viasna on patreon

Грамадскаму актывісту са Светлагорску Юрыю Ляшэнку зноў пашкодзілі аўтамабіль

2016 2016-03-08T00:55:01+0300 2016-03-08T00:55:12+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/liashenka-jury-svetlagorsk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Юры Ляшэнка.

Юры Ляшэнка.

Ці так сістэмна не шанцуе, ці дзейнічаюць нейкія «знешнія» дэманскія сілы – грамадскаму актывісту са Светлагорску Юрыю Ляшэнку двойчы за некалькі дзён сур'ёзна пашкодзілі аўтамабіль, прычым напярэдадні значных мерапрыемстваў у Мінску, куды ён быў запрошаны. Варта адзначыць, што для актывіста аўтамабіль сапраўды не раскоша, а сродак перамяшчэння – Юрый Ляшэнка інвалід першай групы, і таму менавіта на адмысловым аўтамабілі ён можа патрапіць ў пункту А у пункт В, пакуль безбар'ерны асяродак у Беларусі - дэкларацыя ў большай ступені.

Так, напярэдадні выезду па справах за межы райцэнтру ранкам актывіст назіраў такую карціну: аўтамабіль на месцы, вось толькі колаў няма. Міліцыя па выкліку прыехала не адразу, маўляў – звяртайцеся ў страхавыя арганізацыі. «Аўтамабіль у мяне - «Крайслер», і таму мне цяжка верыцца, што колы скралі банальныя злодзеі, бо куды і каму яны іх прададуць? Варта было б красці колы з папулярных і хадавых марак у такім выпадку», - заўважыў актывіст. Ён звярнуўся і ў міліцыю, і ў страхавыя арганізацыі. А тым часам набыў за свае сродкі новыя колы.

Наступным ранкам нічога не перашкаджала, каб выехаць па грамадскіх справах у Мінск, на аўтамабілі з новымі коламі. «Але як толькі я ад'ехаў ад Светлагорску – з-пад капоту паваліла пара! Я выклікаў спецыялістаў, рамонтнікаў, ніхто не мог даць рады. Пачалі ўважліва разбірацца, і выявілі – у трубцы ў так званай «лядоўні», сістэме ахалоджвання, - дзіркі. Дзве дзіркі. І гэта ў алюмініевай трубцы. Я гэтую сістэму ахалоджвання завёз на экспертызу ў Мінск, і буду чакаць адтуль адказу – адкуль, якім чынам там маглі з'явіцца дзіркі, а потым буду звяртацца ў органы, хаця на іх у мяне мінімальная надзея», - падкрэсліў Юрый Ляшэнка.

Нагадаем, прыкладна год таму, 16 лютага 2015 году ён накіраваў заяву ў міліцыю з патрабаваннем высветліць асобы невядомых, якія пашкодзілі яго аўтамабіль, што магло прывесці да ДТЗ і пагражала жыццю і здароўю заяўніка. Па словах грамадскага актывіста, 15 лютага 2015 года ён вяртаўся ў Светлагорск на сваім аўто і адчуў стукат і вібрацыю. Ён заехаў на запраўку і папрасіў выпадковых кіроўцаў паглядзець – што не так з аўто. Тыя высветлілі, што задняе левае кола ледзь трымаецца. Даехаўшы да станцыі тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіляў, Юрый Ляшэнка даведаўся ад майстра, што ўсе колы яго аўто адціснуты. Зварот у міліцыю з гэтай нагоды плёну не прынёс – вінаватых не знайшлі, так як і не знайшлі вінаватых у выпадках пранікнення ў кватэру актывіста, калі ён быў у Польшчы. Па вяртанні з суседняй краіны Юрый Ляшэнка заўважыў, што ў кватэры былі невядомыя – пераварушылі тэчкі з дакументамі, пераставілі месцамі розныя рэчы... А міліцыя разводзіць рукамі: вінаватых няма, не выяўлена, не знойдзена.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства