калі ў гэты дзень і час на стадыёне плануецца іншае масавае мерапрыемства.
Паводле заяўнікаў пікету, сярод мэтаў пікета ёсць і выказванне пратэсту супраць указа №222, які пагоршыў умовы працы індывідуальных прадпрымальнікаў, і дэкрэту №3 “аб дарамаедах”.
-Калі паўсюль аказваецца дапамога беспрацоўным, то ў нас не даюць прадпрымальнікам працаваць, людзей з прадпрыемстваў звальняюць, каб тыя пасля яшчэ і падаткі плацілі дзяржаве за дармаедства, -- кажа праваабаронца Сяржук Русецкі.
Нагадаем, што адмова на правядзенне папярэдняга пікета, які планаваўся да Дня правоў чалавека 10 снежня, была абскарджана ў раённым судзе, а зараз скарга знаходзіцца ў касацыйнай інстанцыі.